Выбрать главу

Ён усміхнуўся: як ты будзеш крычаць, калі дачка такая прыгожая, слаўная, пазірае i смяецца, а то i папросіцца на рукі, абаўе шыю i шчабеча: «Мой татка!»

— Але не магу я без яе... Як падумаю, што трэба аддаць яе бацькам, каб пераехаць да цябе i быць у горадзе, дык плачу... Лепш буду я з ёю тут чакаць цябе...

— I я чакаю суботы, каб паехаць да вас, пабыць з вамі...

— Ну, ладна, Міша, — супакоілася жонка.— Давай паставім сала ў печ, пагрэем. Ды i цішэй гавары, а то Аньку разбудзім, — прамовіла, абняла яго за шыю.— Не магу я так, паасобку, болей, дарагі... Не магу...

— Ну, мацуйся, — папрасіў ён, — не ўсё ж лёгка даецца. Ніхто нам не паможа, што самі зробім, тое i будзем мець.

— Табе добра так гаварыць...

— I мне нялёгка, — прамовіў ён, — але думаю, што даб'ёмся свайго i стане лягчэй. Абы мы з табой разумелі ўсё гэта i трымаліся.

— Можа, i твая праўда...- Яніна прылашчылася, пацалавала.- Мне з табою лёгка, з табою я спакойная i нічагусенькі не баюся. Калі адна тут, дык ўсяго надумаюся... A з табою я веру, што ўсё добра будзе...

Русовіч пацалаваў жонку, Яніна тулілася да яго i, мусіць, ужо радавалася, што ён прыехаў, i зноў, як раней, ціхенька заплакала ад пяшчоты.

— Паглядзі, што я табе прывёз, — сказаў ён, раскрыў сумку i падаў пакункі, якія купіў на днях.

Жонка, пакуль ён распранаўся, выцерла слёзы, разгарнула паперу з пакункаў, убачыла хустку, завязала яе i падышла да люстэрка, паглядзелася, азірнулася, каб i ён паглядзеў на яе. Цяпер яна здавалася прыгожаю як ніколі. Русовіч глядзеў i радаваўся.

— Дзякую, — Яніна цмокнула яго ў шчаку, разгледзела другія пакункі.— Ну, во i добра, што шаравары Аньцы ўзяў. Зусім падрала тыя, сёння латала ix. Смяецца гаспадыня: у горад прагнеце, а латанае носіце. Не разумее, што я кожную капеечку берагу... I ты, мусіць, заплаціў за кватэру, сталаваўся, патраціўся на падарункі, то будзеш на дарогу прасіць у мяне...

— Буду, — усміхнуўся, прытуліўся да яе.— Добра ведаеш, якi я багацей...

...— Ну, скажы ты мне ласкавае слова якое, — прашаптала яна, калі яны павячэралі, прыбралі стол, памылі посуд, ляглі спаць.

— Што табе сказаць?— спытаў ён.— Ты мне «нешта» сваё скажы...

— Пасля... Спачатку ты скажы, ці любіш мяне.

— Я ж табе гэта ўжо даўно гаварыў, — усміхнуўся ён, пагладзіў яе па валасах, па шыі, — Яшчэ тады, калі думаў замуж узяць.

— А ты яшчэ раз скажы, — Яніна заплюшчыла вочы, пацалавала яго ў шчаку.

— Ну, так, — усміхнуўся ён, адчуваючы, што дома ўсё добра, што жонка паклікала яго толькі таму, што засумавала. Але ён не мог крыўдзіцца. Прыгарнуў жонку да сябе, пацалаваў.

— Родненькі, забяры ты мяне адгэтуль... Не магу я адна, хачу быць толькі з табою. Як падумаю, што магла б у любую мінуту падысці да цябе, прыхінуцца, сказаць ласкавае слова, дык так стане на душы... Мы ж маладыя, толькі цяпер нам жыць i радавацца...

— Ну, ты ж павінна разумець, — сказаў ён, адчуваючы нейкую перамену ў ёй, гадаючы, ад чаго яна магла быць.

— Розумам то я ўсё разбіраю, — згадзілася Яніна.— Але сэрцам...

— Ну, усё будзе добра, — супакойваў ён, гаворачы тыя словы, якія гаварыў ёй ужо часта, крышку крыўдзячыся, што яна сёння да яго нейкая абыякавая.

— Міленькі! Як добра, што ты ёсць. Што я рабіла б, каб не было цябе?— яна ўзнялася, прылегла на яго плячо i палажыла яму галаву на грудзі.

— Нехта другі быў бы, — пажартаваў ён.

— Што ты гаворыш! Я не хачу i думаць пра гэта, — гаварыла Яніна.— Каб не ты, я была б нешчаслівая. Ну, скажы, Міша, ці ёсць на свеце такія людзі, якія так любяць адно аднаго?

— Відаць, ёсць, — усміхнуўся ён, чакаючы, калі яна нагаворыцца i супакоіцца, дасць волю сваім пачуццям.

— Ох, ты, мае шчасце, гора i бяда. Усё ты маё... Адкуль ты ўзяўся такі? Аж страшна, калі падумаю, што мы ж маглі i не сустрэцца...

— Маглі... Гэта i ёсць тое, дзеля чаго ты выклікала мяне?

— Не, — прамовіла Яніна i адразу неяк пасумнела.

— А што?— зноў усміхнуўся ён: «Што ж яна хацела мне сказаць, акрамя ўсяго гэтага?»

— Ёсць адно такое...

— Ну, скажы, — спакойна папрасіў ён, — хоць я ўсё роўна вельмі рады, што ты выклікала мяне.

— Цяжарная я...— сказала яна i прыціхла.

Ён, пачуўшы гэта, зразумеў, чаму яна так сёння сустрэла яго, нават здзівіўся, як яна здолела дасюль маўчаць пра гэта.