Неяк Марк спытаў у Рымы:
— Не ведаеш, дзе ляжаць касцюмы драматычнага гуртка?
— Здаецца, у школе на гарышчы. А навошта табе?
— Барада трэба, светлая.
— Табе светлая?
— Не мне, Валодзю. Ён прыйдзе заўтра на досвітку.
— Добра, я пашукаю.
Рыма пайшла ў школу.
Ціха. Рыма ніколі не думала, што крокі могуць быць такія гулкія. Паднялася на гарышча. Там было цёмна. Гэта Валодзя заклаў фанерай выбітыя шыбы, каб не было відаць святла ад маленькай газовачкі, пры якой ён, Марк і Рыма запісвалі на школьных сшытках апошнія паведамленні з Масквы.
У Рымы не было ні запалак, ні запальнічкі. Упоцемку яна дайшла да акна, адкінула фанеру. Светлы прамень прарэзаў цемру, асвятліў чорныя бэлькі, павуцінне на іх. У дальнім куце доўгія скрыні. Рыма адчыніла адну. Тут былі касцюмы. 3 другой скрыні яна выцягнула некалькі парыкоў і барод. Бароды ўсе былі чорныя. Тады яна ўзяла да барады такі ж чорны парык. Хацела ўжо вяртацца дадому, як пачула нейчыя галасы. Падышла да акенца і асцярожна глянула ўніз. Ля іх хаты стаяў старэйшы Усачоў і аб нечым гаварыў з Маркам. Да Рымы данёсся гучны братаў голас:
— Адкуль я ведаю, у яго і пытайцеся!
«Знарок гучна гаворыць, каб я пачула»,— падумала Рыма.
Паліцай яшчэ нешта сказаў Марку, потым павярнуўся і пайшоў. Марк вярнуўся ў дом, адчыніў акно і адтуль стаў глядзець на школу. Рыма паказалася ў акенцы, Марк кіўнуў ёй галавой, што ўсё ў парадку.
На досвітку прыйшоў Валодзя. Рыма не пазнала яго. Ён і раней не быў гаваркі, а цяпер стаў зусім маўклівы і яшчэ больш сур’ёзны. Валодзя прайшоў па пакоях, разглядаючы ўсё, быццам бачыў упершыню. А можа, развітваючыся?..
Марк адчыніў грубку і дастаў парык з барадой.
— Навошта дома трымаеце? Эх вы... гора-канспіратары,—сказаў Валодзя. Ён узяў парык, зняў са сцяны квадратнае люстэрка і пайшоў у школу грыміравацца.
Камандзіру атрада, былому старшыні Асіновіцкага райвыканкома Мікалаю Філіпавічу Каралёву Валодзя прапанаваў свой план забойства Лютара. У плане была ўлічана лютараўская пунктуальнасць. Кожны дзень у адзін і той жа час Лютар выходзіў з паліцэйскага ўчастка і ішоў дамоў абедаць. Дом яго быў на другім канцы плошчы, на рагу маленькага завулка.
Пераапрануты Валодзя сустрэнецца з ім на плошчы і застрэліць яго. А потым? Потым ён разлічваў на свае ногі спартсмена.
Прыблізна за гадзіну да таго, як Лютар пойдзе абедаць, Валодзя выйшаў са школы, адарваў дошку ў плоце і пакрочыў па дарозе павольнай хадою старога. Мінуўшы мосцік, збочыў управа, пайшоў садамі, дзе раслі густыя кусты маліны і агрэсту. Вось стары, разбураны хлеў, за ім дом, дзе ніхто не жыве, ля дома — шчыльны невысокі плот. Валодзя прайшоў мясцінамі, якія даўно нагледзеў. Гэтак жа ён будзе бегчы назад. Прадуманы ўсе дробязі. А за плотам з выглядам чалавека, якому няма чаго рабіць, сядзеў Марк.
Роўна ў гадзіну выйшаў Лютар. Марк, праходзячы паўз плот, сказаў:
— Выйшаў, але з двума паліцаямі.
У кішэні Валодзевай світкі ляжала граната, і ён рашыў рызыкнуць. Не спяшаючыся, па-старэчы, пакрочыў ён па сцежцы на плошчу. Лютар ішоў хутка. Валодзя баяўся, што не сустрэнецца з ім, і пайшоў хутчэй, сціскаючы ў кішэні гранату. Яшчэ крок, і ён шпурне яе. I ў гэтую хвіліну з-за рога выехала машына з немцамі. Валодзя зразумеў, што ўсё прапала, і павярнуў назад. За яго спіной пачуўся пранізлівы голас Усачова.
— Бандыт! Трымай яго!
Валодзя пабег. 3 правай кішэні світкі ён выхапіў маўзер, з левай — пісталет ТТ. Усачоў пабег следам. Валодзя азірнуўся і стрэліў па ім. Усачоў упаў, потым падхапіўся і зноў пабег. Немцы выскачылі з машыны і пачалі страляць наўздагон. Валодзя адстрэльваўся з дзвюх рук, потым нырнуў у весніцы і на момант схаваўся ад немцаў. Тыя стралялі цяпер наўздагад.
I раптам Марк убачыў, што на вуліцы, на якую толькі што выбег Валодзя, стаіць другі паліцай і старанна цэліцца ў Валодзю. Не раздумваючы, Марк падбег да яго:
— Прамажаш, дай я! — выхапіў ён у паліцая вінтоўку.
Марк быў выдатны стралок, гэта ўсе ведалі. I паліцай не стаў спрачацца.
Пачуліся стрэлы, адзін, другі...
Рыма чула страляніну з кватэры Аляксандра Міхайлавіча, куды завёў яе Марк, перш чым пайсці з Валодзем. Яна не знаходзіла сабе месца, то садзілася, то падхоплівалася.
Адчыніліся дзверы, і ў пакой убегла жанчына.
— Забілі бандыта! — закрычала яна. — Хацеў, напэўна, нешта зрабіць. Не ўдалося. На мосце як далі ў спіну... А ён яшчэ з гарачкі прабег і — у лес.— Жанчына гэтак жа хутка выбегла.
— Хто гэта? — са страхам спытала Рыма.
— 3 Брыцалавіч, жонка паліцая.
Аляксандр Міхайлавіч пазваў свайго малодшага брата, падлетка.