«Хоць, можа, — падумаў ён, — усе такія гэтыя артысты, гэты вельмі настраёвы народ, але ўсё ж, можа, i добра, што некалі мы з Валяю не пажаніліся. Змучыла б яна мяне, ды i я так не цярпеў бы, не патураў бы, як церпіць цяпер ды патурае Здзіслаў. Ці спрачаліся б век, ці... Не, няхай лепш яна будзе некаму жонка!..»
— I ў горадзе, i ў лесе сумна без кампаніі, — зноў усміхнулася Валя, перанесла ношку галля, на якім дагэтуль сядзела, бліжэй да яго i села. Зірнула гарэзна — i ён засаромеўся яе. — Табе не надакучыла наша маўчанка, Вовік?
— Вы сямейныя людзі, а я старонні чалавек, не маю права ўмешвацца... — пажартаваў Мішук. — Таму i я маўчу.
— Помсціш? — усміхнулася Валя. Яна i раней мела вельмі дапытлівы розум, магла быць i хітрай, пастарацца так гаварыць, пасміхацца, каб цяжка было некаму зразумець, што яна думае, але магла быць i адкрытай.
— Чаго мне помсціць? — паціснуў ён плячыма. — Яшчэ раз шчыра прызнаюся: не хачу ўмешвацца ў ваша жыццё...
— Ну ладна, Вова, не будземо! — пажартавала яна. — I без лішняй гамонкі мы ўсё ведаем адно пра аднаго... — Валя дастала з задняй кішэні штаноў цыгарэты, патрэсла пачак, i калі з надорванага краёчка паказалася цыгарэціна, падала яму, узяла сама, ткнула яе ў агняную галавешку, закурыла i пусціла вялікі клуб дыму. — Як ведаеш, што мне вельмі цяжка са Здзіславам... Як, можа, i яму са мною... Адно нас ратуе, што мы мала бачымся: ён процьму часу сядзіць у вёсцы, а я шмат бываю на гастролях, жывём кожны сваім...
— Вы абое таленты, людзі мастацтва, абое павінны шмат чым ахвяраваць дзеля яго...
— Талент усё ж ён. Ды магутны талент, — сказала сур'ёзна Валя. — Я не бяздарная, але i не вельмі таленавітая. Але ўцягнулася, не магу без тэатра. I маю такія-сякія поспехі. А са Здзіславам нам цяжка стала, ён сам i далей хоча займацца сваім, а мяне стараецца прывязаць да дому. Проста трызніць, каб я радзіла яму сына... А я не асмельваюся: пайду з тэатра, перастану выходзіць на сцэну, страчу любоў да яе, страчу ўменне... Тады буду любіць дзіця, увесь час думаць пра яго, а цяпер я думаю толькі пра тэатр...
— Якраз яшчэ больш нешта ўведаеш, пабагацееш... — перапыніў яе Мішук. — Побыт больш асэнсуеш...
— Баюся я, Вова, гэтага побыту... — прызналася Валя. — Я ніколі не была i не буду гаспадыняй, добрай жонкай. Я люблю вольнае жыццё... Яму гэта не падабаецца, але ён любіць мяне i ўсё дазваляе... Усё даруе... Бо ён з тых магутных мужчын-пакутнікаў, што здольны дараваць. Ты вось не дараваў бы, не выцерпеў бы ўсіх маіх капрызаў i прыхамацей, а ён церпіць. Таму табе трэба вучыцца ў яго цярплівасці, гэта табе шмат i для творчасці дасць, навучыць нешта глыбей сказаць i ў тваіх трактарных одах... Не фатаграфіі рабіць, а тварыць мастацтва...
«Усе знаўцамі ды крытыкамі сталі, — злосна падумаў Мішук, зноў з самалюбствам думаючы пра свае няўдалыя карціны.
Болей ні Валя, ні ён не паспелі нічога сказаць; з трыма доўгімі дубцамі падышоў Здзіслаў, зірнуў i, як убачыў, што жонка ўжо не маркотная, зарадаваўся, кіўнуў на невялікі з белай рашоткаю транзістар:
— Ну i гэты прагрэс! Нават тут нельга ад яго ўцячы!..
Перанёс да ix сваю ношку галля i прысеў ля ix, радуючыся, што Валя павесялела, зняў акуляры i выцер ix аб світэр. З яго чаравікаў, калашын, што былі блізка ад агню, пачала віцца пара.
Падладзіў агонь, падгарнуў да яго адкочаныя галавешкі — пад імі паспела ўжо нагрэцца ды запарыцца, шэра засушыцца вільготная зямля, — тады выграб з прысаку бульбіну, памацаў пальцамі, зноў падапхнуў да агню.
— Зараз будзе i гатова, — шчасліва прамовіў ён. — А цяпер пячыце сала. Во гэта будзе смак! Куды там да яго вашым улюбёным сардэлкам ды дыетычнай каўбасе!
Адрэзаў ад булкі хлеба ладную лусту, пасля адчыкнуў ражон i падаў Baлi. Тая моўчкі ўзяла i хлеб, i сала, апусціла ражон над самым агнём — i сала адразу ж засквірчэла, пачало рудзець ды чарнець, ліцца тлушчам на агонь, пахнуць, мусіць, на ўвесь лес.
— Падымай вышэй, а то спаліш, пакорміш паветра, — сказаў Здзіслаў, i Валя паслухалася, узняла ражон. — Сабе рэж сам, бо я не ведаю цяперашняга твайго апетыту, — кіўнуў Мішуку, устаў, жмурачыся, зірнуў у кацялок, тыцнуў туды раз-другі нажом, насадзіў на яго грыб, пахукаў i паспрабаваў на смак. Пасля абабраў дзве вялікія бульбіны, пакрышыў ix i ўкінуў у кацялок, нарэзаў дробненька сала i апусціў яго на вечка ад кацялка, паставіў на вуглі — заскварыць булён. Толькі тады пачаў ужо смажыць сала на ражончыку i сабе, раз за разам, як i яны ўсе, тыцкаючы скварку ў хлеб.