Выбрать главу

— Яно так...— збянтэжыўся госць.— Так павінна быць...

Ціха адчыніліся дзверы пакоя, i паказалася Лідачка — лабарантка з суседняга аддзела.

Вацлаў Іосіфавіч міргнуў на яе — вось каго, маўляў, каб захацеў схітраваць, ён мог бы ўзяць сабе ў навуковыя супрацоўнікі...

— Ух! — прыпынілася ля парога, жартаўліва прыплюшчыла вочы Лідачка.— Ці не жукоў каларадскіх вы атручваеце?

— Жукоў, мілачка, — усміхнуўся сябар Вацлава Іосіфавіча i яшчэ больш задыміў, наўмысна запыхкаў.

— Віця, вы ідзяце дахаты? — яна пакрыўдзілася, не захацела болей знацца са старымі, павярнулася i загаварыла да Віктара.

Лабарантку Ліду, маладую яшчэ зусім дзяўчыну (толькi летась скончыла сельскагаспадарчую акадэмію), называлі ўсе Лідачкай, i яна калег свайго ўзросту гэтаксама называла толькі па імені, хоць яе ўжо не раз дырэктар, чалавек вельмі строгі i педантычны часамі, папракаў, каб кандыдатаў навук яна абавязкова называла яшчэ i па бацьку.

Але кандыдаты навук не крыўдзіліся на Лідачку за яе смеласць i таварыскасць. Яны нават ішлі ёй насустрач, усяк стараліся, каб з ёю пажартаваць, бо яна, Лідачка, была прыгожая i добра выхаваная. З ёю прыемна было перакінуцца хоць адным словам.

Лідачка любіла заўсёды свежа i дорага апранацца. Вось i сёння на ёй было белае крымпленавае лёгкае паліто, сіні, аж стракацеў, жмурыў вочы, крымпленавы касцюм, на нагах былі замшавыя рудыя туфлі на высокай платформе, на галаве — сіваваты шыкоўны парык. I ўсё гэта вельмі добра ішло ёй. Падыходзіла да светлага, здаецца, без ніводнай маршчынкі, з роўным невялікім носікам твару, да танклявай, але поўненькай постаці. Здаецца, Лідачка была невысокая, тонкая, зусім мініяцюрная — гэта толькі на першы погляд, але, калі добра прыгледзішся, у яе былі поўныя стройныя ногі, пышныя клубы i грудзі — i тады ўжо яна не здавалася тонкаю. I гэта неяк па-новаму глядзелася i падабалася.

Было толькі адно, што крыху яе брыдчыла. Гэта ледзь-ледзь выстаўленыя ўперад зубы, якіх амаль не закрывалі вузенькія вусны. Ад таго рот яе заўсёды здаваўся адкрытым.

Лідачка, можа, i перажывала за свой гэты маленькі недахоп, хоць i мела прыгожыя беленькія зубкі; але ўсё роўна была прывабная, бо многа іншых вартасцей згладжвалі гэтую невялікую непрыемнасць.

Гаварылі, што ў Лідачкі многа кавалераў. I халасцякоў, i жанатых. Некаторыя з ix хваліліся, што былі з ёю ў кіно, рэстаране, у яе дома, прыводзілі яе ў сваю кватэру i што яна, Лідачка, «цудоўная ва ўсіх адносінах». Жартавалі толькі, што ёй не трэба быць вучонай, а трэба быць жонкай ці каханкай некаму, бо там яе «сапраўднае прызванне». Віктар чуў такія размовы ад сваіх калег, але не ведаў: так гэта ці не. I не заўсёды верыў, надта халасцякам, бо добра ведаў, што тыя любяць i хваліцца...

— Дык вы, Віктар, ідзяце дахаты?— спеставана ад залішняй мужчынскай увагі перапытала Лідачка.

— Ён жанаты, дарагая, — усміхнуўся Вацлаў Іосіфавіч, — мінулася яго пара з маладзенькімі дамачкамі прагульвацца. Хай дастае з кішэні сетку i смаліць у харчовы магазін.

— Я ж не пытаюся пра магазін, а пытаюся, ці ідзе ён дахаты...— зласнавата адказала яна.

— Ды іду, — сказаў Віктар.

Ён, зусім не крыўдзячыся на сваіх старэйшых калег, згарнуў i паклаў у шуфляду паперы, высыпаў з попельніцы ў вядро попел, падняўся, ускінуў на сябе стары балоневы плашч, што быў модным гадоў пяць таму. Развітаўся з мужчынамі i выйшаў з пакоя на доўгі вузкі калідор, дзе стаялі модныя бліскучыя рудаватыя столікі i такога ж колеру крэслы з сіняй абшыўкай.

— Не цярплю гэтых яхідных лысін! — абуралася Лідачка, ідучы побач.— Колькі яны ўжо калолі мяне...

— Не перажывайце, — усміхнуўся Віктар.— Яны жартуюць, ніякай злосці да вас не маюць.

— Ды ну ix! Няўдачнікі... Вось i недалюбліваюць маладых.

— Перабольшваеце, — сказаў Віктар, — якраз яны любяць вас.

— А вы не крыўдзіцеся на ix? — запытала Лідачка, — Яны ж i з вас насміхаюцца... «Даставай сетку...»

— Ды нічога, — сказаў Віктар.— Што за смех, калі я напраўду часта хаджу ў магазін.

— Але не будзем пра ix гаварыць, — крыўда ў Лідачкі праходзіла.— Ну, як вам чуецца ў новым званні?

Віктар паціснуў плячыма, усміхнуўся i нічога не адказаў, павярнуў з цемнаватага калідора на яшчэ цямнейшую лесвіцу. Насустрач ім паднімаўся знаёмы халасцяк з аддзела агратэхнікі; як параўняўся з імі, непрыстойна падміргнуў. Віктар не адказаў ніяк на гэты жарт, прайшоў i не азірнуўся.

— Прыемна вельмі, канечне?

— Чую, што лягчэй стала. Як скінуў штосьці з плячэй...

— Канечне, — згадзілася Лідачка, — вам добра. Вы таленавіты, працавалі ў вёсцы, на полі, сваімі рукамі мацалі зямлю. Я вось ніколі не абаранюся...