Выбрать главу

— Я ж запрашаю вас...— яна пазірала пільна яму ў вочы, гаварыла вельмі інтымна.— Асабіста запрашаю...

Віктар прыпыніўся, пазіраў на Лідачку i бачыў, што яна задумала гэта даўно, словы яе былі падрыхтаваны загадзя.

— Я вас пачастую цудоўным каньячком, — яна ўзяла яго за гузік, які вісеў на плашчы на адной нітачцы, i, мусіць, вельмі хацела прытуліцца.

— Дзякуй, — сказаў ён, — мяне жонка па суботах i нядзелях частуе півам.

— Ёсць чорная ікра...— сказала Лідачка, ужо крыху саромеючыся, што ён так адказвае.

— Жонка вельмі смачна гатуе бульбу.

— Паслухаем новыя пласцінкі...— запунсавела Лідачка.— Я для вас усё магу...

— Я люблю тэлевізар.

— Які вы!— прамовіла Лідачка i павярнулася ўбок, i ёй, відаць, было не зусім прыемна, бо яна моцна закусіла губу, гучна дыхала.

— Які я? — спытаў ён.

— Не падабаецеся вы цяпер мне...— не гледзячы на яго, адказала яна.

— Затое такі я сам сабе падабаюся...— сказаў ён i падумаў, што астатняе, чаго не дагаварыў, яна павінна зразумець i без слоў.

«Трэба, мусіць, развітвацца i ісці адсюль», — падумаў ён, адчуваючы, што яму ўсё стала ясна.

— Вы вельмі любіце яе?— спытала Лідачка голасам, які, здаецца, уздрыгваў.

— Каго?

— Жонку сваю?

— А! — усклікнуў Віктар.— Не скажу. Я пра гэта нікому не кажу. Але вы не крыўдуйце на мяне, не перажывайце, што вы так, а я так... Так трэба. Толькі так.

— Але вы ўспомніце гэта, пашкадуеце... Трэба ведаць, ад чаго варта адмаўляцца, а ад чаго няможна...

— Не ведаю, — паціснуў Віктар плячыма.— Але мне пара.

— Будзьце здаровыя! — хутка i халаднавата сказала Лідачка i, не азіраючыся, апусціўшы галаву, шпарка затупала адсюль (матляліся толькі яе калашыны) на вуліцу, дзе бліскалі акенцамі аўтобусы.

4

— Што ты такі ўсхваляваны?— здзівілася Валя, калі адчыніла Віктару i Сяргейку дзверы, — I духамі чужымі пахнеш... Відаць, напраўду нейкую кралю завёў?..

Яна стаяла ля парогa i трымала ў руках нож, які бялеў, — відаць, толькі што абірала ім бульбу. Сёння ў жонкі быў добры настрой, i Віктар не захацеў ёй расказваць пра Лідачку, рашыў, што будзе лепш, калі ён прамаўчыць. Як раскажа, то нічога гэтым не паправіць, але жонку растрывожыць...

— Ды ўсё добра, — усміхнуўся Віктар.— Развітаўся нядаўна з Вацлавам Іосіфавічам, вось i перажываю... Дасюль ён кіраваў, а цяпер трэба ўсё самому...

— Ну што ж!— супакоіла яго жонка, відаць, радая, што ён атрымаў павышэнне.— I ён, i ты ідзяце ўгору... Так, можа, i трэба. Жыццё...

— Так, жыццё...— згадзіўся Віктар, паклаў пакунак з кнігамі на пральную машыну, што стаяла пад люстэркам тут, у калідоры, i пачаў распранацца.— Але дае нам задачы гэтае жыццё... Сёння такую, заўтра зусім іншую, як пробуе цябе на зуб...

— Нешта ты расфіласофстваваўся, — усміхнулася жонка, — гаворыш загадкамі...

— Якія табе тут загадкі!— сказаў ён.— Тут не ведаеш, якія даць адгадкі...

Ён павесіў плашч на вешалку, дзе было поўна ix i гаспадарскай вопраткі. Зайшоўшы ў свой цесны пакойчык, скінуў касцюм, кашулю i надзеў трыко. Пасля памыў рукі i дастаў з шафы чыстай паперы — у шафе ляжала i вісела адзенне, ляжалі кнігі i яго паперы. Кнігі яшчэ былі ў канапе, на акне i ў чамаданах — складваліся ўсюды, дзе знаходзіўся вольны куток.

Разгарнуў пакунак, у якім на рускай i англійскай мовах былі кнігі пра лён, сеў за стол, адкінуў убок газеты, выпадкова вытрасеныя аўтобусныя талоны, адставіў гучны будзільнік — вельмі любіў, каб стол быў чысты, каб ні за што на ім не чаплялася вока. Жонка яму нават дзеля гэтага нядаўна купіла белы ліст паперы, засцілала яго на сурвэту, але цяпер ліст гэты ляжаў у калідоры пад абуткам, быў непрыгодны для стала: яго змаляваў сын.

Сёння Віктару добра чыталася, запаміналася (ён някепска ведаў англійскую мову), ён ледзь паспяваў запісваць у сшытак тое, што яму трэ было для работы. Заўсёды так — пасля вялікай радасці, хвалявання, трывогі ці злосці ён чытаў ці пісаў многа i лёгка. Горш было, калі душа спакайнела, была як сонная. Тады соннымі былі i думкі, не знаходзіліся патрэбныя словы. Ён, звычайна спакойны, ціхі, злаваўся тады на сябе, на сям'ю, усё яму не падабалася, хацелася перакласці з месца на месца, а людзей выгнаць з пакоя. Калі жонка хацела яму што-небудзь сказаць ці спытаць у яго, ён яшчэ больш злаваўся, крычаў на яе. Спярша яна крыўдзілася, нават плакала, падоўгу не гаварыла з ім, пасля стала прывыкаць да гэтага i разумець усё. Разумець — што значыць быць жонкай апантанаму навукай чалавеку.

Вось i сёння падышоў да яго сын, штурхнуў у локаць i штосьці прасіў, але ён не чуў i не хацеў адрывацца ад кнігі. Адчуў, што зайшла з кухні Валя i забрала Сяргейку з сабою, ціха зачыніла дзверы, а на кухні падкруціла радыё i старалася не пускаць з кранаў вады, a калі пускала, то скіроўвала струмень не на дно ракавіны, а на яе сценку — каб не было шуму.