— Які там выдатны ўрок!— усміхнулася яна, хоць гэтыя яго словы ёй вельмі спадабаліся.— Сярэдні ўрок. Бываюць часта i лепшыя ўрокі.
— Тады вы — выдатны педагог, — са спакоем прамовіў ён, — а мы — i няхай нам будзе брыдка за гэта — гэтага не ведалі. Проста не давалі веры, што ў невялікай школцы можа быць такая настаўніца!.. Буду дабівацца ў райана, каб у новым навучальным годзе вывучылі вашу работу, расказалі пра яе ўсім настаўнікам раёна...
— Нe смяшыце людзей!— сказала Антаніна.— Я ж два гады піянерважатаю працавала i толькі шосты во год настаўніцаю... Не толькі ў раёне, але i ў нашай школе ёсць педагогі, якія працуюць па дваццаць пяць i болей гадоў. Вот тыя нешта могуць ужо расказаць.
— He скромнічайце, Антаніна Іосіфаўна, хоць скромнасць i да твару сумленнаму чалавеку. Я ад шчырай душы хацеў бы зноў пабыць на вашых уроках.
— Прыязджайце яшчэ, — усміхнулася яна, са шчасцем пазіраючы ўперад — на абсаджаную алешынамі, бярозамі дарогу, што вяла з Міланек у яе родную Вішнёўку.
— Добра, прыеду яшчэ, — адказаў ён.— Першы раз, лічы, бачу такіх настаўнікаў, якія самі запрашаюць інспектараў. Звычайна нас баяцца i не любяць. Зойдзеш у школу — як няпрошаны госць.
— Калі настаўнік добра ведае, чаму навучае, любіць працаваць, дык чаго яму баяцца інспектараў, праверак! — прамовіла Антаніна.— Баіцца той, хто адчувае за сабою недзе нейкі грэх. Я сама не ўсё, канечне, зрабіла, што i магла, але ніколі не ленавалася працаваць, ад душы люблю дзяцей.
— Гэта відаць...— як згадзіўся Міхаіл Іванавіч.— Гэта дар для настаўніка, i ён у вас ёсць. Нават за адзін урок гэта можна ўбачыць.
Яны прайшлі поле — загон жыта па правай руцэ i дзірван па левай. Крыху воддаль злева стаяла ферма. Вокны i дзверы ў ёй былі парасчыняныя: каровы былі на пашы.
«Гэта ж трэба баявы лісток абнавіць, — успомнілася Антаніне, — буду заўтра ісці са школы, дык зайду, пагавару з загадчыцай».
Як мінулі поле, увайшлі ў прысады. Яны — ix некалі, адразу пасля вайны, садзілі міланьскія настаўнікі i дзеці — былі паабапал дарогі. Справа дарогі была абгароджаная саўгасная «культурная» паша, злева — поле-пустэча: там дзе-нідзе толькі купінкамі зелянелася трава, а так — як перакапалі старую рэчку — жаўцелі вакол пясчаныя пляміны. Далей, пад хваёвы лес, зусім жаўцеў сыпкі пясок, былі ямы — там бралі жвір.
Алешыны, асіны ды бярозы — з маладою лістотаю — былі шэрыя, запыленыя, а трава сярод прысад яшчэ горш — яе засыпала пяском з пясчанай дарогі: ужо даўно не было дажджу. Вось i цяпер відаць было, як наляцеў аднекуль сухавей, закруціў юрлівым слупам на дарозе пясок, падняў уверх i пагнаў між прысад, пакуль не знесла яго на поле.
«Хоць бы папырскала ўжо крыху, — падумалася Антаніне.— Горача, душна — няма чым дыхаць... I ўвогуле, каб узяць ды з'ездзіць куды — ці на поўнач, ці на поўдзень, да мора! Крышку надакучыла ўжо тут: кожны дзень адно i тое ж...»
— На настаўнікаў, канечне, грэх абы-што гаварыць: гэта святыя людзі...— сказаў Міхаіл Іванавіч, моршчачыся i пазіраючы на спякотнае сонца — мусіць, i ён прасіў у неба дажджу.— Але ёсць i сярод гэтых святых людзей лайдакі, абыякавыя да ўсяго людзі. Ёсць жа ўрокадацелі, працуюць яны дзесяць, пятнаццаць гадоў i з году ў год дзяўбуць адно i тое ж, нічога не чытаюць новага. Пасядзіш на ўроку такога «энтузіяста» — дык потым з месяц не можаш апамятацца. I як радасць — свежы, творчы ўрок... Як во сёння ваш...
Антаніна змоўкла. Ад радасці: было ж вельмі ўсцешна, што ў яе ўдаўся сёння ўрок. I ад няёмкасці: усё ж некага з настаўнікаў-калег лаялі, а яе хвалілі.
Яны хутка выйшлі з кустоў i пайшлі па дарозе да блізкага мастка. За ім адразу была Вішнёўка.
Заслона пры мосце была апушчана, i з правага боку сабралася шмат вады. Выглядала яна цёмнаю, нячыстаю — мусіць, не магла адстаяцца за ноч: да позняга вечара яе каламуцілі дзеці, купаліся. Праўда, некалі, як была старая рэчка, колькі ні купайся, вада ўсё роўна была чыстая-чыстая. Ці, можа, гэта толькі здавалася, як не раз здаецца, што ў юнацтве ўсё было лепей, прыгажэй, весялей...
Вуліцай, што тут называлі Казой, яны ля платоў падаліся да канторы — ля яе насупраць прыпыняўся раённы аўтобус. Праўда, як падышлі да павароткі, Антаніна падумала, што ёй не варта ісці з Міхаілам Іванавічам туды: хоць ён i госць, начальнік, але канторскія жанчыны адразу прыкмецяць, што яна падводзіла, будуць пасміхацца.
— Праз хвіліны дзве i падыдзе, — прамовіла яна, прыпынілася, раз-другі зірнула туды, дзе звычайна стаіць аўтобус.