Выбрать главу

— Сяргей...— прамовіў Васіль, гэтаксама падняўшыся.

Той выпрастаўся і, ужо здзівіўшыся, зірнуў яму ў вочы i не змог вытрымаць позірку, глянуў убок.

— Я вось падумаў: няёмка мне цяпер быць тут... Вас няма, пачнуць яшчэ людзі... Я перайду, можа, да каго, праз тыдзень будзе адпачынак, i тады я паеду адсюль...

— Чаго на тыдзень пераходзіць? — цяпер гэтаксама хвалюючыся, але з кожным мігам спакайнеючы, адказаў гаспадар i дадаў неяк весялей, ледзь не ўсміхнуўшыся: — Жыві... Ну, будзь здароў, — падышоў, ужо ўсміхнуўся, падаў руку, паціснуў i, невысокі, дробненькі, па-ранейшаму самотны, падаўся на двор, дзе яго сустрэла Люда, падала падрыхтаваны загадзя вузельчык i павяла да машыны.

Васіль не захацеў пазіраць на ix — як яны будуць развітвацца, пазіраць а дно аднаму ў вочы, — пайшоў у другую палавіну хаты пераадзявацца, аднак адчуваў, як яго захліствае рэўнасць.

Ён цяпер, як ніколі, пазайздросціў, што такая мілая добрая Люда — чужая жонка.

Машына хутка завялася i адкацілася. Васіль зноў захваляваўся: пачуў, што Люда не запынілася на двары, адразу ж ідзе ў хату. Ён паспеў ужо сцягнуць з сябе тэніску i майку.

— Ты тут?— адчыпіла дзверы, зайшла i весела, як радая, што муж паехаў, запытала яна, зірнула з любасцю, усміхаючыся аднымі вачыма.

Потым падышла зусім блізка, прыпынілася — высакаватая, стройная, лёгкая. Васіль пазіраў на яе папунсавелы твар, гладка зачасаныя чорныя валасы, на даўгаватую шыю.

Яна, канечне, заўважыла яго гэты імклівы i пяшчотны позірк, але засталася стаяць паблізу, толькі ўсміхнулася:

— Ну, што ён табе сказаў?

— Што магу пажыць...

— Ну i добра, — шчасліва, ціха прамовіла яна, i ў гэтую хвіліну шчокі яе запылалі i яна хутка ступіла да яго, абняла пад пахі, прыціснулася. Запахла рэчкаю, сонцам, цяплом, як i тады, з месяц таму назад...

Ён гэтаксама абняў яе...

...Жыў ён тут другі месяц. Дасюль кватараваў у адной добрай сям'і непадалёку ад школы. Але нядаўна гаспадары прадалі хату, пераехалі ў горад, i ён мусіў шукаць новую кватэру.

Новы гаспадар, Людзін муж, — як гаварылі, як пасля ён убачыў i сам, чалавек хваравіты, маўклівы i скрытны, — адразу не хацеў браць яго на кватэру, гаварыў, што ў хаце двое малых дзяцей i яны будуць шумець, не дадуць яму нават спакойна пасядзець. Лепш яму знайсці прасторную хату ў пажылых людзей, дзе не было б дзятвы. Але Люда, неяк пільна паглядзеўшы на яго, маладога, разгубленага, сказала, што трэба паспачуваць i ўзяць на кватэру.

Першую пару Васіль жыў тут як бы ў баку ад гаспадароў, стараўся быць не надакучлівым кватарантам, не ўмешваўся ў іхнія гаворкі, надта тады, калі гаспадары чамусьці не ладзілі. Але з першай жа хвіліны кватаранства ўбачыў, што Люда мілая i вельмі вабная. У яе шмат у саўгасе i дома працы, няма калі надта глядзець за сабою, выхарошвацца, дык яна здаецца ад таго трошкі ўжо немаладою, нават стомленаю, але калі ў свята прыбярэцца, мае добры настрой — тады адразу маладзее, красуня пісаная. Як яна толькі i дасталася такому несамавітаму мужу.

Ён употай закахаўся ў сваю маладую гаспадыню, але стараўся не паказваць гэтага: ведаў, што ўсё гэта дарэмна. Але чым болей хацеў схаваць гэта, тым болей пачаў саромецца Люды, саромецца яе красы, саромецца з ёю гаварыць, жартаваць, пазіраць у вочы. А пасля заўважыў, што i яна чамусьці пачала чырванець перад ім, старацца не сустракацца позіркам. I чым болей яна старалася не заўважаць Васіля, тым болей чагосьці хмурыўся яе пажылаваты муж. I Васіль адчуваў, што неяк ненатуральна яна хоча гаварыць i жартаваць толькі з мужам, не пазіраючы на яго, Васіля, а разам з тым стараецца трапіць яму на вочы.

Недзе нядаўна, у маі, Васіль сядзеў пад вечар у сваім пакойчыку i складаў план работы на чэрвень. Уздрыгнуў, калі зайшла сюды Люда, абутая ў гумовікі, у апырсканай вадою куртцы (хадзіла на рэчку паласкаць бялізну), i спытала, колькі цяпер часу. Ён поспехам адказаў, але яна не адышлася, паправіла на галаве хустку, пахукала на халодныя i аж белыя ад вады рукі, прыблізілася i зазірнула на паперу, на якой ён пісаў. Яна нахілілася так блізка, што кранулася грудзьмі яго пляча. I гэты адзін дотык усхваляваў Васіля, i ён, можа, нават i не думаючы, паклаў ёй на спіну руку, прыхіліў i жартам пасадзіў яе сабе на калені.

— Што вы робіце?— ціха спалохалася яна, але ў вачах акрамя страху было i хваляванне, i гэтае хваляванне рабіла яго смелым.

Ён мацней прыгарнуў, наблізіў яе галаву да свайго твару i нечакана ўбачыў, што яна ўздыхнула, падалася, заплюшчыла вочы і, трапяткая, шукае вуснамі яго вуснаў...

— Апошнюю ночачку мы разам, — шаптала Люда праз пару дзён, лежачы на руцэ Васіля i часта цалуючы яго ў вусны.— Заўтра ты паедзеш i я застануся адна...