Выбрать главу

Справа сядзеў ён, Віктар Альфонсавіч, — малады, гадоў пад трыццаць, мужчына. Працаваў ён у гэтым навукова-даследчым інстытуце нядаўна, чацвёрты год. На днях абараніўся, стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук, спецыялістам-ільнаводам. Што «выйшаў у вучоныя», трапіў сюды — трэба дзякаваць Вацлаву Іосіфавічу i ніколі пра гэта не забываць.

Дасюль Віктар, як толькі скончыў тэхнікум, працаваў у вёсцы. Спачатку малодшым аграномам саўгаса, а пасля, паступіўшы завочна ў інстытут, i галоўным. На гэтай пасадзе трымаўся не вельмі доўга, пакуль не пачалі прыязджаць вучоныя з навукова-даследчага інстытута, распытваць, як удаецца намалочваць столькі многа зерня, i прасіць яго памагчы «правесці дослед з ільном». I Віктар памагаў — выбіраў добрую зямлю-суглінак, на якой раней расла канюшына, сеяў лён-даўгунец, сам штодня глядзеў яго, запісваў усё, што бачыў.

Вучоныя восенню паказваліся зноў, забіралі яго запісы-назіранні, насыпалі пакецікі зямлі, бутэлечкі семя, наклейвалі на ix паперкі з надпісамі, дзякавалі яму, абяцалі, што пра яго працу i старанне ніхто не забудзе. I не падманулі. Аднойчы ў сельскагаспадарчым часопісе, які выпісваў, убачыў невялікі, старонкі на дзве, артыкул пра лён, i пад напісаным пасля іншых стаяла i яго прозвішча з прыпіскаю, што ён аграном вішнёўскага саўгаса.

Вось тады яны i сустрэліся з Вацлавам Іосіфавічам, які гэтаксама прыехаў да ix — хацеў паглядзець «маладога аўтара», паглядзець, як ён працуе. Сівавалосы госць доўга гаварыў з ім, пра ўсё распытваў, хадзіў па полі, мацаў рукамі зямлю і, ад'язджаючы, сказаў, што было б лепш «не раскідвацца вопытам i ўмельствам, не памагаць некаму пісаць дысертацыі, а зрабіць яе самому». Ён паабяцаў пагаварыць пра яго ў інстытуце, каб узяць туды на працу.

Віктар надта не паверыў гэтаму, усміхнуўся толькі. Але праз месяцы два яго паклікалі i сказалі, што ёсць месца ў аддзеле Вацлава Іосіфавіча i можна падаваць заяву ды дакументы. Ён падаў i прайшоў па конкурсе.

У Віктара, які быў ужо жанаты i меў сына, была ў саўгасе кватэра — невялікі, але ўтульны фінскі домік. I спярша не вельмі хацелася пакідаць яго, бо добра ведаў, што ў горадзе жылля яму ніхто адразу не дасць, прыйдзецца невядома колькі часу жыць на кватэры ў чужых людзей. Гэтага вельмі не хацелася, бо ён жыў студэнтам на прыватнай, добра ведаў, што горкі i нямілы кватаранцкі хлеб, але i ад інстытута адмаўляцца не хацелася — трэ было думаць, як жыць i далей, кім быць.

— Пераязджай, брат, — падахвочваў тады яго, нерашучага, Вацлаў Іосіфавіч.— Скажу табе шчыра: так запрашаюць з перыферыі, знаходзіцца такое добрае месца не часта — можа, раз у дзесяць гадоў. Ты здольны, добры практык, ведаеш i любіш зямлю, то вялікі воз тут пацягнеш...

Віктар пераехаў.

...За дзень у аддзеле пераварочвалася многа людзей. Прыходзілі параіцца, паслухаць i расказаць навіны, адпачыць i накурыць з ветлівым гаспадаром. Сёння адзін пажылы вучоны з аддзела арганічных угнаенняў, даўні сябра Вацлава Іосіфавіча, прывалок тугую тытунёвую папушку, моцна сціснутую i перавязаную чорнымі, ад гумовай апоны, ніткамі, тут жа, у пакоі, тоненька рэзаў яе, адвальваючы цененькія кружочкі. Ад самасаду ішоў прыемны саладкавата-горкі пах, кружыў галаву. Усе яны, мужчыны, адарвалі ад газеты паперы, насыпалі ў яе нацёртага жоўта-чырвонага мультанчыку, закруцілі, насліньваючы край паперы, i прыкурылі. Зацягнуліся i адразу зачмыхалі, каторыя i закашляліся, але смалілі далей i наперабой хвалілі самасад, здзіўляліся, як некалі лёгка курылі яго іхнія бацькі i дзяды.

У Віктара хутка закружылася галава, ад кашлю выплылі на шчокі слёзы, i ён, здавалася, ап'янеў. Хоць i курыў дасюль цыгарэты, але цяпер далей смактаць самакрутку не змог, патушыў яе.

— Малады! — пасміхаўся госць.— Слабы.

— Малайчына, — сказаў Вацлаў Іосіфавіч.— Здзівіў усіх затое — прыехаў з вёскі, крыху пабыў тут i не толькі абараніўся, але стаў па льну вялікім спецыялістам.

— Нашумеў...— згадзіўся з ім госць.— Многім нашым гэта не спадабалася. З іншых інстытутаў хвалілі дысертацыю, а яны, свае, прыдзіраліся, круцілі насамі....

— Няважна...— махнуў рукой загадчык.— Толькі хай не забывае вёскі, палёў ды эксперыментальнай базы, менш думае сядзець у гэтым кабінеце — i ўсё яшчэ ў яго ўгору пойдзе.

— Падседзеў цябе...— хіхікнуў госць, чалавек хітраваты і, здаецца, крышку самалюбівы.

— Нічога, — нахмурыўся, адагнаў ад сябе рукою дым Вацлаў Іосіфавіч.— Я не маладзён, загадзя ведаў, каго браць. Каб баяўся за гэтае вось крэсла, то i не думаў бы яго ўзяць, а каго іншага запрасіў бы...