Выбрать главу

— Ды няблага...— адказаў ён, зірнуў на яе, яшчэ зусім маладую, ружовашчокую, прыгожую, i адчуў такое збянтэжанне, якое даўно ўжо не адчуваў: прыйшоў вялікі смутак па жанчыне — па жонцы, сяброўцы, маці яго дзяцей, — па ўсім тым, без чаго, відаць, не можа жыць усякі разумны ды здаровы чалавек.— Ды чаму можа быць блага? Дырэктар як дырэктар, як i ў кожнай школе, калегі на рабоце разумныя, далікатныя, працавітыя... Толькі вот, можа, аднагодкаў маіх мала, бо ўсе маладыя амаль, са сваімі клопатамі, i я ім мала падыходжу, бо ў мяне іншыя клопаты... A ў вас мне — здаецца, лепш нідзе i быць не можа...

— Ці добра вам тут выходзіць?— як ужо між іншым запытала Каця, прыбіраючы стол.

— Ды рублёў сто трыццаць...

— Добра, — сказала яна.

Ён нічога не адказаў, закурыў, глядзеў, як увішна ўсё робіць гаспадыня, i адчуваў трывожнае хваляванне ад блізкасці жанчыны...

1975

«Адлюблю за ўсю маладосць...»

Неба, высокае, сіняе, вакол сонца белаватае, сцішэла i прымлела ад яркага святла. Недзе зусім невысока, як толькі пачыналася блакітная смуга, вісеў, заліваўся радаснаю песняю маленькі жаўручок. Любаваўся, мусіць, на густое цёмна-зялёнае жыта, дзе ў невялікай разорцы, можа, было яго гняздзечка.

Як Васіль ні ўзіраўся ўвысь, ніяк не мог згледзець вясёлага жаваранка, жмурыўся толькі ад белага святла, сінізны неба i адчуваў, што ад закінутай уверх галавы пачынае балець карак. Тады апусціў галаву, убачыў, што стала цёмна ў вачах; ён моцна заплюшчыў ix, але ўсё роўна яшчэ доўга плылі бела-жоўтыя плямы i густы блакіт чэрвеньскага чыстага неба.

Пастаяў з хвіліну, прывыкаючы да святла, i пайшоў далей па цвёрда ўтаптанай i выезджанай веласіпедамі сцежачцы ўздоўж дарогі, пазіраючы ўперад на сухі, аж пабялелы, пясок i на зялёныя прысады — яны стаялі справа i злева. Была радасць, што ён цяпер ідзе дадому, пабудзе крышку адзін, пасмуткуе, а пасля, увечары, калі вернуцца з працы людзі, зноў сустрэнецца з ёй, мілай i дарагой яму жанчынай, што за нейкі месяц здзівіла, акрыліла, так усцешыла сваёй чысцінёй i пяшчотай — што для яго, здаецца, зусім па-іншаму паказаўся гэты свет.

Васіль — прараб тутэйшага саўгаса — вяртаўся з канторы. Доўга, з раніцы да полудня, амаль не разгінаючыся, ні на хвіліну не ўстаючы, сядзеў там — у сваім маленькім сонечным пакоі, — пісаў, падлічваў, колькі i што зрабілі рабочыя, будуючы ў Асаўку новы двухпавярховы шаснаццацікватэрны дом.

Калі перапісаў усё на чысты ліст паперы, хутчэй панёс да дырэктара, бо той даўно падганяў яго з гэтаю работаю. Дле дырэктара не было ў канторы. У суседнім пакоі, куды ён цікнуў на ўсякі выпадак, сядзела за сталом і, нізка нагнуўшыся, нешта пісала дырэктарава жонка — галоўны эканаміст саўгаса, ды паблізу яе ляскала на машынцы сакратарка Нэлачка.

Васіль зайшоў, прысеў на новенькай канапе. Да яго адразу ж, адклаўшы сваю работу, усміхнуўшыся, відаць, радая, што ёсць з кім нарэшце пагаварыць, падсела дырэктарава жонка, пажылаватая добрая жанчына, адзетая ў старамодную жоўтую сукенку, з мноствам кліноў i ўсякіх гафтачак.

— Чула, што маецеся пайсці ў адпачынак? — запыталася яна.— Дык дзе думаеце сёлета адпачываць: ці ў вёсцы, у сваіх бацькоў, ці паедзеце куды на поўдзень?

Ён усміхнуўся: адчуваў, што гэтая гутарка была толькі зачэпкаю, бо дырэктарыха i сёння, як i вельмі часта дасюль, хацела, мусіць, пагаварыць з ім пра другое — пра яго жаніцьбу.

— Яшчэ i не ведаю добра, — адказаў ён.— Відаць, паеду дадому. Буду памагаць касіць i грэбці сена.

— «Дадому, дадому!»— пажартавала яна.— Пара падумаць ужо, каб тут ваш дом быў. Ну, Васіль Антонавіч, — яна зноў усміхнулася, хітра прыжмурыла вузенькія вочы, аж, здаецца, памаладзела ад гэтай сваёй гарэзнасці, — чаму вы пяты год у нас працуеце, a ніяк нявесты не падберацё? Ці ганарлівы вы ды пераборлівы, што ні адна настаўніца вам не спадабалася, нi адна канторская дзяўчына, ці?.. Ну, чаму?

Ён, усё разумеючы, гэтаксама ўсміхнуўся, нічога не адказаў. У вёсцы напраўду былі незамужнія — фельдшарыца, загадчыца пошты i дзве маладзенькія настаўніцы, — але ўсе яны былі не надта вабныя дзяўчаты. У канторы ж незамужняй была толькі адна Нэлачка — дзяўчына яго гадоў, вельмі поўная, мусіць, хваравітая на сэрца, ад таго заўсёды нейкая санлівая, белая на твары, добрая работніца, добрая характарам, але зусім непрыгожая.

Нэлачка пры той размове гэтаксама была ў пакоі, сядзела i друкавала. Праўдзівей сказаць, яна сядзела ля машынкі, але не друкавала, брала чыстую паперу, клала на яе капірку, зноў клала наверх паперу, раўняла, угінала галаву, i здавалася, не слухала ix, але аж палымнела на шчоках ад хвалявання: яна, як ён ужо ведаў, употайкі кахала яго і, канечне, спадзявалася, што ён урэшце возьме замуж толькі яе.