Выбрать главу

— Дзе ты i як цяпер жывеш, непераможаная красуня? — запытаў я, не зважаючы на яе астатнія словы.

— Дзе?— паківала яна галавою.— На зямлі... I даўно пераможаная ўжо. Я тады, як ты пайшоў ад нас, зноў рабіла на дарозе, ля Стоўбцаў. Ой, колькі я таго камення папацягала! Яшчэ крыху быў дур у галаве, яшчэ кепікі строіла. I дажартавалася: наляцела на прыезджага шафера, i ён перажартаваў... Пасля не смяялася, а плакала, каб узяў...— яна нікога не саромелася, расказвала голасна, рэплікамі адказвала пакупнікам, колькі каштуе яе гародніна, злавалася, калі тыя нядобра гаварылі пра яе гуркі.— Жывём пад Мінскам на яго радзіме. Ён шаферам робіць, я на птушкаферме. Трое дзяцей гадуем, дом свой, гарод, соткі маю. А ты?

— Думаеш, я да трыццаці ўсё яшчэ хаджу халасты?— усміхнуўся я.— Ці так i не здолеў перамагчы якой красуні?

— Ну, не...— зачырванелася яна.— Дзяўчат жа хапае... Ды цяпер гэтулькі многа пекненькіх дзяўчат. Каб i я разумнейшая некалі была, дык цяпер магла б быць жонкай такога важнага чалавека, у горадзе — пры газе, цёплай вадзе — жыла б... Але папікаю сябе i не папікаю: ты ж маладзейшы ды вучаны... Агледзеўся б некалі, мог бы яшчэ i не ўзяць. А са сваім мы абое рабое...

Я гэтаксама ўсміхнуўся: што было б, каб гэтая вось Вікця была маёй жонкай. I, можа, зусім іншае жыццё было б. А якое — цяжка i сказаць.

— Пэўне, бабы надта любяць: ладны ж?.. З такім i не грэх паўлюбляцца...

— У мяне i жонка ладная, дзеці харошыя, — адказаў я.

— Ведаеш...— ціха прашаптала яна, — каб зноў выпала калі з табою падужацца, дык, далібог, сама павалілася б... Было не было...— i гарэзна бліснула маладым бляскам у вачах.— Пастарэла, растраціла малады агонь на дзеці, але не ўвесь яшчэ дур з галавы выйшаў... Помніш, якая я тады была? Дык i цяпер пачці гэтакая...

— Калі ўжо тое было! — махнуў я рукою, падумаў, колькі за гэтую пару было ўжо чаго новага i вартнейшага.— Ды i дзяцінства было!

— Ну, чаму дзяцінства?— не згадзілася яна, — Маладосць была. Самыя лепшыя нашы гады, можа... Цяпер мы інакш жывём, надта пра ўсё думаем, а тады іначай жылі... Вось жывеш-жывеш — возьме ды ўспомніцца, заные душа, захочацца нечага лепшага...

— Гэта праўда, — усміхнуўся я.— Напраўду не раз хочацца нечага інакшага.

— Мне — хоць бы тваё...— сказала Вікця, а пасля як спахапілася: — Занясі сваім гурочкаў...— узяла абедзвюма рукамі з кошыка гуркоў, запатрабавала, каб я разгортваў i падстаўляў сетку.— Нарасло процьму, дык вот i прадаць рашыла, капейку на што сабраць. Не крыўдзі...— нахмурылася, калі я загаварыў пра плату.— Ешце на здароўе... А сам прыедзь калі ў нашу Сенніцу, саўгас наш добры, багаты — i напішаш нешта, i па радыё сваім зможаш сказаць добрае пра нас. Сазановіч цяпер я, на птушкаферме працую... Тады яшчэ болей пагаворым...

— Паглядзім...— падзякаваўшы, усміхнуўся я, развітаўся i адышоўся.

Калі пасля азірнуўся, дык убачыў, што Вікця не кліча да сябе пакупнікоў, a стаіць i з нейкаю журбою пазірае мне ўслед.

1976

Слёзкі палявыя

1

У невялікім пакойчыку — прыёмнай аддзела сіласных культур i лёну — было надта накурана. Клубіўся бела-сіні дым, вісеў воблачкам над столлю, паволі i нябачна цягнуўся праз адчынены люфцік на пусты двор, дзе гэтаксама бела, аж шэра, было ад туману i мокрай кастрычніцкай імжы.

Iм, цыгарэтным дымам, толькі чуйна i пахла ад чалавека, бо курылі ў пакоі за дзень многа i часта: любілі прыйсці i пасядзець тут мужчыны з усіх аддзелаў. Акрамя тытуню, астатнія пахі былі «тутэйшыя». Ад фарбы, якой нядаўна пацягнулі вокны i плінтусы, ад новых, з рудым бляскам сталоў са старымі i свежымі паперамі ды ад нядаўна нацёртай падлогі. Сталы пахлі смалою i клеем, паперы — зляжаласцю i пылам.

У пакойчыку стаялі два сталы. Па левую руку сядзеў загадчык аддзела — пажылы, гадоў пад пяцьдзесят пяць, сівавалосы, з густымі чорнымі бровамі Вацлаў Іосіфавіч. Як смяяўся ён ці заплюшчваў вочы, доўгія пасмачкі-бровы паднімаліся на лоб, i ўсё гэта было надта смешна, як наўмысна рабілася, каб пацешыць каго. Вацлаў Іосіфавіч i быў вясёлым чалавекам, любіў жартаваць, расказваць анекдоты, пісаць вершаваныя віншаванні да юбілеяў калег, збіраць у сваім аддзеле курцоў з усяго інстытута. Здавалася, ужо i за гэта павінны былі яго ўсе паважаць, лічыць за кампанейскага чалавека. I яго напраўду паважалі, бо яшчэ ён быў вельмі разумны, добра ведаў агранамію (працаваў «у маладосці» дзесяць гадоў аграномам), мог памагчы не толькі лабаранту, маладому кандыдату, але i сталым ужо вучоным.