Выбрать главу

...Каця, невялікая ростам, не зусім тонкая, але i не поўная, вельмі загарэлая на твары, дужая i здаровая кабета, вярнулася з саўгаснага поля позна, калі ён, Міхаіл Апанасавіч, прыехаў з лесу, адвучыў другую змену i прыйшоў дахаты.

— Вы, мусіць, вельмі прагаладаліся ўжо? — сустрэўшыся ў двары, усміхнулася яна, усміхнулася, хоць была i стомленая.

— Ды не, — адказаў ён, адчуваючы, што напраўду хоча есці, але не стаў прыспешваць, каб яна тут жа гатавала вячэру: ведаў, што ёй яшчэ шмат клопатаў ды працы па гаспадарцы.

Ён з хвіліну пазіраў на яе кругленькі твар з невялікім роўным носам, з чырвонымі ад ветру i дажджу шчокамі, бачыў маладое здароўе на ім, заўважаў гарэзныя агеньчыкі ў яе кругленькіх вочках, адчуваючы сарамлівае хваляванне. А як яна яшчэ ўсміхнулася, зірнула пільна i з нейкім маладым выклікам, зусім разгубіўся, заміргаў, збянтэжыўся, чуючы, як у горле перахоплівае дыханне.

— Зараз, людзі мае, усё зладзім...— спахапіўшыся, што шмат стаіць, Каця неяк ненатуральна моцна i бадзёра загаварыла да дачок, загадала тым абіраць бульбу, а сама скінула фуфайку, атрэпала яе аб плот ад пяску, застаючыся ў даўгаватай сукенцы, пачала ўходжвацца.

Работа, як кажуць, гарэла ў яе руках. Яна хутка i амаль у адну хвіліну рыхтавала едзіва свінням i курам, насіла гэта ў загарадкі i праз міг ужо вярталася адтуль з трэскамі, бегла да нечага іншага. Зрэдку кідала на яго хуткія позіркі і, пылаючы суха на шчоках, усміхалася.

Міхаіл Апанасавіч, бачачы гэта i трывожачыся, прысеў на лаўцы, што была ля сцяны, пад кухонным акном. Пасядзеў з хвіліну, i як убачыў, што вярнулася з пашы карова, падняўся, адчыніў ёй весніцы. Каця вынесла з дрывотні i кінула ў куток двара ахапак звялай канюшыннай атавы — i карова ахвотна падышла да яе, узялася есці, раз за разам матляючы галавою, ад чаго закідвала на спіну траву. А Каця ўжо праз міг была ў хаце, загадвала дочкам падпальваць у печы i ставіць варыць бульбу.

Ухадзіўшыся, Каця вынесла з хаты гаршчок з цёплаю вадою, вымыла ёю каровіна вымя, абцерла яго сухім ручніком, села на столачку i пачала даіць. Пачуўшы пах сырадою, прыбег аднекуль з-за хлява рыжаваты кот, падняў кароткі хвост, замяўкаў, тручыся ля гаспадыніных ног.

— Естачкі захацеў?— жартам падражніла яго Каця.— Ах ты, стары гультай! А хто ж мышэй будзе лавіць? Бегаюць вунь па кладоўцы, гарцуюць, як коні...

Міхаіл Апанасавіч, зноў седзячы на лаўцы, усміхнуўся, бачачы, што гаспадыня вельмі паважае ката i сабаку, хоць не раз i кажа, што «замест гэтых гультаёў можна было б выкарміць добрага падсвінка», але зводзіць ката i сабаку не збіраецца.

— Ну, як там, Апанасавіч, мае вучаніцы? — запытала Каця ў яго, бачачы, што ён сядзіць паблізу i саромеецца, запытала, хоць i добра ведала, што ён не вучыць яе дачок.— Усё гаварэця, каб я ведала.

— Дзеці як дзеці, — адказаў ён.— Ніхто на ix не наракае. Старанныя, працавітыя.

— Працуюць, бо жыццё прывучыла...— уздыхнула Каця.— Большая то кожны год добра вучыцца, а вот меншая кепска... Ды i здароўе яе кепскае... Усё галава баліць...

— Двоек жа i меншая не мае... Падрасце, то i здароўе паправіцца...— сказаў ён, ведаючы, што Каця вельмі любіць, калі хто хваліць яе — i напраўду працавітых, сумленных, прыгожанькіх — дзяўчатак.— А цяпер, можа, яе рост такі...

— Можа, i так, — згадзілася Каця.— Я i сама некалі такая ўжо танюсенечкая была, зусім не такая, як цяпер...

Дочкі ж, слухаючы гэтую размову i сарамліва ўсміхаючыся, усё яшчэ бянтэжачыся яго, i новага ў доме чалавека, i настаўніка, запалілі ў печы (чуваць было, як пачаў слацца па двары смалісты дым), пасля намылі свінням бульбы, насыпалі яе ў гаршкі, каб маці адразу заўтра ранічкай магла паставіць ix у гарачую печ. Як толькі тут, на двары, памылі рукі, адразу шмыганулі ў хату.

— Брыдка во за троечкі...— усміхнулася Каця, якая паднялася ўжо, ішла да сянец з ледзь не поўным вядром малака, якое наверсе ўспенілася, пахла па ўвесь двор.

— Дзеці ёсць дзеці, — заступіўся ён.— Але няма чаго, далібог, маракаваць вам: добрыя ў вас дочкі...

— Такія ўжо добрыя!..— гучна, каб чулі тыя, сказала Каця.— У людзей i лепшыя ёсць.

Яна паставіла паблізу ганка столачак, на яго — вядро з малаком, а сама падалася ў хату, заляскала там вілкамі пры печы, пасля вярнулася з бляшанкай i цадзілкай. Паклала жаўтаватую цадзілку на высокую тонкую бляшанку, абціснула яе, падняла вядро, перагнула крыху i пачала ліць з яго малако, якое адразу ж гучна заструменіла па дне.

— Пакіну, гультай, i табе, — міралюбна сказала кату, які зацёрся аб яе гумовікі.