Выбрать главу

Валя выключыла газ, перакінула з патэльні ў талерку гарачую бульбу, паставіла на стол. На сподачак палажыла салёныя гуркі, што дастала відэльцам са слоіка. Віктар пасаліў памідоры, парэзаў хлеб, наліў у кубкі малака, паклікаў сына.

— Жонка вучонага...— сказала Валя.— Цеснімся ў чужым пакойчыку, локці халата свіцяцца.

— Некалі ў нас будзе свая кватэра, будзе многа грошай. Цяпер мы думаем, дзе ix узяць, тады будзем непакоіцца, куды ix дзець.

Жонка ўсміхнулася i нічога не сказала, толькі паківала галавою: ужо не раз чула, як ён так суцяшаў яе.

— Цяпер буду больш палучаць... I з першай жа кандыдацкай палучкі куплю нарэшце табе крымпленавы касцюм i кветак.

— Ну-ну. Але сёння памідоры з алеем з'ядзім. Вітаміны...— усміхнулася яна, жартуючы ca сваіх ашчадных гаспадароў, якія самі ніколі не ядуць стравы са смятанай, даюць яе толькі дзецям (збіраюць грошы на машыну).

Віктар зразумеў, што цяпер i Валя хоча «выкамбінаваць» смятаны на заўтрашнюю раніцу — забяліць капусту. Адтае вунь на акне, пусціў струменьчык чырвонай вады нядаўна дастаны з маразілкі кавалак мяса.

...Сённяшнім вечарам Віктар не пісаў, гуляў з сынам, глядзеў тэлевізар, гаварыў з жонкаю пра яе школу i калег, пра цяперашніх дзяцей. Пасля леглі спаць, чакалі, калі засне сын i ўкладуцца гаспадары, якія позна вячэралі, варылі варэнне.

Гаспадыня баялася прастудзіцца i не адчыняла люфціка на кухні, то ўсе яблычныя i слівовыя, бруснічныя пахі цягнуліся па кватэры, не давалі дыхнуць.

— Хай бы гэта я не адчыніла фортачкі...— прашаптала Валя, — то мяне б... Цэлы тыдзень яна бедавала б, што сцены сырэюць. Так i ведай, што ты ў гэтым вінаваты.

— Нічога, перажывём, — шапнуў Віктар, пагладзіў жонку па галаве, пацалаваў.

Яна адказала доўгім пацалункам. У гэтую хвіліну гаспадыня чагосьці залямантавала, выскачыла з кухні i з крыкам прабегла ля ix пакоя. Следам за ёю штосьці гупнула, а затым глухавата зазвінела. Здаецца, лыжка. Маладыя гаспадары сварыліся досыць часта, рабілі на ўвесь дом крыку, хоць не раз гэты шум быў з-за дробязей.

— О божа! — прашаптала Валя i адхінулася ад Віктара, закрыла твар рукамі.— Калі мы ўжо будзем адны?

— Будзем.

— Мілы мой! Добра, што так ты верыш, памагаеш мне. Што я рабіла б без цябе? Нe ведаю.

3

— Ну, бывай, — гаварыў праз тыдні два Віктару Вацлаў Іосіфавіч, калі яны засталіся толькі ўдвух.

— Дарэмна вы пакідаеце інстытут, — сказаў Віктар.

— Я ведаю, што раблю, каму перадаю аддзел, — неяк сумна, вельмі пастарэла за гэтыя дні ўсміхнуўся Вацлаў Іосіфавіч, памуляў шыяй, расціскаючы цесны, зношаны i пабялелы ад поту каўнер. Стаяў паблізу, пазіраў долу — на свой паўнаваты жывот, не прасаваныя даўно штаны, на зношаныя i крыху скрыўленыя на бакі свае туфлі з белаватымі наскамі, — а я...— ён стомлена ўздыхнуў, — папрацую ў іншым, больш спакойным месцы... Так будзе лепш. У воз ты запрогся, то цягні. Я таго не павалаку... Не спяшайся толькі на выкладчыцкую работу пераходзіць ці кабінетным зрабіцца.

— Ды пастараюся.

— A ў аддзел сам падбірай сабе работнікаў. Я наўмысна нікога не браў, хацеў даць табе гэта права. Бяры найбольш практыкаў. A Лідачку можаш узяць толькі дзеля аднаго — каб весялей было працаваць...

Віктар пачырванеў i нічога не сказаў: за гэтыя два тыдні Лідачка амаль не вылазіла з ix аддзела, увесь час кампліментнічала з ім, старалася ўсяк дагадзіць яму. Каб захацеў ён птушынага малака, то, здаецца, дастала б.

— Ну, усяго добрага, хлопец!— моцна паціснуў руку Вацлаў Іосіфавіч.— Працуй! — усміхнуўся i выйшаў з пакоя.

Віктар застаўся адзін. Яму стала неяк сумнавата, не верылася, што ён цяпер начальнік, будзе скора мець падначаленых, працаваць з імі. Неяк не хацелася быць без Вацлава Іосіфавіча, без яго мудрых парад, не хацелася ісці да дырэктара i дамаўляцца з ім, каго браць у аддзел. Не хацелася сустракацца з намеснікам дырэктара, які прасіў Віктара узяць яго пляменніка, сёлетняга выпускніка інстытута. Прасіў узяць хоць у лабаранты, каб той «абцёрся крыху», а тады ўжо ён сам, намеснік, пастараецца перавесці яго ў навуковыя супрацоўнікі.

У дзверы далікатна пастукалі.

— Прашу, — сказаў Віктар.

У пакой зайшла Лідачка. I сёння яна была ў новым крымпленавым касцюме — бурачковай блюзцы i сініх штанах, у новым светлавалосым парыку, была прыгожая i прывабная. У руках трымала букецік шэрай травы-мятлічкі.