Падхапіўся, паціснуў марозік, пачаў шэрхнуць снег, што крышку прыадтаў за сонечны дзень. Але ўсё роўна неяк адчувалася, трывожыла душу няяснае пачуццё, што свяціла сонца, падалі ў зацішку з дахаў кроплі вады, што цяпер, нанач, загусцелася, правісла яшчэ маленькімі i тоненькімі ледзяшамі, што праталіўся снег ля нагрэтых камлёў дрэў, што мякка ўжо дымеліся стрэхі маленькіх дамоў, што стаялі між высокіх гмахаў, словам, трывожыла, што пара ішла да цяпла... Як гарачым, сухім летам прагнеш халоднай, снежнай ды мяцелістай зімы, гэтак такою вось зімою чакаеш вялікага святла, зелені ды сонечнага прыпёку...
— Спыняем першае, што трапіцца, таксі i едзем...— лагодна сказаў Сяргей, тулячы яе ды моцна абдымаючы за спіну, і, як толькі засталіся адны на вузкай цемнаватай вуліцы, пацалаваў яе ў куточак вуснаў.— Чуеш?
— Не цалуйся на марозе...— усміхнулася яна.— I давай, мілы, пройдземся. Такі слаўны вечар! Хочацца некуды ісці i ісці, як да блізкага свайго шчасця...
— Я вельмі хачу хутчэй быць дома...— ён шапнуў ёй у вуха перарывістым голасам, даткнуўся вуснамі да яе мочкі вуха, што яна аж уздрыгнула.
— Вельмі хочаш хутчэй паехаць?— запытала яна крышку з какецтвам, бо хацела, каб ён гаварыў i гаварыў ёй пяшчотныя словы, туліўся, ад чаго ў яе заўсёды аж перахоплівала дыханне, крышку кружылася галава i на душы станавілася лёгка.
— Вельмі! — шэптам адказаў ён, прыгарнуў да сябе, пацалаваў.
— Паехалі тады хутчэй, міленькі...— са згодаю прашаптала яна, адчуваючы, што ў яе чамусьці раптоўна аслаблі ногі, але на душы напраўду стала лёгка, шчасліва, як яна была ў якім харошым сне...
2
З ціхай вуліцы — праз не зусім шчыльна зацягнутыя занавескі на акне — струменілася ў цёмны i ціхі пакой ліхтарнае святло, рассявалася, ад чаго тут выстойваўся жоўты паўзмрок.
Рэгіна, зусім ахмялелая, стомленая, але вельмі лёгкая, як зусім бязважкая, легла на Сяргееў смуглы плячук i пазірала яму ў твар, як не верыла ўсё роўна, ці тут яна, ці побач з мілым чалавекам, ці яны іменна зведваюць гэтакае шчасце, гадала, a ці паўторацца яшчэ калі такія цудоўныя хвіліны?
Сяргей, заклаўшы рукі пад галаву, ціха i спакойна ляжаў побач, накрыўшыся па грудзі цёплай коўдрай, ледзь-ледзь прыкметна пасміхаўся, а пасля прыхіліў яе за шыю да свайго пляча i пагладзіў далонню па спіне.
Яна тулілася шчакою да яго грудзей, слухала, як там, аціхаючы, тахкае сэрца, i ўспамінала, нават не ўспамінала, а, здаецца, усё яшчэ чула, што гаварыў Сяргей ёй, што сама з пяшчотаю шаптала. Чамусьці цяпер засаромелася, што была такая i што Сяргей быў такі. Заплюшчыла вочы, усміхнулася: вось такія яны абое...
Але не хацелася ні пра што гаварыць, цягнула памаўчаць, паляжаць прытуліўшыся i нават ні пра што не марыць, а хутка заснуць. Каб i цяпер, i прачнуўшыся, адчуць сябе шчаслівай, адчуць, што зноў будзе наперадзе любімая работа, сям'я, зноў будуць такія вось жаданыя сустрэчы з Сяргеем...
Рэгіна паляжала крыху, моўчкі пацешылася сваім шчасцем, а пасля пачала соладка драмаць, паглыбляцца ў нейкае салодкае, лёгкае i жаданае мроіва-цяпло, як неспадзявана, аж уздрыгнула, пачула рэзкі званок у дзверы.
I Сяргей, які гэтаксама сонна ўжо дыхаў, падхапіўся, сеў, пачаў шукаць позіркам, дзе цяпер ляжыць поспехам скінутая кашуля.
— Я пагляджу...— сказала Рэгіна, села, лёгка паваліла яго локцем на падушку, пасля азірнулася, прыкрыла грудзі коўдраю, з сорамам усміхнулася: — Не глядзі, пакуль не адзенуся.— Палэпала вольнаю рукою па коўдры, па нагах, абмацала там сваю беленькую сарочку, нацягнула яе праз галаву i, абхінаючы яе на клубы, перакулілася цераз яго, хуценька босая пайшла з пакоя ў калідор.
Яна зрэдзь, надта ў астатнія месяцы, моўчкі ды з рэўнасцю пакутавала, што ў Сяргея, можа, ёсць яшчэ i другая жанчына. Да свайго былога мужа, за якога, здаецца, выйшла па каханні i з якім пражыла разам чатыры гады, ніколі не мела рэўнасці, хоць ён у апошнюю пару вяртаўся дамоў i за поўнач: яна душою адчувала, што ў яго няма жанчыны-каханкі, што ён i не імкнецца яе завесці, у яго толькі ёсць прагавітасць да гарэлкі, што губіла i яго, i сям'ю. А вось амаль непітушчага Сяргея раўнавала, не раз далікатна распытвала пра знаёмых яму жанчын, але ён, калі чуў яе гэтыя сумненні, у вернасці ёй не кляўся, толькі пасміхаўся i з усмешкаю ківаў галавою.
«Эх, жанчыны вы, жанчыны!» —гаварыў ён.
I гэта яе трывожыла: падумай, калі табе, жанчыне, мужчына гаворыць зашмат пяшчотных слоў, але неяк i насцярожвае, калі ён надта ж ашчадны на ix — ці не мае ён другой жанчыны?
I вось нечаканы званок. Пра тое, што ён будзе. Сяргей дагэтуль нічога не гаварыў. Нешта трывожна ёкнула ў душы: гэта не суседка ці Сяргеева былая жонка, а гэта яна, тая таемная, грозная красуня суперніца!