1976
Золкая раса
1
...Калі ўгарэліся тоўстыя сухастоістыя, пакладзеныя адзін на адзін вываратні, звуголілася i спапялілася дробнае галлё, Здзіслаў паблізу сябе надзяўбаў рыдлёвачкай зямлі i ўскінуў яе на жар. Той адразу прытух, прычарнеў, а сыры пясок, грэючыся ды высыхаючы, пачаў шарэць, сыпацца праз вуглі на дол.
Гэтае невялікае, але яркае вогнішча палала на тупкім грудку-паляне ў густым, ад таго i зацішным стараватым хвоініку. Палымяныя языкі, іскры імкнуліся ўвысь, дзе адразу за цёплым i мільгатлівым паветрам усё ніжэй ды чарней згушчалася кастрычніцкая цемень, ухалоднівалася сыраватае неба. Калі вада, што выпарвалася з сыраватага камля, лілася на нямоцны яшчэ агонь, тушыла яго, дык цемра абрыньвалася ледзь не да зямлі, a калі агонь большаў, цёмная навісь адступала — i асветленая паляна мігам прастарнела.
Вакол вогнішча — на кучках назапашанага наноч сушняку — сядзелі Здзіслаў, яго жонка Валя, i паблізу яе стаяў ён, Мішук.
Муж i жонка Акаловічы паспускалі галовы, пазіралі моўчкі на шапатлівы агонь i, здаецца, ні пра што не думалі, хіба толькі з нейкім дзівам глядзелі на свае макраватыя штаны ды чаравікі. З ix цяпер — ад угрэву — цяплілася пара; Мішук зажмурваўся ад гарачыні, дыму, што выядаў вочы, нагінаў галаву над агнём i стараўся ўбачыць, ці не выкіпела вада ў падвешаным на сырой жардзіне кацялку — у ім варыліся грыбы. I агонь, i пара, i дым пяклі ў шчокі ды ў лоб, але ён усё ж пабоўтаў лыжкай у кацялку i адчуў, што там яшчэ рэдка, яшчэ не будуць падгараць дробна пакрышаныя сыраежкі.
— Ну, вось i пара, браткі мае, бульбу пячы! — нарэшце парушыў маўчанне, усміхнуўся Здзіслаў, падняўся i — нейкі вельмі ж тоўсты ў свае дваццаць дзевяць гадоў, у чаравіках, у джынсах, у самаробным світэры — падаўся да свайго жаўтаватага «Запарожца», што стаяў непадалёку, ля самай туга нацягнутай палаткі, — на ёй цяпер жоўта адбіваўся бляск вогнішча, асвятляў, з нейкаю прагаю выхопліваў з цемені.
Здзіслаў нагнуўся, лэпнуў раз-другі далонню па задніx — даволі ўжо з'езджаных — колах i, мусіць, адчуўшы, што яны нагрэліся, упёрся грудзінай i адапхнуў машыну далей. Пасля ўзяў з яе рэчмяшок i вярнуўся да агню.
— Гэта ж, браткі мае, адны прысмакі — печаная ў прыску бульба! — сказаў, прысеў ля яго, Мішука, развязваў некалі зялёны, а цяпер ужо шараваты ад старасці рэчмяшок i дастаў цэлафанавы мяшочак, завязаны капронавай белай ніткай. У ім было з паўвядзерца бульбы. — Зараз, браткі мае, пачастую вас, векавечных гараджан, лепшаю беларускаю страваю... Ласункам пастухоў i начлежнікаў — вялікіх рамантыкаў... Як i мы во сёння...
I Мішук, i Валя прамаўчалі. Толькі ён зірнуў на яе i ўбачыў, як яна сціснула вусны, усміхнулася, пацешылася з мужавага «браткі мае» ды яшчэ ад напаміну, што ён, яе гэты муж, некалі, у сваім вясковым маленстве, доўгі час быў падпасавічам — у кожныя летнія канікулы зарабляў так сабе на школьны касцюм ды на кнігі.
Здзіслаў не заўважыў гэтай жончынай усмешкі, распіхаў галінаю пад агнянымі паленамі чырвоныя вуглі, накідаў на ix месца бульбы, падгарнуў наверх прыску, пасля пастукаў галінаю па вываратнях — набіў гарачага вуголля.
— Пакрулюем, браткі мае!..
Здзіслаў жартаваў, хоць ніколі не быў надта вясёлым, кампанейскім, бо любіў пабыць сам-насам, падумаць ды памарыць, але цяпер, мусіць, стараўся развесяліць i яго, Мішука, i жонку: яны не вельмі хацелі ехаць з Мінска сюды, у восеньскую халаднаватую Налібацкую пушчу, ды начаваць у лесе. Валя збіралася сёння, у суботу, схадзіць на канцэрт прыезджага, не вельмі таленавітага, але ўсё ж прыезджага i моднага спевака, шкадавала збываць білет, што купілі ёй знаёмыя, а ён, Мішук, i ленаваўся ехаць, не маючы вялікай ахвоты збіраць грыбы, а пасля памагаць старэнькай матцы ix парадкаваць, i не надта хацеў быць у кампаніі чужой — трошкі дзіўнаватай — сям'і. Здзіслаў амаль сілаю вывалак яго з горада, каб i ён з'ездзіў у лес, — каб памог улагодзіць самалюбную, капрызную Валю: усе лічылі, што ён, Мішук, жартаўнік, умее развесяліць самых хмурных людзей, што ён да ўсяго гэтага яшчэ i вельмі хітры, ведае, што сказаць, а пра што лепш i памаўчаць.
Так, канечне, думаў i Здзіслаў: яны зналіся яшчэ са школы. Ведаў i хацеў, каб ён, Мішук, памог яму. Спадзяваўся i, відаць, нават падумаць не мог, што раптам ён не захоча памагаць i не захоча наўмысна: бо яны былі ўжо не толькі даўнія сябры, але i мастакі-супернікі. Наравістая Валя не вельмі супакойвалася ды развясельвалася. За дзень i грыбоў добра назбірала, i расчырванелася на раней белаватым твары ад ветру i ад агню, але не магла дараваць мужу. Таму i цяпер сядзела ля кастра маўклівая. Са Здзіславам нават не гаварыла, як i не заўважала, што ён усяк хацеў падлагодзіцца.