Выбрать главу

— Я не пра гэта...— ціха прамовіла дачка.— Але я скажу праўду. Мне а ж забалела сэрца, што мама лічыць цябе за самага справядлівага, толькі i думае пра цябе, слепа табе верыць, а мае пачуцці ды пачуцці майго жаніха не ставіць i ў грош. Дык я ў злосці не стрымалася i сказала ўсё...

— Што такое? — не зразумеў ён.— Кажы ясна.

— Я сказала, які ты на справе, як дзякуеш, — голас яе задрыжаў.— Сказала, што ты абманваеш, маеш жанчыну...

Навіцкі i зазлаваўся, i разгубіўся:

— Што ты пляцеш, зялёнае дзяўчо?

— Ладна, тата, перада мною не трэба...— Тоня прыплюшчыла вочы, ківала перад сабою праваю рукою, — Я ўсё ведаю. I Элачку тваю прыгожанькую знаю...

Навіцкі не дапытваўся, адкуль яна гэта ўведала. А дазнацца яна магла «па сакрэце» ад некаторых знаёмых супрацоўніц, якія, можа, пра ўсё ўжо i здагадваліся; ён прамаўчаў, адвярнуўся, апусціў галаву і абхапіў твар рукамі: вось гэтая звестка i падкасіла ўражлівую жонку.

Адчуў, як хіснулася, нібы ў землятрус, пад ім зямля і, здаецца, паплыла-паплыла.

— Ідзі адгэтуль...— без злосці i без крыўды шапнуў ён, адчуў, што яму стала горача-горача ў твар, нешта цёплае цяжкае хлынула ў скроні i ў патыліцу, ад чаго раптоўна пацямнела ў вачах.

— Гэта, ведаеш... Сам ведаеш, што гэта...— дачка не пайшла, а засталася i не змаўкала, гаварыла: — Але я вельмі каюся, што не стрымалася. Як толькі мама ачуняе, я папрашу ў яе прабачэння, пастараюся даказаць, што я згарача зманіла. А ты... Сам думай, што рабіць...

Навіцкі чамусьці неяк раптоўна аглух, хіснуўся i ўпаў тварам на халодны падлакотнік канапы, ударыўся пераноссем — але болю не было, зрабілася неяк мляўка, лёгка, i гэтая слабасць нібы зацягвала ў глыбокую ваду.

— Та-та! — як з-пад зямлі ці з-за тоўстай сцяны пачуў ціхі даччын голас, пасля зусім перастаў яе чуць, як заснуў.

Пасля нешта халоднае закапала на твар — i ён, здаецца, прачнуўся, адчуў, што яму не лёгка, а вельмі цяжка: вельмі моцна тахкае сэрца, коле, i водгаласкі гэтага болю аддаюцца аж у скронях. Але ён з радасцю адчуў, што сэрца яшчэ вытрымала моцнае ўзрушэнне.

Тоня, якая палівала з кубка на далонь ваду i пырскала ёю ў твар, падала кубак, i ён узяў яго дрыготкай рукой, звонка стукаючы ім аб зубы, адпіў крыху, адчуў, як адразу яму лягчэе.

— Дзякую, — прашаптаў ён, выцер рукавом мокрую бараду, убачыў, што прыбег сюды i сын, стаіць i са сполахам лыпае на яго велікаватымі вачыма.— Ідзіце. Я хачу пабыць адзін. Скажы толькі, калі ласка, — ён зірнуў на дачку, — у якую бальніцу забралі маці...

Тоня сказала, кіўнула брату ды яшчэ раз зірнула на яго i выйшла з пакоя.

Навіцкі, як застаўся адзін, адчуў, як мацней закалацілася рука, якая трымала кубак. Ён яшчэ крыху выпіў вады, абліў ёю бараду i грудзіну, падняўся, паставіў кубак на стол. Хіснуўся, абапёрся рукамі аб сцяну. Асцярожна падаўся ў дзверы, а пасля па калідоры ў прыхожую — да плашча.

Ішоў, пераадольваў дрыготку ў каленях i адчуваў, што за сёння не толькі сіламі, здароўем, але i душою пастарэў самае малое на пятнаццаць гадоў, хоць — добра разумеў — гэтыя бясчасныя гады прыйшлі не толькі за сённяшні дзень...

1976

Міхаіл Апанасавіч i Каця

Конюх Мікола — у старой, выбеленай ад вотруб'я фуфайцы, у падвязанай на патыліцы шапцы-вушанцы, якая ўнізе выпацела, выцерлася аб шыю i была без падкладкі, у гумовых ботах, чырванашчокі — вывеў з цёплай канюшні высокага, белага, з чорнымі плямамі на баках каня, падвёў яго да калёс i паставіў між аглабель.

— Дзякую, — сказаў Міхаіл Апанасавіч, бачачы, што конюх не толькі апускае долу лейцы, але i бярэцца за хамут, які ляжаў ужо на добра падмазаных калёсах.— Я сам запрагу.

— Ды ладна, мы — людзі не ганаровыя, паможам... А то, можа, ўжо i забыўся, як ушчэмліваюць каня ў аглоблі...— пажартаваў вельмі вясёлы сёння Мікола, мігам беручы хамут i нацягваючы яго на задраную ўверх конскую галаву, а пасля пераварочваючы гужамі ўніз.— Станеш гаспадаром у Каці, то на чарку калі заклічаш...

«Хоць крыху i старэйшы я па гадах, але настаўнік пачатковых класаў, а ix не так цэняць, як настаўнікаў старэйшых класаў. Словам, не надта салідны...— падумаў Міхаіл Апанасавіч.— Вось ён так смела i гаворыць са мною, пакеплівае...»

— Чаго маўчыш, як вады ў рот набраў?— як здзівіўся Мікола, папраўляючы пад хамутом конскую грыву, зірнуў, шырока раскрываючы белазубы рот, вышэй i ніжэй якога сінелася густая невялікая шчэць.— Мусіць жа, ужо добра прыгрэўся ля яе? Га? Недарэмна, я табе скажу, зусім недарэмна, — пры гэтым ён хітра прыжмурыў левае вока, — яна ўхапіла цябе ў кватаранты. Нябось хлопца якога маладога ці дзяўчыну не ўзяла, а цябе во, сталага, пад свае гады, так сказаць, прыняла...