— Ладна, стары, кінь... — сказала яна, гэтаксама з жартам стукнула яму падагнутымі каленьмі ў спіну. — Хто-хто, а я ведаю цябе, помню... Думаеш, не бачу, што ты ўсё яшчэ любіш мяне? Бачу. Толькі дарэмна злуешся, помсціш: мы можам лёгка вярнуць тое... Ну, чаго маўчыш? Не верыш? — Яна павярнула да сябе яго галаву — i ён, саромеючыся, міргаючы, мусіў зірнуць ёй у прыгожы i пасля сну твар, зноў убачыў у знаёмых вачах знаёмую гарэзнасць, той настрой, што заўсёды бывае ў яе, калі яна хоча кахаць i быць каханай.
Мішук прыплюшчыў вочы, даўся, каб яна пацалавала яго, але сам вельмі з неахвотаю адказаў на яе пацалунак, пасля выцерабіўся з яе ўчэпістых рук.
— Ты чаго? — не пазіраючы на яго, толькі прысеўшы на калені i ўткнуўшыся тварам яму ў грудзіну, спытала яна, нібы разгубілася, нібы засаромелася.
— Не трэба... — адказаў ён. — Зразумей мяне.
— Ну чаму? — прашаптала яна. — Няўжо я памыляюся, няўжо табе ненавісная?
— Не, — сказаў ён. — Ты мне вельмі падабаешся. Ты такая прыгожая, што не можаш не падабацца...
— Дык што замінае нам кахаць адно аднаго?..
— Здзіслаў...— прызнаўся Мішук.— Я зайздрошчу яму, нават парою ненавіджу яго за тое, што ён такі таленавіты, што ён так шмат робіць, так далёка мінуў мяне, але я не магу яго абмануць. Яго нельга абманваць.
— Я паважаю яго як мастака, як чалавека, але не люблю... — прызналася яму i Валя. — Ды, відаць, цябе аднаго толькі i любіла... Але... Ды што гаварыць, як я не зберагла гэта каханне, на што яго... Вось цяпер i выходзіць: у цябе крызіс, я не кахаю Здзіслава, Здзіслаў пакутуе...
— Я сёлета ажанюся, — адказаў Мішук, — i ў мяне будзе сям'я. А з крызісам... Паглядзім... Не такі ўжо я няздара...
Мішук, чуючы, што Валя ці не плача, зірнуў долу i ўбачыў недалёка ля сябе на зямлі жоўты бярозавы ліст, што нейкім цудам заляцеў сюды, у хваёвы лес, пакрыўся за ноч сцюдзёнаю расою. Як прыгледзеўся, дык здзівіўся: спачатку здавалася, што гэтая золкая раса была сіваватая ад холаду, але на самай справе буйная кропля, што сабралася пасярэдзіне ліста, у ямачцы, была вельмі чыстая ды празрыстая.
1977
АПОВЕСЦЬ
Жаночае сэрца
Тое, што для мяне было звычайным любоўным экспромтам, для яе стала цэлым пераваротам у жыцці.
1...
Антаніна прыціскала леваю рукою да грудзей вялікую кіпу сшыткаў, у правай несла класны журнал i ішла па вялікім гулкім калідоры да настаўніцкай. Толькі хацела зайсці туды, як дзверы раптоўна адчыніліся i выбілі з яе рук сшыткі.
Яна знейцейкі прыпынілася i чамусьці не толькі не лавіла, але i не пазірала на сшыткі, што адзін за адным падалі долу i на яе ногі, a, разгубіўшыся, глядзела на маладога, гадоў дваццаці васьмі, прыгожага, апранутага ў шэры касцюм i белую кашулю інспектара Міхаіла Іванавіча. Ён так хутка выходзіў з настаўніцкай, што гэтаксама ад нечаканага сутыкнення ўсё выпусціў з рук — сінюю з бліскучым поліэтыленавым верхам i з невялікім жоўценькім замочкам папачку ды згорнуты балоневы плашч.
Міхаіл Іванавіч, як убачыў, што ён нарабіў, выйшаў на калідор, зачыніў за сабою дзверы. Гэтаксама збянтэжыўся, часта заміргаў вачыма, усміхнуўся — нібы папрасіў дараваць яму.
— Прабачце, Антаніна Іосіфаўна, — пасля i прамовіў ён прыемным гучным голасам.— Выйшла вось так...
— Нічога! — махнула яна рукою.— Жывая буду...
Можа, i з нейкую хвіліну яны стаялі насупраць адно аднаго — i Антаніна заўважыла, што ён усміхаецца ўжо ні то з віною, ні то з гарэзнасцю i ў яго цёмных вачах з'явіўся нейкі нібы вільготны чорны бляск, смелы позірк. Ім ён акідваў яе, як любуючыся, з ног да галавы. I яшчэ гэты позірк быццам гаварыў: якая вы, Антаніна Іосіфаўна, прыгожая, каб вы ведалі, як мне падабаецеся!
— Давайце ж збіраць вашыя сшыткі, — усміхнуўся ён, прысеў.
I яна ў гэтую ж хвіліну прысела i яны: стукнуліся лбамі. Абое засмяяліся.
— Відаць, сваякамі будзем...— пажартаваў Міхаіл Іванавіч.— Вялікая во таму прыкмета.
— Не інакш...— жартам адказала i Антаніна, але старалася болей не пазіраць на яго прыгожы — можа, нават i занадта прыгожы для мужчыны — твар з такімі «пякучымі» вачыма, хутка збірала з падлогі разгорнутыя сшыткі.
Бачыла толькі яго выгнутыя калені, новыя, добра вычышчаныя туфлі. Здаецца, i ён кідаў позіркі на яе.
Міхаіл Іванавіч першы падняўся, падхапіў яе за локаць. Падаў ладную кіпку сшыткаў.
— Дзякую, — сказала яна, узяла ад яго сшыткі, паклала ix на свае — ён зноў усміхаўся, пазіраў на яе, відаць, цяпер вельмі паружавелыя шчокі, на яе даўгаватую шыю i на велікаваты выраз сукенкі, аблямаваны вышытымі зялёнымі кветкамі.