Выбрать главу

— Ты ідзеш на вялікую справу,— сказаў Рыме Сакольчык.— Жадаем удачы.— I моцна паціснуў руку.

Пакуль Марк насіў часці кулямёта да ракі, Валодзя растлумачыў Рыме, дзе яе будуць чакаць партызаны. На хвалях гойдалася лодка, у ёй ляжала накошаная трава. Кулямёт закідалі травой. Рыма села ў лодку і пачала павольна веславаць супраць плыні.

Немцы хадзілі па дарозе, бачылі дзяўчынку ў лодцы. Яна часам кідала вясло, брала ў рукі серп і паджынала траву, што звісала з берагоў.

Па дарозе ўздоўж ракі ішоў Блінкоў, намеснік начальніка паліцыі. Ён нядаўна прыехаў у іх вёску і ўсё нешта прыглядаўся, нешта вынюхваў. І цяпер ён спыніўся, убачыўшы Рыму, і доўга, уважліва назіраў за ёю. У Рымы пачалі млець рукі, ёй здавалася, што Блінкоў здагадваецца пра ўсё.

Блінкоў доўга стаяў на беразе і глядзеў на Рыму, на лодку, на траву ў ёй. Твар яго быў задумлівы. Адплыўшы на сярэдзіну Свіслачы, Рыма азірнулася і з палёгкай уздыхнула: Блінкова на беразе не было.

11

Усталявалася зіма, першая зіма на акупіраванай Беларусі. Раку скавала лёдам, засыпала снегам палі. Над комінамі хат нясмела віўся тонкі шэры дымок. Нават сабакі не брахалі, іх пастралялі паліцаі. Жыццё замерла. Толькі час ад часу п’яныя паліцаі гарлапанілі песні ды стралялі ўгору, каб застрашыць людзей.

А людзі больш прыслухоўваліся да глухіх далёкіх стрэлаў, партызанскіх. У вёсцы пачалі з’яўляцца лістоўкі, партызанскія адозвы да насельніцтва. У іх гаварылася: не трэба верыць балбатні, быццам Маскву ўжо занялі немцы. Масква наша, савецкая, і заўсёды будзе савецкай.

Валодзя Кунько перанёс свой маленькі радыёпрыёмнік на гару школы. Там слухалі зводкі, перапісвалі іх левай рукою, каб не пазналі почырк, і ноччу расклейвалі на сценах хат, на платах і слупах.

Пасля гэтага пачыналіся вобыскі і аблавы.

Школа пуставала. Ні немцы, ні паліцаі яе не займалі: школа была ў небяспечным месцы — на горцы, ля самага лесу. Паліцэйскі гарнізон і нямецкая камендатура месціліся ў цэнтры вёскі, у былых сельпо і сельмагу.

Жыхароў вёскі часта збіралі на плошчу, чыталі ім загады, падпісаныя нямецкім камендантам і Лютарам. Усе яны пачыналіся словам «забараняецца». Забараняецца збірацца групамі больш за два чалавекі, забараняецца сячы лес, забараняецца хадзіць па хмызняк, забараняецца паказвацца на вуліцы з надыходам цемнаты. Забараняецца, забараняецца...

Людзі слухалі гэтыя загады моўчкі, не гледзячы адзін аднаму ў вочы, і моўчкі ішлі туды, куды іх пасылалі,— расчышчаць ад снегу дарогі. Працавалі так, што толькі псавалі дарогу, і паліцэйскі, чырвоны ад натугі, крычаў:

— Гультаі! Хіба так працуюць? Абібокі няшчасныя!

Ён браў у рукі лапату, паказваў, як трэба расчышчаць, каб дарога была гладкая. А яны зноў ставілі лапату тырчком і моцна націскалі на яе нагой. Рабілася глыбокая ямка, яе крыху прыцярушвалі снегам.

Машыны на такіх дарогах буксавалі, немцы крычалі на паліцаяў, тыя на людзей.

Лютар быў нездаволены братамі Кунько, злаваўся, што да гэтага часу яны не пайшлі служыць у паліцыю. I калі з надыходам вясны немцы запатрабавалі рабочых на торфараспрацоўкі ў вёску Татарка, ён уключыў у спіс разам з Валодзем Сакольчыкам і Валодзю Кунько. Абодва Валодзі выбраліся з вёскі і замест Татаркі падаліся ў лес, у партызанскі атрад.

Рыма з Маркам асталіся сувязнымі.

Марк часта браў кошык, надзяваў гумавыя боты і ішоў у лес. Вяртаўся стомлены, прыносіў леташнія сасновыя шышкі.

Але Рыма ведала: не дзеля шышак ходзіць Марк у лес. Ён сустракаецца з партызанамі.

I Рыма не сядзела склаўшы рукі.

— Паглядзі, як там чыгунка жыве-дыхае,— сказаў ёй аднойчы Марк.

Ля чыгункі жыла Палагея Аляксандраўна Сакольчык. Яе дом — крайні. Муж Палагеі Аляксандраўны да вайны працаваў вартаўніком на чыгунцы.

I Рыма крочыла на край вёскі. Палагея Аляксандраўна частавала яе малаком і духмяным хлебам. Заводзілі размову пра чыгунку, пра тое, што немцы баяцца партызан і будуюць доты і бункеры. Палагея Аляксандраўна расказвала, што і дзе ў немцаў пабудавана, колькі іх у дэпо, як ахоўваецца вадакачка.

А Рыма пераказвала ўсё Марку, і ён ішоў у лес.

Аднойчы ён даў ёй паперку, у якой было напісана адно толькі слова: «Гатова». Паперку трэ было пакласці пад пень, што тырчаў пад горкай за ручаём.

Рыма цяпер смялей глядзела на немцаў, чым у першыя дні вайны. Яна ведала: у лесе ёсць свае людзі, з кожным днём іх становіцца ўсё больш і больш, і яны памогуць Чырвонай Арміі прагнаць з нашай зямлі фашыстаў.