Выбрать главу

Адразу за прысадамі, калі яны скончыліся i пачаўся лапінамі зялёны, a мясцінамі жоўты ад пяску выган, паказалася вёска з сухімі, аж белымі, стрэхамі i сценамі хат, светлымі платамі, кінуліся ў вочы зялёныя, крыху прыпыленыя сады, па якіх сярод густога лісця ледзь-ледзь бачылася маленькая крамяная завязь. Хутка Васіль убачыў хату, дзе ён кватараваў. У шчыце хаты зырка блішчала акенца, сляпіла вочы.

Васіль падумаў, што зойдзе зараз у гэты дом, скіне з сябе тэніску, майку, штаны, адзене трыко, возьме мяккі махровы ручнік i пойдзе босы на рэчку, што адсюль за вярсты дзве. Гаспадароў, канечне, цяпер няма, дык ён спакойна пераадзенецца, перакусіць.

Але хутка ўбачыў, што нехта дома. Адчынена i гайдаецца палавінка акна, вецер паднімае, хіне ў хату фіранку, чуецца гамонка. Ён бачыў гэта i адчуваў, як прыходзіць хваляванне, палымнеюць шчокі...

Калі адчыніў брамку i пайшоў па асфальтаванай сцежачцы да сянец, пачуў, як імкліва прарыпелі ix дзверы i на парозе паказалася гаспадыня Люда — маладая, гадамі крыху за трыццаць, высакаватая, у меру паўнаватая. Была яна ў кароткім халаце, што не закрываў поўныя круглыя калені. Яна хутка са знаёмым гарэзным бляскам у вачах зірнула на яго i не здзівілася, што ён ідзе так рана дахаты, відаць, раней ужо ўбачыла яго праз акно. Молада i прыгожа ружавеючы на шчоках, спакойна падалася насустрач, несучы перад сабою цяжкаватую мядніцу, у якой стаяла невялікая каструля, — відаць, хацела выцягнуць вады з калодзежа, уліць яе ў мядніцу — ахаладзіць шчаўе.

Усміхнулася — i яе твар яшчэ больш пасвятлеў ды памаладзеў, папрыгажэў, бо не толькі з весялосцю, a i з пяшчотаю бліснулі яе чарнаватыя вочы, крануліся поўныя вусны з рэдзенькім белым пушком над імі, i ўся яна, лёгкая, загарэлая, мякка ступала, ідучы босымі нагамі па нагрэтым асфальце.

Прыблізіўшыся, Васіль прыкмеціў у яе вачах сполах, разгубленасць, але яна ішла спакойна. Толькі калі праходзіла побач, шапнула: «Ён дома...»

Прашаптала — а яго, Васіля, як халоднай вадой абліла. Ён разгубіўся, успыхнуў, аж застукала кроў у скроні, а яна зірнула на яго i, здаецца, бачачы, што яго з такім настроем нельга цяпер пускаць у хату, мінула яго, пайшла не спыняючыся ды не азіраючыся.

— Хадзеце памыйце рукі ды палуднаваць будзеце, — гаварыла голасна, каб пачулі ў хаце.— Гэта ж «студэнт» наш двухгадзінны водпуск атрымаў.

Васіль павярнуўся i пайшоў за ёю да калодзежа, гледзячы на яе i любуючыся.

Люда спакойна апусціла ў студню вядро. Затым выкручвала яго з вадою наверх, паднімала, апускала руку, — тады вельмі хвалююча паднімаліся і апускаліся яе высокія грудзі, а сама яна яшчэ болей ружавела i рабілася ад гэтага прыгожай-прыгожай, такой вабнай, што нельга было адарваць ад яе вачэй.

Люда дастала вядро, i льючы яму на рукі ваду, нагнулася i ціхенька зашаптала:

— Загавары з ім неяк, што табе цяпер няёмка быць тут, што можаш перайсці да каго другога на час, пакуль ён не вернецца. Не ведае нічога, але надзьмуўся нечага... Не адашле, але супакоіцца.

Васіль падстаўляў пад халодную ваду рукі, мыўся i бачыў, як ляцяць пырскі долу, вільгатнеюць пясок i дробныя каменьчыкі, як яны, адплёскваючыся ад зямлі, трапляюць на яе ногі, i ён хваляваўся, што бачыць усё гэта. Ён апаласнуў рукі, твар, строс ваду i, не азіраючыся, пайшоў у хату. З парога ўбачыў на лаве ля акна невысокага, вузкага ў плячах i дробнага на твары гаспадара ў запыленых ботах i новай велікаватай спяцоўцы (саўгас паслаў яго, трактарыста, вучыцца на аднамесячныя курсы на камбайнёра), з вузкім лобам i з пышнымі чорнымі валасамі, старэйшага за жонку на гадоў восем. Гаспадар быў надта загарэлы на твары i ад таго яшчэ болей цяпер здаваўся пастарэлы, хмурны. Сядзеў i еў нехаця хлеб з салам.

Васіль, здаецца, спакойна, можа, нават залішне спакойна спачатку павітаўся з ім, выцер у парозе ручніком твар, хвалюючыся i саромеючыся, падышоў да стала i парукаўся. Гаспадар нават не ўзняўся, моўчкі падаў руку, разгубіўшыся, з незадавальненнем зірнуў у вочы i хутка адвёў позірк.

— Выпі, — першы буркнуў ён i адліў з адкаркаванай пляшкі поўную чарку віна, нервова, аж уздрыгнулі ў яго рукі, наднёс яе яму, разліўшы крыху віна на настольнік, пасля наліў чарку сабе, больш не запрашаў, моўчкі выпіў, зморшчыўся і, апусціўшы галаву, пачаў закусваць.

У гэты час пад'ехала да хаты машына, прыпынілася i засігналіла.

— Гэта на мяне, — уздыхнуў, самотна буркнуў ён, адхіліў фіранку i зірнуў на двор, пажаваў, а тады моўчкі падняўся, выцер у парозе ручніком вусны. Па-ранейшаму адводзіў позірк i маўчаў, шукаў сваю брылёўку.