Той раптам, як толькі даткнуўся да раны, адхапіў — як ад агню — руку, якая стала чамусьці чырвона-яркай, зацёр яе аб зямлю.
— Ды вось яно што!..— усклікнуў ён.— Ваўке цябе парвалі... Беднае ты мае, бязвіннае...
I ён хуценька ўстаў, нарваў паблізу травы i ёю, прыціскаючы, выцер ніжэй раны, кінуў убок, зноў вырваў i працягнуў жмут да калена — услед за яго рухам нага запякла, зайшлася ад болю. Адляцеліся i зазвінелі мухі.
— Трэба ратаваць цябе, цяля маё, — сказаў ляснік, падсунуў пад жывот ласяняці спачатку адну, а пасля i другую руку, падцягнуў, выносячы з-пад куста, пасля падкінуў; высока падняў, што ў ласяняці не толькі абвіслі доўгія белаватыя ногі i не маглі дастаць зямлі, але i закружылася ад непрывычкі галава, i панёс, блытаючыся ў роснай папараці, што па грудзі рабіла вільготнай вопратку носчыка.
Паперадзе ix пабег сабака — падаўся не скачкамі, аж выцягваючыся, як беглі сёння ваўкі, a задрабязіў, часта прыпыняючыся i нюхаючы зямлю: там, прыходзячы з поля, жылі мышы, рыўся, выварочваючы чорна-жоўтыя купіны, стары крот.
За драбналессем, якое ўжо высыхала ад ранішняга, але вельмі цёплага сонца, пачалося знаёмае канюшыннае поле, дзе ласяня з маці не раз ласаваліся смачнаю травою, калі не было надта горача, то i ляжалі, адпачывалі, напіўшыся вады ў блізкай рэчцы i вяртаючыся ад яе ў лес.
Хутка яны цяпер падышлі да зарослай кустамі, аерам старой рэчкі, дзе закіданая гніллём вада была нясмачная, абагнулі яе i апынуліся ля амаль безбярэжнай, стромкай новай рэчкі-канавы, дзе яны пілі золкам ці зусім познім вечарам плыткую смачную ваду, за якой — у цемнаватай зелені i сярод мноства дамоў — чуліся тыя знаёмыя галасы. Яны з маці часта стаялі тут, на беразе, i з вялікай цікавасцю глядзелі туды, гадаючы, што там за жыццё...
Носчык прайшоў берагам i апынуўся ля кладкі, неакораных, але гладкіх зверху жэрдак, перакінутых з аднаго берага на другі. Ступіўшы, ён пагойдаўся i паволі, калышучыся, бокам падаўся на другі бераг, дзе яно ні разу не было: страх i боязь за сваё жыццё праходзілі, але незнаёмыя мясціны з дзіўнымі галасамі, з дзіўным, не лясным, пахам, таемная будучыня так расхвалявалі, што ад усяго гэтага ўзрушэння заслязіліся вочы i пачалі падаць з ix на зямлю буйныя кроплі...
2
Ляснік, прыйшоўшы дамоў не вуліцай, а сценкай, праз загадзя адчыненыя жонкай дзверы ўнёс ласяня ў хату, за парогам якой стаяла вялікая печ, дзе шугала полымя i кіпела вада ў гаршках. Тут стаяў зусім незнаёмы для ласяняці дух, якім яшчэ там, у прылеску, пахнуў гэты чалавек.
Ласяня апусцілі i палажылі ў кут на цвёрдую падлогу, а сам носчык разагнуўся i памахаў, мусіць, здранцвелымі рукамі.
— Дзе ты яго ўзяў?— спытала невысокая поўненькая гаспадыня.— Такое ж яшчэ малюсенечкае...
— Падабраў у Кавалёвым бары, — адказаў муж, высокі, плячысты, сярэдніх гадоў мужчына.— Ваўке зад парвалі, а матку, відаць, уходалі. Каб яшчэ з гадзіну якую, то i яму капцы былі б: крывёю сышло... Трэба спіртам абмыць рану ды падбелам прыкласці. Схадзі ты, Маня, нарві...
— Божа, ты мой божа!— пабедавала гаспадыня, збіраючыся выходзіць на двор.— Гэтакае маленечкае, колькі яшчэ там пажыло, a ўжо такі боль... Хай яе з такой доляй!.. Хоць дзікі звер, але як шкода...
Жанчына, накульгваючы, падалася з хаты, а мужчына падышоў да ляжанкі-печы, палэпаў па ёй, намацаў белую анучу, трасянуў яе, што пасыпаўся пыл, пагамтаў у руках, падышоў да вузкай высакаватай шафкі, адцягнуў верхняе шкло i дастаў бутэльку, у якой напалавіну было празрыстай вадкасці. Адкаркаваўшы зубамі бутэльку, ён лінуў з яе на анучку, якая ўвачавідкі памакрэла, што з яе ўпалі долу кроплі, запахлі незнаёмым хмелем — намнога мацнейшым, чым пахне паслядажджовы лісцяны лес.
Паставіўшы на месца бутэльку, мужчына падышоў да яго, ласяняці, нагнуўся i прыклаў халодную анучку да раны — ад чаго яго сцягно, здаецца, апалілі агнём.
Яно дзіка замукала, спрабавала ўскочыць, але ляснік паклаў другую дужую руку на спіну i прытрымаў, супакойваючы: «Ну, пацярпі, маё цялятка, папячэ яшчэ троху i сціхне!..» — i вадзіў ды вадзіў, выціраючы, латкаю па ране i вакол яе, раз за разам перакручваючы анучку, хаваючы ў сярэдзіну камячка крывяныя плямы. Выціраў, трымаў спіну i сам ад нечага крывіўся, робячы зусім маленечкія вочкі.
Ласяня моцна-моцна заплюшчыла вочы i зайшлося ад болю, ад якога закалола ў скроні, думала, што вось то ўжо напраўду наступіў канец. Але пасля — i нават нечакана — боль пачаў паціху слабець, пакідаючы толькі пра сябе напамінак, шчымлівы зуд, — i здалося, што параненая нага, якая торгала, палягчэла, стала лёгкая-лёгкая. Мужчына гладзіў яго па галаве, шыі — i яно сцішылася, ткнулася галавою да цвёрдага долу, стомлена, але з палёгкаю заплюшчыла вочы, адчуваючы, што будзе жыць, што небяспека праходзіць, прападае, а замест яе прыплывае спакой ды суцяшэнне, што стала менш балець, а пасля раптам захацелася есці: сёння маці не паспела яго пакарміць з-за ваўкоў, збегла недзе з поўным вымем, якое цяпер, можа, пырскае на зямлю... Ад успаміну пра цёплае салодкае малако ў ласяняці сабралася ў роце сліна, i тая, якую не паспела пракаўтнуць, пацякла на ніжнюю губу...