Блінкоў недаверліва паглядзеў на Марка.
— Там клас зачынены, а я ведаю, дзе ляжыць ключ. Сам дзіўлюся, чаму да гэтага часу немцы не забралі піяніна. Можа, не ведаюць, што яно там ёсць?.. Хадземце пакажу.
Блінкоў хвіліну думаў, потым рашуча кінуў цыгарэту і першы сышоў з ганка.
— Пайшлі.
...Марк узяў над дзвярамі ключ, адчыніў залу. Пахла сырасцю і пылам. Блінкоў адразу падышоў да піяніна, падняў з падлогі нейкі шматок, працёр дэку, потым адкрыў яе, крануў пальцамі клавішы і зайграў.
Іграў ён добра.
Марк не ведаў, чыя гэта музыка, але добра разумеў яе. Ён стаяў з ключом у руках і слухаў.
Скончыўшы іграць, Блінкоў сядзеў моўчкі. Марк уставіў ключ у дзверы і павярнуў яго. Блінкоў пачуў гэта, падняў галаву і глядзеў моўчкі на Марка.
— Я партызан,— сказаў Марк.
Блінкоў падхапіўся з крэсла, рука яго пацягнулася да кабуры.
— Спакойна, апусці руку, у мяне таксама ёсць пісталет.
Блінкоў не зводзіў з Марка вачэй.
— А чым ты дакажаш, што ты... гаворыш праўду? — нарэшце спытаў ён.
— Праз два дні ты сустрэнешся з камандзірам партызанскага атрада. Толькі ведай: калі што — нас многа, і ты ўсё роўна жыць не будзеш.
Праз нейкі час Рыма ўбачыла, як Марк з Блінковым выйшлі са школы і спусціліся ўніз на дарогу.
На другі день Марк сустрэў на вуліцы Блінкова з двума паліцаямі. «Выдасць ці не?» — мільганула думка. Блінкоў абыякава паглядзеў на Марка і прайшоў міма. Марк з палёгкай уздыхнуў.
Дзён праз пяць на чыгуначнай ветцы Асіповічы — Ліпень — Градзянка, Блінкоў сустрэўся з Сумчанкам, камандзірам разведкі і намеснікам камандзіра партызанскага атрада.
Блінкоў расказаў пра сябе. Ён — музыкант, у першыя дні вайны, ранены, трапіў у палон. У лагеры яму сказалі: «Вылечым, калі пойдзеш у паліцыю». I Блінкоў згадзіўся.
— Я даўно прыглядаюся да Марка, і толькі адно мяне стрымлівала — арышт яго бацькі. А цяпер... вось я тут,— закончыў ён свой расказ.
Сумчанка выслухаў і сказаў:
— Што ж, паглядзім. Будзеце трымаць сувязь з Маркам Кунько. Ён ваш шэф.
«Шэфу» не цярпелася хутчэй, пакуль няма Лютара, разграміць паліцэйскі гарнізон. 3 Блінковым ён распрацаваў план разгрому. Блінкоў пакажа, дзе стаяць пасты, назаве паролі. Партызаны ўварвуцца ноччу ў вёску і разгромяць гарнізон.
13
Цяпер Марк начаваў у школе. Рыма была дома адна. Неяк апоўначы ў дзверы асцярожна пастукалі. Рыма падхапілася. «Напэўна, Марк»,— падумала яна. Падышла да дзвярэй, спытала:
— Хто тут?
— Мне Марк патрэбен.
Рыма пазнала Блінкова.
— Зараз.
Яна выйшла на двор.
— Пачакайце тут,— сказала Блінкову і ціхенька пайшла да школы. Падышла да акна, узяла ў рукі жменьку зямлі і сыпанула ў акно другога паверха. У акне паказаўся Марк. Рыма кіўнула галавой на дом і вярнулася да Блінкова.
Прыйшоў Марк.
— Заўтра раніцай уся паліцыя і немцы паедуць у Базок па цяляты,— сказаў Блінкоў.
— Ты таксама паедзеш?
— Павінен ехаць.
— Добра, едзь ззаду на веласіпедзе, надзень белую майку. Паміж Вязаўніцай і Базком адстанеш.
Ён паціснуў Блінкову руку на развітанне.
Марк многа разоў бываў у партызанскім лагеры, ведаў туды ўсе дарогі. Але на гэты раз ці то ад таго, што ноч была цёмная, ці то ад таго, што спяшаўся і бег нацянькі, заблудзіўся. Пасвятлела неба, пачало днець. «Няўжо не паспею»?
Выхад быў адзін. Ён падняў угару пісталет і стрэліў. I тут жа яго схапіў партызанскі пост.
— Хутчэй, хутчэй! — падганяў Марк.— Мне трэба да Караля,— так у атрадзе звалі Каралёва.
Кароль выклікаў да сябе Сумчанку, начальніка асобага аддзела атрада Стэльмаха і камісара Голанта. Па трывозе быў падняты атрад.
Стэльмах даў Марку свой паўаўтамат, і партызаны пайшлі на засаду. Паблізу вёскі Вязаўніца заляглі метраў за трыццаць ад дарогі. У сем гадзін раніцы ўжо ярка свяціла сонца, а падвод з паліцаямі не было. Не было іх і ў восем, і ў дзевяць. Марк ляжаў побач з Каралём і Валодзем.
«Чаму не едуць? — думаў Марк.— Яны павінны былі ўжо ехаць, сонца высока, а Блінкоў сказаў «раніцай». Можа Блінкоў падвёў яго, а ён атрад?» Ён адчуваў сябе вінаватым і не мог падняць вачэй на брата, на камандзіра атрада. Яны паверылі яму. А ён?.. Заслухаўся, што той прыгожа іграў і вось...
Раптам на дарозе паказалася падвода. На ёй ехаў паліцэйскі. Кароль ляжаў спакойна. Значыць страляць рана, трэба чакаць. Марк ужо бачыў твар паліцэйскага — гэта быў Павел Усачоў. Ён заўсёды і ўсюды лез першы. Падвода праехала, і зноў на дарозе — нікога. Але вось паказалася яшчэ адна, яшчэ. Марк налічыў усяго пяць. На кожнай падводзе ла чатыры паліцэйскіх. Ім было весела, яны гарлапанілі песні. Дарога была гразкая, нядаўна прайшоў дождж. Падводы расцягнуліся. Першая прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Пачакалі і партызаны. Калі першая падвода кранулася — Кароль стрэліў. Гэта быў сігнал. Застрачылі кулямёты, аўтаматы, на паліцэйскіх абрушыўся град куль. Паліцаі закруціліся, пачалі саскокваць. Тыя, што ўцалелі ад першых куль, заляглі ў канаву і пачалі адстрэльвацца. Некаторыя спрабавалі ўцячы да лесу, але іх даганялі партызанскія кулі. Страляючы, Марк увесь час шукаў вачыма Блінкова. Але яго не было.