Выбрать главу

Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля — i яны, як штодня ў двары, іматнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі — i Губаты, зусім не спалохаўшыся, a дурасліва i як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі i гайцануў далей, імгненна п'янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.

За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, — i ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, i ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк i памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але i ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву i нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.

Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста — i зноў хуценька адскочыўся, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап'яненне воляй прайшло, i ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што i лес сустрэў яго непрыхільна. Падаўся далей паволі, баючыся, каб зноў не наткнуцца на што калючае.

I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» — а гэтаксама тоненька, як камар, плача дзяўчынка: ён зразумеў, што далёка адбегся, пакінуў адных сваіх сяброў. Падумаў так i затрусіў назад.

Выскачыўшы з лесу, згледзеў, што ляснік трымае на руках i спрабуе несці дамоў дзяўчынку, якая вырываецца i румзае.

— Губаты, Губаты! — радасна закрычаў хлопчык — босы, у кароткіх трусіках ды майцы, — а пасля хутка-хутка пабег насустрач.

Убачыўшы гэта, ляснік апусціў на зямлю дзяўчынку ў кароценькай кашульцы, босую, i яна гэтаксама падалася сюды за хлопчыкам, крышку смешна віхляючы крываватымі ножкамі. Бегла i нешта радаснае крычала.

Яны сутыкнуліся з хлопчыкам i пакаціліся долу (Губаты падаў першы, каб не пакалечыць малога); хлопчык хутка ўсхапіўся, абняў за шыю, прытуліўся, шэпчучы: «Губаты мой! Губаценькі!» Падбегла, гопнулася на яго i дзяўчынка, гэтаксама абхапіла шыю мякенькімі маленькімі ручкамі, а пасля i прытулілася поўненькаю шчочкаю — i Губаты не вытрываў, заплакаў, што ў яго такія верныя, мілыя маленькія сябры...

— Ты маніў нам...— папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды.— Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят... Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас... Я яго буду карміць...

— I я буду кальміць...— паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз.— Ты нядоблі, татусь...

— Добра вы робіце, дзеці, i нядобра...— зморшчыўся, нарэшце азваўся ён.— Хораша i люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер i павінен жыць у лесе. Там яго дом... Пасцель, яда, воля... Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі... Гора бывае, бяда... Я ж ведаю...

Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў i пабег да яшчэ аднаго сябрука — да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур'ёзных бацькавых слоў, памчаліся i шчаслівыя дзеці.

4

Губаты — так ужо выйшла — застаўся ў лесніковай гаспадарцы. Летам i ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем i карою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, i да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.

На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай i свіннямі. Тыя не хацелі падружыцца з ім — надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго, — цяжка было пераносіць пах гною i цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка i не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай i цялём да абмёрзлай лёдам студні.

За зіму ён зусім змяніўся — выцягнуўся, пастрайнеў i памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба — там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.

Вясною, калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля i пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова i падрослы, пазласнелы i не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес i яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што i ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі i тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.