Выбрать главу

Работніцы педкабінета падселі да настаўніц — па двое ды па трое на адной лаўцы, a Міхаіл Іванавіч нікуды не пайшоў, застаўся ля шафёра — абапіраўся на ручку, што адгароджвала кабіну ад салона, пазіраў, як аўтобус выязджае на вуліцу.

— Як ён табе, уладарніца мужчын?— нахіліўшыся да сяброўкі, ціха запытала Антаніна.

— Хто?

— Наш інспектар, Міхаіл Іванавіч?

— Ды наглядны...— з абыякавасцю адказала, з грэблівасцю падціснула прыгожыя вусны.— Аж непрыемна прыгожы. Ужо залішне нечага...

— Прыгожы, — прашаптала Антаніна, не разумеючы сяброўчыных слоў: звычайна тая з першага позірку заўважала раней прыгожых мужчын i тут жа старалася пазнаёміцца з імі.— I вельмі разумны. Нядаўна быў у школе, хадзіў на ўрокі, дык гэтак потым строга, але разумна гаварыў пра методыку...

— А ты не гаварыла б прыгожа, разумна, каб была інспектарам? Гаварыла б. I не горш. Гэта толькі здаецца, што нехта вот разумны, а ты не...— а пасля раптоўна павярнулася, зірнула ў вочы: — Добра з мужам жывеш?

— Ды няблага, — адказала Антаніна, здзіўляючыся з сяброўкі: чаго тая гэтак раптам занервавалася?

— Вот i жыві з ім. А на такіх прыгожых не заглядвайся...

— Выдумляеш ты нешта, — пакрыўдзілася Антаніна.

— Не злуйся, — тут жа ўсміхнулася тая, — я жартую.

«Яна , мусіць, прыраўнавала, — падумала Антаніна.— Можа, ёй гэтаксама спадабаўся, а я так неасцярожна сказала, што ён прыгожы, разумны, вот яна i наструнілася. Але няхай злуецца. Такой бяды...»

...Гэтак жа дзіўна паводзіла сябе сяброўка i ў школе. Да Міхаіла Іванавіча не падыходзіла, нават не пазірала ў яго бок. I не толькі. Яна ўпотай перадражнівала кожнае слова Міхаіла Іванавіча.

«Ух!— аж стагнала яна.— Якая дасціпнасць! Як ён стараецца ўразіць усіх сваім розумам!»

Яны, Антаніна i Вольга Аляксандраўна, сядзелі разам i на ўроках заслужаных настаўнікаў — спачатку на ўроку беларускай мовы, потым на ўроку беларускай літаратуры.

— I мы гэтак, a калі яшчэ i лепш даём урокі, — то слухала, што гавораць настаўніца i дзеці, то шаптала ёй Вольга Аляксандраўна.— Так што нічога тут няма звыш вялікага. Добрыя настаўнікі — i ўсё... Каб наш дырэктар захацеў праславіць нашу школу, дык i мы гэтакую славу мелі б: мы не горш, гавару, працуем...

— Добра працуюць людзі, — са шчырасцю шаптала ў адказ Антаніна.— Можна i павучыцца таму-сяму.

— Ды не прыбядняйся ты, — бурчала сяброўка.— Век ты ўсё скромнічаеш! Што — не дасі такога ўрока? Дасі. Яшчэ, можа, i лепшы.

Але потым, калі сабраліся ўсе — тутэйшыя i прыезджыя — у вялікую залю i гаварылі пра ўрокі, Вольга Аляксандраўна не захацела сказаць сваё — падмелася запісваць усё за ўсімі.

A Антаніне прыйшлося выступіць. Амаль самай апошняй. Перад ёю амаль усе хвалілі ўрокі, школу, настаўнікаў, толькі два настаўнікі — адзін пажылы, другі маладаваты — з асцярогаю i за тое-сёе папікнулі, прымусілі пачырванець i тутэйшага бойкага дырэктара i заслужаных настаўнікаў.

— Мне хочацца пахваліць настаўніц, на чыіх уроках я была, за тое, што яны вучаць дзяцей думаць...— пачала так гаварыць, хвалюючыся, Антаніна. Пазірала ў свой сшытак, куды тое-сёе запісвала, i даўгавата гаварыла, а пасля з хваляваннем прамовіла: — Але хачу даць i крытычныя заўвагі... Настаўніца літаратуры расказвала біяграфію пісьменніка i ўсё слова ў слова паўтарыла з падручніка, не знайшла новых звестак, а потым, калі гаварылі пра змест твора, гэтаксама не ўсё было ладна, шмат «разжоўвалі», дзе не трэба было гэтага рабіць, а можна было даць вучням адчуць: гэта ж літаратура...— i яна пачала гаварыць, як рабіла настаўніца.— A настаўніцы мовы, мусіць, не варта старацца вывучаць перш за ўсё граматыку: відаць, перш за ўсё трэба старацца вывучаць мову...— i яна зноў расказала, што было на ўроку, сказала, як бы яна магла даць урок.

— Малайчына!— шапнула ёй потым, калі яна села, Вольга Аляксандраўна.— Добра выступіла. Я ўсё тваё запісала.

— Я хачу пачаць заключнае слова з таго, — пасля, калі яшчэ тое-сёе, абараняючыся, сказалі настаўніцы, што давалі сёння ўрокі — а яны амаль усе стараліся паспрачацца з Антанінаю, — пачаў гэтак гаварыць Міхаіл Іванавіч, — што добрыя мы сёння бачылі ўрокі, добрыя чулі i разборы гэтых урокаў. Мне надта спадабалася саліднае выступленне нашай яшчэ адной цудоўнай настаўніцы з Міланьскай васьмігодкі — Антаніны Іосіфаўны...

— Ну, беражыся, маладзіца, — шапнула ёй Вольга Аляксандраўна. — Так ён лісам сцелецца недарэмна...

«Зайздросціш, дарагая...»— падумала Антаніна, адвярнулася наўмысна i пачала слухаць Міхаіла Іванавіча.