Выбрать главу

Яна плакала, бо была бяссільная што-небудзь зрабіць. «А ці так? Ці сапраўды я зусім бездапаможная? Трэба нешта рабіць! Трэба нешта рабіць. Толькі што?» Яна прыслухалася: браты спалі. Уночы яны доўга аб нечым шапталіся. Адно яна чула выразна — Марк сказаў: «Трэба хутчэй». А што хутчэй, яны Рыме не кажуць. I яна ім не скажа таго, што надумалася.

Яна ціхенька выйшла. Глухая ноч апусцілася на зямлю, ні зорак, ні месяца. Можа і ім страшна глядзець на тое, што робіцца, і яны пахаваліся, каб не бачыць. Рыма спынілася ля парога. Халодны вецер дыхнуў ёй у твар, нібы праганяючы назад, у пакой, дзе цёпла і ціха, дзе толькі цікае і цікае будзільнік, адлічваючы дзень і ноч, дзень і ноч. А цяпер нешта стукае ў яе скронях, быццам той жа будзільнік нагадвае ёй, што час ідзе, што міне ноч, а раніцай будзе позна...

I Рыма рашуча пайшла ў ноч, садамі, гародамі прабралася ў вёску, пастукала Валі ў акно. Тая выглянула, убачыла Рыму і цішком выйшла.

— Валя,— зашаптала Рыма.— Трэба нешта рабіць, я так не магу.

— А што рабіць?

— Пойдзем нарвём кветак і занясём на мост. Пойдзем, Валечка, прашу цябе.

— Але ж цяпер ноч, а пасля шасці вечара хадзіць забараняецца. Расстрэл! — спалохана адказала Валя, папраўляючы валасы.

— Валечка, яны павінны ўбачыць, што мы... ну, што мы людзі. Я адна не спраўлюся, не паспею да раніцы. Пойдзем!

Але Валя адмаўлялася:

— Баюся я, расстраляюць жа...

Рыма адступіла крок і прагаварыла пагардліва:

— Не хочаш, не трэба. Сама спраўлюся. Баязліўка.

Рыма зразумела: парвалася апошняя нітачка, якая звязвала яе з дзяцінствам. Парвалася назаўсёды.

Кветкі раслі ў садку каля іх дома і ў школьным двары. Вобмацкам яна рвала іх, абламвала карэнні, ранячы сабе пальцы. Але не заўважала гэтага. Яна насіла ахапкі на мост і вярталася зноў і зноў, і ўсё ёй здавалася мала...

А раніцай людзі ўбачылі на мосце кветкі. Гэта быў Рымін пратэст.

Той жа раніцай адбылася размова, якой ужо некалькі дзён са страхам чакала Рыма.

— Збірайся,— сказаў Валодзя, — пойдзем у Дукору.

— Я не пайду ў Дукору,— звонкім ад хвалявання голасам адказала Рыма.

— Ты будзеш жыць там, бо так трэба! Ты робіш такое, і нават не знаходзіш патрэбным раіцца з намі. Глядзі, якія ў цябе рукі... Думаеш, не ведаем, чаму?

Рыма схавала рукі за спіну.

— Вы таксама нічога мне не гаворыце,— сказала яна.

— Зразумей, мы з Маркам пойдзем у партызанскі атрад.

— I я з вамі.

— Глупства! — пачаў злавацца Валодзя.— Я старэйшы, і ты павінна слухацца мяне.

Рыма бездапаможна паглядзела на братоў.

— Валодзя, Марк, зразумейце... Без вас я не хачу заставацца,— сказала яна ціха.— Вазьміце мяне з сабой. Я не буду вам замінаць, і вам не будзе сорамна за мяне. Вось паглядзіце, чэснае піянерскае!..

Марк не вытрымаў, падышоў да Валодзі:

— Валодзя, а можа...

Валодзя нахмурыўся, паглядзеў на Рыму і ўбачыў, з якім страхам яна чакае адказу.

— Ну, вось што,— нарэшце сказаў ён.— Мне ўсё роўна трэба ў Дукору. Пойдзеш са мной, а там паглядзім.

Праз два тыдні Валодзя з Рымай вярнуліся ў Ліпень. Больш пра Дукору ў доме гаворкі не было. Калі Марк застаўся сам-насам з Валодзем, ён спытаў:

— Ну, як?

— Група ёсць, чалавек дваццаць. I Рыму прыйдзецца браць з сабою...

Так вырашыўся Рымін лёс. Ёй не прыбавілася гадоў. Яна заставалася дзяўчынкай-піянеркай, але з гэтага часу станавілася побач з дарослымі людзьмі, народнымі мсціўцамі.

10

У канцы верасня пачаліся абложныя дажджы. Шэрае неба нізка навісла над зямлёю.

Частку сабранай зброі хлопцы пераправілі ў партызанскі атрад, а тая, што аставалася ў дуплах, пачала ржавець. Трэба было перанесці яе ў сушэйшае месца і перачысціць. Вінтоўкі чысцілі ўночы, пры газоўцы, шчыльна зачыніўшы аканіцы і завесіўшы вокны коўдрамі. Кулямёт намерыліся пачысціць удзень. I ледзьве не папаліся. У хату зайшоў Грышка Усачоў. Ён, мабыць, нешта заўважыў, бо назаўтра Марка арыштавалі. Але, патрымаўшы хлопца ў паліцыі якіх дні тры, пусцілі.

...Партызаны рыхтаваліся да першай баявой аперацыі. Вырашылі ўзарваць палатно чыгункі Мінск — Бабруйск на ўчастку Талька — Верайцы і падарваць масты.

Валодзя, прыйшоўшы з лесу, доўга шаптаўся з хлопцамі ў спальні. У партызанскім атрадзе яму загадалі пераправіць ва ўмоўленае месца кулямёт і ўсе боепрыпасы, якія ў іх ёсць.

Думалі доўга, нарэшце паклікалі Рыму. Іншага выйсця не было.

— Рыма, трэба даставіць партызанам кулямёт,— сказаў Валодзя.— Мы, параіўшыся, рашылі даручыць гэта табе. Згодна?

— I ты яшчэ пытаешся? — толькі і сказала яна.

— Заданне вельмі адказнае. Мы верым, што ў цябе хопіць асцярожнасці і смеласці выканаць яго. Ад гэтага залежыць поспех баявой аперацыі атрада,— дадаў ён.