«I не брыдка ж яму вось так на мяне пазіраць!— падумала яна сама сабе, ніякавеючы ад гэтых позіркаў.— Аж страшна нечага: ён, гэты позірк, як гіпнатызуе, аслабляе волю. Няўжо таму, што Міхаіл Іванавіч гэтакі красун? Што недзе ў душы жыве, трапечацца радасць, што ён з любасцю на мяне пазірае? Усё ж, якую сілу мае маладосць, краса!..»
— Вы цяпер дадому пойдзеце, Антаніна Іосіфаўна?— спытаў ён, можа, i здагадваючыся, што ў яе на душы, што яна ўжо хоча адысціся. Уцячы. Як ад якой бяды. Каб спакайней было на душы: лезе во абы-што ў галаву...
— Дадому, — адказала яна.— У сваю Вішнёўку.
— Калі вы не супраць, тады мы пойдзем разам? — як папрасіў ён, пазіраючы на яе ўжо неяк іначай — па-сяброўску.— Хачу паспець на ваш аўтобус. Ён, здаецца, вось-вось прыйдзе з горада.
— Я зараз...— прамовіла яна i падалася ў настаўніцкую, па свае рэчы.
У невялікай настаўніцкай на канапе i ля сталоў сядзелі яе пажылыя i маладыя калегі; хоць ужо закончыліся сёння ўрокі i можна было ісці дадому, настаўнікі, мусіць, засталіся закончыць усякую школьную дробную работу — пазапісваць усё ў журналы, папарадкаваць вучнёўскія сшыткі — i, канечне, пагаварыць пра сённяшнюю праверку: яна, гэтая праверка, была першая ў гэтым паўгоддзі.
— Во якая вясёлая нашая шчасліўка! — усміхнуўся пажылы дырэктар.— Ды чаму не быць такой радаснай! Як прыехаў малады інспектар, зайшоў у школу, дык i не зводзіў вачэй. З намі, старымі, гаворыць, а на яе ўсё зірк ды зірк. Схадзіў усяго на адзін яе ўрок, але больш пахваліў, чым усіх астатніх разам за ўсе ўрокі... Вось што значыць быць прыгожай жанчынай!.. Які б ні строгі быў мужчына, а перад красуняй не ўстоіць...
— Хоць яна i зусім благі работнік...— пажартавала Антаніна, пазіраючы з усмешкай на сівога стомленага дырэктара.
— Ну...— дырэктар запнуўся, з хвіліну падумаў. Зноў пажартаваў: — Благі ці добры работнік — гэта на другім плане. На першым — краса... Я i сам некалі прыгожым настаўніцам ўсё дароўваў...
Вось цяпер на яго з падазронасцю зірнула жонка — пажылая: добрая, але не зусім прыгожая кабета, — i дырэктар сцішыўся, зразумеў, што сказаў лішняе.
— Але мне прыемна, — сказаў ён.— Усё ж наша вучаніца, наш калега. Будуць хваліць цябе — будуць хваліць i нашу школу...
Антаніна, усміхаючыся, паклала ў сумку сшыткі, кнігі, падышла да невялікага круглага люстэрка, што вісела пры вушаку. Паглядзелася. Убачыла напраўду сёння шчаслівы свой круглаваты твар з крышку кірпатым носам, поўныя вусны, высокі лоб, светлыя валасы. Яны сёння, як ніколі дагэтуль, прыдавалі яе твару маладосць i прыемную свежасць ды мноства няўлоўных адценняў, што маюць жанчыны-бландзінкі.
Пасля Антаніна дастала з сумкі памаду i крышку падфарбавала вусны, пазногцікам мезенца падраўняла фарбу, разгладзіла ля куточкаў вачэй дробненькія маршчынкі, узяла з вешалкі лёгкі белы плашч, згарнула яго, паклала на левую руку
— Ну, усяго добрага! — сказала ўсім i зноў не ўтрымалася, зірнула на сябе ў люстэрка.
— Эх! — уздыхнуў дырэктар.— Каб мне хоць маіх сорак гадоў! — i з любасцю пазіраў на яе, як на сваю мілую дачку.
Антаніна выйшла з настаўніцкай на калідор. Там яе чакаў Міхаіл Іванавіч. Трымаючы ў руках плашч, папку, стаяў паблізу i чытаў школьную насценную газету.
Убачыў яе — усміхнуўся, падышоў.
— Дазвольце вашу сумку, — прамовіў ён, — Відаць жа, цяжкая?
— Дзякую, я сама, — адмовілася ад яго помачы, — Прывыкла ўжо i не такія цяжары насіць. Прашу, калі ласка...— наказала рукою, каб першы выходзіў з калідора.
— Не, не, вы жанчына i вы першая, — адказаў ён.— Прашу.
Антаніна прайшла ля яго i выйшла з невялікай старэнькай школкі-васьмігодкі на сонечны двор. Сышла з ганка i падалася па ўтаптанай сцяжыне, што была з абодвух бакоў атулена майскай зелянотаю — прысадзістымі кустамi бэзу i язміну. У лісці ix лагодна зумкалі пчолы. Паблізу і далёка па вуліцы ўсё яшчэ чуліся звонкія дзіцячыя галасы — дзеці разыходзіліся па хатах.
Міхаіл Іванавіч не даганяў яе, ішоў крышку ззаду. Яна не азіралася, ішла паволі i чакала, калі ён дагоніць, але адчувала: ён зноў акідваў яе з ног да галавы позіркам. I дзіва: разам з хваляваннем, сорамам ёй было i прыемна ад гэтага. Ішла i, здаецца, не адчувала пад сабою зямлі. Нібы плыла па вадзе.
Ён дагнаў яе ўжо тады, калі яна выйшла з школьнага двара.
— Вось мінула ўжо колькі гадзін, — загаварыў ён, ідучы побач i стараючыся зазірнуць ёй у твар, — пабыў на чатырох розных уроках, а ніяк не забудуся пра ваш урок беларускай мовы. Выдатны вы, Антаніна Іосіфаўна, далі сёння ўрок! Усё на ім было: i праблема, i ваша майстэрства, i павучанне, i выхаванне... А чаго была варта ваша абаяльнасць!