Віктар нават i не пачуў, калі жонка клікала яго вячэраць. A калі пачуў, то зморшчыўся, незадаволена замахаў рукамі, сыкнуў на яе, падумаў, што яна можа пакрыўдзіцца, але не стаў папраўляцца, чытаў далей. У такія хвіліны ён мог думаць пра свае, гаварыць з жонкаю, слухаць яе, хоць часамі спазняўся адказваць на яе пытанні, i Валя ўжо добра ведала, што тады не трэба зусім чапаць яго.
Жонка суцішылася на кухні. А ён пісаў i чуў, што вярнуліся гаспадары, распраналіся, скідалі туфлі i абувалі тапачкі. Ix дачка штурхнула сюды, у пакойчык, дзверы, аж яны ляснулі аб столік i зазвінелі шклом. Столік стаяў ля сцяны, i ў ім было поўна шкляных слоікаў. Некалькі з ix было вось так пабіта дзвярмі гаспадарскай дачкою.
Віктар нават не азірнуўся. Гаспадары забралі дзіця, зачынілі дзверы. Рабілі яны ўсё гэта голасна, з шумам, схадзілі на кухню, выклалі ў халадзільнік пакупкі i падаліся ў свой пакой, спрачаючыся, што трэ было купляць не трыста грамаў свінога фаршу, а дзвесце.
— Паеш ты, — праз нейкі час дакранулася да яго пляча жонка.
Ён зірнуў на яе, усміхнуўся.
— Які ты! — сказала яна, прытуліла яго галаву да грудзей.
— Які?
— Аж вочы высушыліся...
Віктар напраўду адчуў, што цямнее ў вачах, сыплюцца бела-жоўтыя іскры, ныюць плечы, а на душы такое адчуванне, што ён цяпер — як той калодзеж, што вычарпаўся: выбралі ваду нават з пяском, але вільгатнее па баках, сцякаюцца, звісаюць, буйнеюць i падаюць кроплі, блішчаць на дне...
Ён устаў, пагладзіў жонку па плячы. Яна моўчкі схілілася да яго.
— Не пашанцавала табе са мною...— сказаў ён.
— Чаму, Віця?
— Другія мужы як мужы, а я... Сяджу во, яе гляджу, — ён кіўнуў на новыя кнігі i лісты паперы.
— Не гавары так. Можа, я не самая шчаслівая, але мне не так ужо i блага... Я ўсё разумею. Будзь ты цяпер іншы — я не ўяўляю...
Віктар нічога не сказаў, толькі пацалаваў жонку.
— Любіш? — шапнула яна.
— Вельмі люблю.
— I яе, гэтую навуку?
— I яе.
— I мне трэба змірыцца, што ты дзеліш сваё каханне?
— Трэба.
— I ганарыцца, што я жонка вучонага?
— Канечне.
— I не перажываць, што ты спіш на раскладушцы, а я дасюль усё яшчэ не маю крымпленавага касцюма?
— Перажываць, але верыць у лепшае.
— Прафесар ты мой! — Валя абхапіла яго за шыю, неяк загадзя паўраскрыла вусны i моцна пацалавала яго, як ніколі дасюль, — Але ж, праўда, i я памагла табе стаць кандыдатам? Не толькі лыжкі мыю...
— Без цябе я...
— Ну, не трэба, — папрасіла яна.— Хадзем есці. Я гэтаксама яшчэ расінкі ў роце не трымала.
— Ну, ты! — нахмурыўся Віктар.
— Маўчы...— усміхнулася яна, — не крычы. Сам жа ведаеш, што мы з табой так мала бываем разам. Пасядзім ды пагаворым.
— Падумаў я вось, жонка: кіну я ўсё гэта, не буду так старацца чытаць усе навінкі, многа ездзіць у вёскі i практыкаваць, — усміхнуўся Віктар, — задаволюся тым, што ёсць. I спецыяліст я ўжо неблагі, яшчэ доўга будуць патрэбныя мае рэкамендацыі, i кавалак хлеба будзе. Лепш знайду болей часу схадзіць з табою ў кіно ці возьмем адпачынак i паедзем да мора, будзем толькі ўдваіх...
— Не ўцерпіш ты, каб не прачытаць што новае, не з'ездзіць у вёску ці на эксперыментальную базу, — усміхнулася Валя.— Гавары гэта некаму, толькі не мне. Я цябе ўжо добра ведаю... Не ўцерпіш, мілы, i рады новаму бесклапотнаму жыццю не будзеш... Ды i я не хачу гэтага, хоць мне часамі i нялёгка — пазлуюся на цябе, папракну, — сказала Валя i пацягнула яго за руку за сабою.— А пакуль што хадзем сіл набірацца. Ix яшчэ многа трэба табе.
1974
I свае, i чужыя
1
Рэгіна ішла-ішла, а пасля міжволі зірнула ўверх: на белыя, што гурбы снегу, толькі па краях падсіненыя воблакі заплыло невялікае няяркае сонца i раптоўна ўзвіўся налётны дзьмухавей. Здаецца, прамчаўся, гонячы замець, па доле, ударыўся аб сцяну, падскочыў угору, засвістаў пад страхою, а пасля выскачыў на дах i змёў з яго сухі снег. Ён, сыплючыся з даху, лёгка падаў долу, церусіўся i выснежваў абкладзеную рудою пліткаю сцяну, высокую елку, рослага мужчыну ў чорнай пыжыкавай шапцы i ў чорным паліто. Ён стаяў паблізу дома i пазіраў на сваю руку — на гадзіннік.
Як убачыла, што мужчына ад неўспадзеўкі ўгнуўся, ледзь не ўцягнуў у плечы шыю, Рэгіна развесялілася i ўсміхнулася, хутчэй пакрочыла да яго па рыпкім снезе. Яшчэ нядаўна яна адчувала стомленасць ад доўгай працы, ад непрыемнай спрэчкі са сваім мармытлівым намеснікам, але цяпер адразу ўсё — i стома, i спрэчка — забылася, з'явілася лёгкасць, тая сіла, вера, з якімі не толькі хацелася жыць, працаваць, але i ахватней верылася ў такое блізкае i такое няўлоўнае жаночае шчасце...