— Тады пачакайце мяне, я плашч вазьму, — прамовіла яна i прайшла ля яго.
Ён замкнуў пакойчык, укінуў ключ у кішэню i паволі пайшоў па калідоры да лесвіцы. Падаваўся з адной толькі думкаю — каб ніхто яму не спаткаўся.
Па калідоры зацокалі абцасікі, i ён зразумеў: ідзе Лідачка. Азірнуўшыся, ён убачыў, як яна спяшаецца да яго, зашпільвае гузікі плашча, зацягвае пояс.
Моўчкі яны спусціліся па лесвіцы ў вестыбюль, выйшлі на вуліцу.
На дварэ не па-кастрычніцку разліваліся цяпло i відната — сінела неба, ярка сляпіла ў вочы гарачаватае сонца. Самотна i лёгка плылі між дамоў бліскучыя павуцінкі, чапляліся за карнізы i гайдаліся, не маючы сіл адарвацца.
— Каб вы лепш ведалі мяне, магу расказаць пра сябе, — сказала Лідачка, — Усё роўна прыйдзецца запаўняць анкету, то я цяпер хачу жывей гэта зрабіць.
— Раскажыце, калі падахвочваецеся, — згадзіўся Віктар.— Разам працуем, а ведаем адно пра аднаго мала.
— Як гаварыла, я яшчэ незамужняя, — жартуючы, пачала Лідачка.— Сватанні былі, але я адхіляла ix. Мне яшчэ толькі дваццаць тры гады, куды мне спяшацца? Так?
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Віктар.— У кожнага сваё.
— Тата — інжынер-будаўнік, мама — галоўны ўрач. Брат гэтаксама будаўнік, пайшоў па татавых слядах. Цяпер у Сібіры, на новабудоўлі. Я... Я яшчэ ніхто... У нас чатырохпакаёвая кватэра, дача i «Жыгулі».
— Няблага, — сказаў Віктар, — Вы вельмі важная нявеста. Каб быў халасцяк, то пасватаўся б.
— Я не хачу замуж!— запярэчыла Лідачка.— Чаго? Быць гаспадыняй? Не.
— А мама ваша?..
— Я не хачу так, як мама... Кухня, ванна...
— Вы не памагаеце?
— Не. На гэта ёсць пральня i рэстаран. Вось цяпер яны на дачы, то я хаджу есці ў кафэ.
— Добра вам, — сказаў Віктар.— Мне кожнага дня не ўдаецца прыйсці дахаты на ўсё гатовае. Бывае, што i сам хаджу ў магазін, сам гатую, мыю посуд, трачу на гэта шмат дарагога часу.
— Вы? — здзівілася Лідачка.— А кандыдацкая?
— Вось так i пісалася...— усміхнуўся Віктар.
— Дзіўна!
— Што дзіўна?
— Усё. У вас, канечне, харошая кватэра?
— Ды неблагая, — усміхнуўся Віктар.— Тры на чатыры крокі. I то не свая, наймовая.
— Вы жартуеце?
— Сур'ёзна.
— Але ж вы пра гэта нікому не гаварылі, — здзіўлялася Лiдачка.— Радаваліся ўсё толькі, што вам добра працуецца.
— А што гаварыць!.. Я магу вам яшчэ сказаць, каб зусім расчараваць вас. Пішу, а сын сядзіць на спіне i торкае ў руку, побач гудзе тэлевізар, ляскаюць цацкамі дзеці, крычаць, плачуць. Але маўчу i пішу. Прыйдзе жонка i загадае, каб бег у магазін...
— I так вы напісалі дысертацыю?
— Так.
— А што вы на маім месцы напісалі б? Доктарскую?
— На доктарскую сіл яшчэ мала.
— У мяне i на кандыдацкую няма...
— Добрыя ўмовы — гэта добра, — уздыхнуў Віктар.— Мне гэтага вельмі не хапае. Але нічога, дачакаемся.
— Затое ў вас ёсць нешта іншае...— сумнавата сказала Лідачка. Пазайздросціла ці наўмысна праліслівіла.
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Віктар, сказаў крыху хітруючы: — Гэтага ж не ўбачыш i не памацаеш.
— Яно само відаць... Калі ёсць, то ёсць.
— Вы, Лідачка, гаворыце загадкамі.
— Якія тут загадкі! Горкая праўда... Вашы рэкамендацыі ведаюць усе, i ў інстытуце, i ў вёсцы. У газетах толькі стракаціць: як параіў спецыяліст па льну Віктар Альфонсавіч... А я што? Нешта перапісаць, надрукаваць на машынцы, выпусціць газету ці ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці...
— Я думаў: вы болей задаволеная сабою...
— Нехта разумны сказаў, што кожны задаволены сабою, але не задаволены пасадаю, якую ён займае.
— Нічога, Лідачка. У нас усё яшчэ наперадзе.
— Ну, ладна, — сказала яна, — напраўду нешта будзе. Толькі хочацца быць на сваім месцы i каб цябе паважалі. Хоць бы так, як вас цяпер.
Віктар усміхнуўся i пасмешліва кіўнуў галавою, паглядзеў па баках i перайшоў вуліцу, падаўся ў невялікі скверык, у якім ляжала пажоўклае лісце, чулася прахалода i сырасць ад мокрай травы.
— Я вось падумала, — Лідачка зірнула яму ў вочы, — што мы маглі б быць сябрамі...
— Хіба мы не сябры? — усміхнуўся Віктар.
— Ну, сябры. Але толькі па рабоце. Мы ж маглі б знацца i іначай...— апошняе слова яна вымавіла з прыкметным хваляваннем, зірнула на яго вельмі прыязна, як даўно ў яго знаёмая i блізкая.
— Як?
— Прыйдзіце да мяне ў госці. Вось заўтра, у суботу...
— Саромеюся, — жартаўліва адказаў ён, пашкадаваў, што завязваецца такая размова.
— Каго? — як здзівілася яна.— Старых жа маіх няма дома, мы будзем толькі адны...
— А вы не баіцеся, што мы будзем адны? — Віктар захацеў жартам адмовіцца ад гэтай сустрэчы.— Я ж мужчына...