I дырэктарыха чамусьці вельмі старалася «звесці» яго з Нэлачкай.
Васіль не сказаў, што няма ў вёсцы прыгожых дзяўчат: не хацеў псаваць настрой Нэлачцы. Яна заўсёды была вельмі рада, калі ён загаворыць з ёю, усміхнецца: сумавала, мучылася, калі ён не падыходзіў да яе ці гаварыў, што няма тут такіх дзяўчат, якія яму падабаліся б, — тады яна хмурнела, сцішвалася, саромелася сваёй паўнаты і, здаецца, яшчэ горш брыдчэла, была нявабная.
— Ажанюся некалі, чаго спяшацца, — толькі ўсміхнуўся ён на развітанне.— Вось пабудую новы дом, сабе кватэру ў ім адляплю — i ажанюся.
Сказаў так, што сам аж паверыў, што застанецца, прыжывецца тут, куды трапіў пасля размеркавання, будзе жыць са сваёй каханай — з ужо замужняй жанчынай. Хоць зусім не ведаў, як развяжацца той вузел, што ўжо завязаўся.
...Ішоў паціху, пыліў i чамусьці ўспомніў беленькую i тоненькую аднакурсніцу-красуню з рэдзенькімі пярэднімі зубамі, з прыгожымі светлымі валасамі. Яна была першай дзяўчынай, што ён пакахаў. Хадзіў з ёю ў кіно, у тэатры, адрываючы для гэтага на білеты i на марожанае грошы са стыпендыі, хадзілі разам у бібліятэку, перажывалі, хто як здае экзамены, — i паволі не толькі прывыклі адно да аднаго, але, здаецца, i пакахаліся. Вось ён аднойчы, ап'янелы ад шчасця, i завёў гутарку пра тое, каб ім пажаніцца.
«Ты што?— здзівілася яна i засмяялася. Ён ніколі дагэтуль не бачыў такой зняважлівай ды пагардлівай усмешкі.— Сам жа бачыш, хто i я, i ты... Абое студэнцікі, будучыя спецыялісты з сярэдняй адукацыяй... Прыедзем у якую вёску з чамаданамі: «Добры дзень вам. Мы Сцепановічы... А нам так адразу — кватэру, работу па спецыяльнасці»
«А чаго ж мы хадзілі столькі? — здзівіўся тады ён, думаючы, што яна не верыць яго шчырасці.— Я вось толькі з табой хачу жаніцца».
«Эх ты, жаніх! — яна з насмешкаю падціснула тоненькія вусны.— Я думала, што ты хлопец... А замуж, даражэнькі, я за цябе не пайду, бо ты хутка паедзеш у вёску... А я выйду замуж за юрыста ці за журналіста, бо яны далей раённага горада не паедуць... Вось крыху яшчэ пагуляю з табою i вазьму ў рукі нагледжанага...»
«Ты сур'ёзна?» — перасільваючы крыўду, злосць, спытаў ён.
«Канечне, — адказала яна.— Якія ж тут жарты? Але ты мне даспадобы. I ад сваіх тых слоў, што я раней гаварыла табе, я не адмаўляюся».
«Тады жадаю табе шчасця! — буркнуў ён сярдзіта.— А я табе не цацка, каб гэтак!..» — I пайшоў ад яе.
Праз год ён скончыў тэхнікум, прыехаў сходы, у невялікую вёску. Спярша, як астатні год i ў тэхнікуме, мучыўся, пакутаваў, не ведаў, як будзе жыць далей, ці здолее каго больш пакахаць. А пасля адчуў, што пакрысе забываецца тое, студэнцкае, можа, i не вартае яго памяці, каханне, як i не варта яго i яна, такая хітруня. Толькі пачаў недалюбліваць дзяўчат; а яшчэ пазней прапала i гэта пачуццё, ён неяк паволі паспакайнеў, надта тады, калі ад знаёмых пачуў, што яго былая сяброўка напраўду неўзабаве выйшла замуж за журналіста, паехала з ім у раённы горад, праз год нарадзіла дачку i атрымала кватэру, а яшчэ праз год, а можа, i раней, пачала паціху падгульваць з другімі. Сустрэўшы яго знаёмых, дапытвалася: «А як там ён, Васіль, жыве? У вёсцы? Добры хлопец быў, толькі не зусім разумеў жанчын...»
Пасля гэтага вось Васіль i супакоіўся, падумаў, што няма чаго крыўдзіцца ды шкадаваць: яна, тая беленькая, цвяроза думала, гадала пра свае сямейнае жыццё i, можа, вельмі з розумам, хоць i для яго чэрства, зрабіла, што адмовілася ад яго, бо была б з ім нешчаслівая, i ён вялікай радасці ад яе не меў бы.
Ён адразу ж, як толькі пачаў працаваць тут, скеміў, што вельмі падабаецца тутэйшай Нэлачцы, падабаецца тварам, паставаю, характарам ды паводзінамі — што ён добра працуе, умее ладзіць з людзьмі, амаль не п'е, дарэмна не растрачвае капейку. А яму не хацелася, каб яна глядзела на яго такім сталым, сур'ёзным ды гаспадарскім вокам, бо ўсё ж яшчэ хацелася нечага неабдуманага, пяшчотнага, нават узнёслага — той падлеткавай сляпой закаханасці, што некалі прыйшла да яго, калі ён сустрэў раней тую, беленькую...
Але тое, светлае, узнёслае, такое прыемна маладое, пачуццё ўжо да яго чамусьці не прыходзіла, i ён сумаваў па ім, як па нечым вельмі дарагім i незваротна страчаным. Думаў, што i ён нікога не пакахае, i на яго ніхто з дзяўчат больш не кіне вока — i пройдзе чалавечае шчасце побач, як гэта часта бывае.
...Сцежка павяла ля самых прысад. На ёй, як i на дарозе, быў відаць ад кустоў i высокіх дрэў цемнаваты мігатлівы цень, які рабіўся ўсё меншым — была палуднёвая пара. Гудзелі паблізу ля травы i кветак пчолы, ля лістоты тоўпіліся хмаркамі i тоненька зумкалі мошкі, недзе ў цяні адзінока разамлела пішчалі камары. Гарачае паветра пазвоньвала ад цішыні i спякоты.