Выбрать главу

— Збегай да Зіны і Мані, скажы, няхай сюды ідуць.

Той памчаўся праз дарогу, дзе жылі Зіна Коршыкава і Марыя Пілецкая. Хутка яны прыйшлі. Аляксандр Міхайлавіч даў ім два кошыкі.

— Ідзіце ў лес па шышкі.

Дзяўчаты выбеглі з хаты.

Хутка прыйшоў Марк. Рукі яго дрыжалі.

— Пашанцавала Лютару,— сказаў ён.— Яго выратаваў выпадак, недарэчны выпадак, які мог каштаваць Валодзю жыцця.

— А Валодзя дзе? — спытала Рыма.

— У лесе.

— Жывы?

— Жывы.

12

У другі раз паляваць на Лютара адправіўся Марк. Ён таксама разлічваў на лютараўскую пунктуальнасць. Кожны вечар, у адзінаццаць, ужо не адзін, а з паліцэйскім, Лютар выходзіў з паліцэйскага ўчастка і ішоў дамоў. Марк вырашыў яго падпільнаваць. Узяў гранату, зарадзіў пісталет. Папярэдзіў Рыму:

— Будзь напагатове, іду ў госці да Лютара.

Вуліцы былі пустынныя. Марк дабіраўся гародамі. Схаваўся за нізенькі штакетнік, стаў чакаць. Пачуліся крокі, і двое паліцэйскіх пастукалі ў дзверы.

— Хто там? — спытаў Лютар.

— Прыехаў маёр, выклікае вас у камендатуру.

— Зараз.

Праз хвіліну выйшаў Лютар. Ноч была цёмная, але Марк добра бачыў яго. Прыцэліўся са свайго ТТ, націснуў спускавы кручок. Асечка. Марк яшчэ раз націснуў — зноў асечка.

— Бандыт! — крыкнулі паліцаі і пачалі разбягацца.

Марк кінуў ім услед гранату. Выбух грымнуў зусім побач. Нехта закрычаў. «Значыць, папаў»,— падумаў Марк.

Ён пераскочыў цераз плот і, нізка прыгінаючыся да зямлі, пабег да ракі. Прыслухаўся. За ім ніхто не бег. Крыху пачакаўшы, ён пакрочыў дадому.

Раніцай Рыма даведалася, што ўсіх трох паліцаяў параніла. Лютара — у нагу. Іх павезлі ў Бабруйск, у шпіталь.

Замест Лютара застаўся начальнікам паліцэйскага гарнізона яго намеснік Уладзімір Блінкоў.

Марк стаў прыглядацца да Блінкова. Тонкі, вёрткі, ён не насіў паліцэйскай формы, хадзіў у гумавых тапачках і футболцы.

Аднойчы Рыма бачыла праз акно камендатуры, як Блінкоў іграў на раялі. Яна расказала пра гэта Марку.

— Можа, ён музыкант? — заўважыла яна.

— Ліха яго ведае,— адказаў Марк.— Але мне здаецца, што гэта трэба выкарыстаць.

Марк схадзіў да партызан, параіўся з камандзірам разведкі атрада Сцяпанам Сяргеевічам Сумчанкам. Сумчанка згадзіўся з прапановай Марка.

— Толькі будзь асцярожны,— папярэдзіў сн.

I Марк пачаў дзейнічаць.

Назаўтра яны з Рымай цэлы дзень круціліся каля паліцыі. Пасядзелі на прыступках ганка з сынам Лютара, Шуркам. Марк паскардзіўся Шурку, што паліцаі на пляжы мыюць коней — пакупацца нельга.

— Нічога не зробіш. Бацька не любіць, калі ад коней за вярсту нясе потам. Ён у нас акуратыст.

— А як яго нага, зажывае? — спытала Рыма.

— Урачы стараюцца. Абяцаюць тыдні праз два выпусціць. Пашанцавала яму, што асечка ў таго гада выйшла.

— Сапраўды пашанцавала,— згадзіўся Марк.

— Не разумею я тых, што ў лесе сядзяць,— гаварыў Шурка.— На што яны спадзяюцца? У немца пад нагамі ўся Еўропа, Маскву захапілі, Ленінград не сёння-заўтра здасца. Сіла! А перад сілай кожны стане на калені.

Марку так і хацелася сказаць яму: «Брэшаш, Масква наша». Але нельга было гаварыць гэта. I Марк сказаў толькі:

— А можа тыя, што ў лесе, думаюць інакш і не хочуць жыць на каленях.

— Усё роўна ўсіх іх чакае смерць.

— Усялякая і смерць бывае. Ды што гэта мы? Пра жыццё трэба думаць, а не пра смерць.

Марк падняўся, баючыся, што не вытрывае і скажа што-небудзь лішняе.

— Ну, бывайце,— сказаў Шурка,— мне трэба ісці.

На ганак выйшаў Блінкоў.

— Вы чаго тут? — спытаў ён у Марка.— Месца другога няма?

— Ды вось, з Шуркам пра жыццё гаварылі.

Блінкоў закурыў, нервова камечачы цыгарэту. Вечарэла. Ля будынка паліцыі нікога не было, усе паехалі па вёсках — рабаваць. I тое, што паліцэйскія не бачылі, як Марк стаіць з Блінковым, было дарэчы. Рыма нахілілася і падняла з зямлі галінку клёну. Іх многа валялася тут пад нагамі, зялёных галінак з ліпкімі пупышкамі. Яны былі ссечаны нядаўна, светла-зялёнае лісце яшчэ не паспела завянуць. А побач тырчаў з зямлі голы тонкі пянёк — усё, што засталося ад маладога клёна: нехта шашкай ссек яго.

— Гэтыя клёны мы, школьнікі, садзілі,— сказала Рыма.— Кажуць, калі чалавек вакол сябе толькі прыгожае бачыць, ён і сам становіцца прыгажэйшы.

Блінкоў маўчаў. Ён глядзеў кудысьці ўбок, камячыў у пальцах патухшую цыгарэту і думаў.

— А мне здаецца,— загаварыў Марк,— што толькі мастацтва можа ўздзейнічаць на чалавека і перш за ўсё — музыка. Чуў я аднойчы, як вы іграеце. Здорава! Зайздрошчу... Толькі тут, у гарнізоне, раяль разбіты. I настроіць яго няма каму. А ў нас у школе новенькае піяніна стаіць, перад самай вайной купілі, настроілі да выпускнога вечара.