Знайшоўшы жыллё i прапісаўшыся, трэ было займацца новымі клопатамі — уладкаваць у сад сына, бо вельмі ж не хацелася завозіць яго ў вёску, жыць без яго. Праўда, на першы час i завезлі. Ён, Віктар, неяк трымаўся без дзіцяці, хоць было надта сумна без яго, а жонка праз тыдзень не вытрывала, пачала плакаць, штохвіліны бедаваць, што цяпер з Сяргейкам — можа, захварэў, можа, зусім замаркоціўся без ix, нічога не есць...
Віктар бегаў у сады, прасіў «месца». Яго просьбу запісвалі ў тоўстыя сшыткі i абяцалі ўзяць дзіця ў сад толькі праз год. Цяперашняя ix гаспадыня, рабочая-тынкоўшчыца, паглядзела на гэта, паслухала ix скаргі i пашкадавала — схадзіла да нейкай сваёй знаёмай у райана, пагаварыла, i тая «ўладзіла». Сын праз тыдзень, як толькі паказалі яго ўрачам, пайшоў у сад.
...Сын быў на дварэ, у скверыку. Пад крытым навесам гушкаўся на дошцы з чорненькай дзяўчынкай; убачыў яго, але не паспяшаўся ісці дахаты. A раніцай, калі вядзеш у сад, просіць паказаць на пальчыках, колькі «яшчэ хадзіць у сад i колькі пасля быць дома». Як пачынае распранацца ў садзе, плача, не хоча заставацца. Сыдуцца ўсе выхавацелькі i ўгаворваюць яго, абяцаюць, што яму будзе вельмі добра, але гэта яго не суцяшае. Плача. Трэ ручкамі вочы i румзае, пазірае ў акно i махае рукой, як Віктар ідзе з сада. Паспрабуй тады толькі не прыпыніся ля кожнага акна i не памахай, не кіўні галавою — цэлы вечар сын будзе папракаць.
— Вы, гавораць, абараніліся? — ззаду падышла да яго i спытала загадчыца, маладая разведзеная жанчына.
— Так, — усміхнуўся ён.
— Віншуем. Вы ў нас ужо другі тата-кандыдат. Толькі Сяргейка гаворыць, што вы яшчэ сваей кватэры не маеце...
— Як бачыце, i кандыдаты не такія ўжо ўдалыя людзі...
Загадчыца, відаць, любіць пагаварыць, пажартаваць, але Віктар ніколі не стараецца гэтага рабіць. Павітаецца i адыходзіць, неяк саромеецца прыгожай жанчыны, яе самотнага позірку. Ды ён паглядзеў, што яна паддобрываецца да ўсіх мужчын.
Сын падбег да яго, папрасіўся на рукі. Віктар падхапіў яго i каторы ўжо раз падумаў, што Сяргейку тры гады, а ён зусім худзенькі, дробненькі i лёгкі. Гаспадарскай дачцэ на год меней, але яе ледзь узняць на рукі. А ядуць, здаецца, адно i тое ж.
Віктар развітаўся з загадчыцай i накіраваўся дамоў.
— Ты ўмееш так спяваць?— запытаў сын i заспяваў, што навучыўся сёння ў садзе.
— Не.
— А што ты ўмееш?
— Амаль нічога, — усміхнуўся Віктар, — пачаткі ўсіх песень ведаю, а закончыць не магу.
Сын здзіўлена зірнуў на яго, як усё роўна падакараў: які ж ты бацька пасля гэтага! Віктар падумаў, што i напраўду ён благі бацька: не толькі мала бачыцца з сынам, але i не ўмее гуляць з ім. Сядзе, чытае ці піша i адганяе малога, які падыдзе i просіць прачытаць казку ці што паказаць яму... Так, сёлета ён многа працаваў, за поўнач карпеў над дысертацыяй, то не толькі мала глядзеў сына, але мала глядзеў i жонку. Як загаворыць яна ці прысядзе яму на калені, то ён моршчыўся i прасіў: «Ну, пачакай, дай дапішу!»
«Калі ты ўжо дапішаш? — уздыхала Валя i адыходзілася.— Што за муж у мяне! Сама не падыдзі, дык ён век не падыдзе. Урэшце, хто табе важней — я ці гэтая дысертацыя?»
«Абедзве вы», — адказваў ён, не слухаючы яе.
Усё гэта — што ён мала памагае жонцы, мала глядзіць яе — нядобра, канечне, i сам часта думаў ён. Але што ж рабіць, калі хочацца бываць у вёсцы, на полі ці паболей пасядзець у бібліятэцы i вычытаць што-небудзь новае пра лён.
Селі ў трамвай. Сын прымасціўся ў яго на каленях i ўвесь час шчабятаў. Віктар слухаў i не слухаў, успамінаў Вацлава Іосіфавіча, думаў, няўжо той намысліў пайсці з інстытута? Успамінаў, як яны курылі даўкі самасад, як ён ішоў дахаты з Лідачкай, здзіўляўся: чаго яна так раптам падышла да яго, прызналася, што заўсёды паважала яго?
У пад'ездзе на першым паверсе густа пахла гуталінам. Віктар ведаў, што тут нядаўна чысціў туфлі малады хлопец, які вельмі сочыць за сабою, бо ездзіць штовечар у інтэрнат да дзяўчыны. Ён так стараецца, што аж запырсквае гуталінам сцены, якія пачарнелі знізу, доўга пасля пахнуць. На другім паверсе пахла капустаю, свежым смажаным салам, прыгарэлым малаком — жанчыны вярнуліся з працы i пацеюць ля пліт.
Дзверы ім адчыніла Валя. Невысокая, чарнявая, з рэдзенькім пушком над вуснамі, поўненькая. Была яна яшчэ з высокаю прычоскаю, у выхадной сукенцы, на якую толькi накінула паношаны, некалі сіні, а цяпер бела-блакітны халат. На нагах у яе былі разношаныя рудаватыя тапачкі са стаптанымі пятамі.
— Якія вы мокрыя! — пашкадавала яна, пачала раздзяваць сына, пасля папрасіла яго: — Памажы, Віця, на кухні. Сёння сказалі, каб мы першыя елі. Будуць варэнне варыць, то ім надоўга трэба пліта.