Сяргей не паспеў ёй нічога адказаць: падышла Жэнечка.
— Разумееш, Жэнечка, ён сёння юбіляр, дык i прынясі што-небудзь лепшае, — з жартам сказала ёй Рэгіна.
— Вшыстко бэндзе ў пажондку! — усміхнулася тая i адышлася.
— Ну, як табе на новай пасадзе? — Сяргей перамяніў гутарку.— Прыемна ці цяжка кіраваць?
— Яшчэ не разабралася...— паціснула яна плячыма, з любасцю пазірала яму ў вузкаватыя блакітныя вочы, у куточках якіх было ўжо крыху сталых маршчын. Ix ёй цяпер чамусьці вельмі хацелася пагладзіць пальцам, а то i пацалаваць — хоць яе на рабоце лічылі строгай жанчынай, але яна была не строгая, парою адчувала вельмі вялікія прылівы чуллівасці i пяшчоты.— Пакуль што няёмка, Сярожа, што начальнік над многімі сталымі людзьмі, маю большую за ўсіх плату. Няёмка, што равесніцы крышку зайздросцяць, а пажылыя недалюбліваюць: як гэта так, што не з ix каторую, a дваццацісямігадовую, не надта яшчэ ўмелую, як яны лічаць, бухгалтарку паставілі галоўбухам такога вялікага выдавецтва. Хоць людзі ёсць людзі: паставілі б на маё месца старэйшую — зайздросцілі б i ёй. Такія яны ўжо, гэтыя зайздроснікі... На мяне нават туды, — яна ўсміхнулася, паказала пальцам угору, — напісалі ананімку. Маўляў, разведзеная, a кіруе калектывам... Праўда, у мяне адтуль толькі далікатна спыталі, чаму я развялася...
— Прывыкнеш, — усміхнуўся ён.— Пройдзе год-другі, дык i думаць не зможаш, як гэта ты магла раней без такой працы... Як я цяпер не ведаю, як гэта мог раней не быць галоўным канструктарам нашага заводзіка...
— Праца мне падабаецца, толькі вось, можа, зашмат усякай пісаніны, — прамовіла Рэгіна.— Кліенты нашы — народ вучоны, са званнямі ды ўзнагародамі. Глядзіш на ix, вырачыўшы вочы, што ні чалавек, дык талент-выкапень! Адзін такі мілы барадаты дзядуля-ўдавец вельмі сімпатызуе мне: як толькі атрымае ганарар, дык цукеркі прыносіць, у рэстаран запрашае...
— Ты глядзі!— Сяргей кіўнуў на яе пальцам.— Не пагляджу, што ён творац, геній, так трасяну ў рэўнасці, што не толькі згубіць свой талент... Я i ў наш касмічны век па-старамоднаму раўнівы... Трымайся лепш мяне — звычайнага служачага са звычайным акладам...
— А я вось думала: а што, каб i пайсці замуж за гэтага дзядулю? «Волга», дача, кватэра-люкс, жонка акадэміка, бібліятэка i яшчэ спецыфічная кніжка з кругленькай сумай... Колькі там яшчэ ён працыльгікае?..
Сяргей як разгубіўся ці праглынуў язык, бо нічога не адказаў. Толькі мармытнуў нешта, варухнуў вуснамі ды сціснуў ix з крыўдаю.
— Не злуйся, раўнівец старамодны, — яна ўсміхнулася, пагладзіла яго па руцэ, што нервова застукала пальцамі па стале, — Я ж ніколі гэтага не зраблю... Адно, што caгpашу ў думках...
Вярнулася Жэнечка. Прынесла маленечкі графінчык каньяку, пляшку мінеральнай вады, па дзве талерачкі са свежымі гуркамі i сухою кілбасою, бутэрброды з чорнай ікрой.
— Булён, эскалоп ды каву пасля, — сказала яна, ставячы ім стравы на стол, — Смачна вам есці i піць!
— Дзякуем, — амаль у адзін голас адказалі яны.
— Ну, мілы, за твае слаўных трыццаць годзікаў! — калі Жэнечка адышлася i Сяргей наліў у чаркі пітва, ціха сказала Рэгіна, пазіраючы то на рудую пахкую вільгаць у кілішку, то на пачырванелага ад хвалявання Сяргея.— Будзь i ў сорак, i ў пяцьдзесят гэтакі ж здаровы, шчаслівы, май вялікія ўдачы па рабоце i ніколі не забывай ды не пакідай аднаго знаёмага табе чалавека...
— Дзякую!— усміхнуўся i ён.— Але давай толькі дамовімся, каб гэты знаёмы чалавек, з якім мы хутка будзем святкаваць гадавіну першай сустрэчы, таксама не забываў мяне, не меў больш ніколі такіх... ну, грозных думак у галаве...
— Ён абяцае табе гэта...— усміхнулася, дакранаючыся да яго кілішка, Рэгіна.
— Вось i добра, — узрадаваўся ён.— Мне болей нічога i не трэба.
Яна плюснула яму раз-другі вачыма, ціхенька пацмокала вуснамі — маўляў, моцна-моцна цалуе яго.
...Як пасядзелі яшчэ, пагаварылі ды патанцаваліся, выйшлі адсюль яны не позна, але i не рана для яшчэ кароткага лютаўскага дня — сама згусцілася, паніжэла над горадам шэрае, як туманістае, неба, неяк жаўцеючы ад агнёў. Ля тратуараў i надта ля дрэў прычарнеўся снег; вакол пакрысе пачаў аціхаць, здаецца, няўмоўчны гарадскі шум, i таму ўжо добра чулася, як i далёкавата на шырокіх вуліцах праходзілі аўтобусы ды тралейбусы. Тралейбусы гучна ляскалі падпоркамі аб дрот, бліскалі на стыках агнём, кідаючы долу яркія іскры.