Бой цягнуўся хвілін пяць. Калі ўсё сціхла, партызаны ўбачылі, што ў канаве ляжыць нейкі чалавек і махае над галавой пугай. Паднялі яго. Гэта быў стары Ціт Паркалаў, з якім Валодзя і Марк ездзілі на начлег.
— Дзядзька Ціт, а ты чаго тут? — спытаў у яго Марк.
— Не хапіла ў іх падводы, дык яны мяне з канём узялі.
— А дзе Блінкоў?
— У апошнюю хвіліну не паехаў, сказаў: галава баліць. Тады I немцы таксама не паехалі.
— Збаяўся, эх... — Марк не знаходзіў слоў.
Партызаны выпраглі коней, забралі ў забітых паліцэйскіх зброю. Старога Ціта адпусцілі дадому.
— Дзядзька Ціт не выдасць нас,— сказаў Марк.— Я ручаюся за яго.
— Але ж ён бачыў цябе, брата. Калі што — разумееш?.. — гаварыў Кароль.
— Разумею, але ж ён не скажа, я яго добра ведаю.
— Ну, глядзі, ты рызыкуеш больш за другіх, і твая сястра...
Ціт вярнуўся ў вёску. Калі немцы ў яго пыталіся, ці бачыў ён знаёмых сярод партызан, стары адказваў:
— Не, не бачыў.
— А многа партызан?
— У-у! Сіла! — мнагазначна адказваў Ціт.
Ад паліцэйскага гарнізона астаўся адзін Блінкоў. Праз некалькі дзён яму паведамілі, што ў вёску Лапкавіца прыехалі свіслацкія паліцаі і рабуюць насельніцтва. Лапкавіца была Ліпеньскага гарнізона, і паліцэйскія другіх гарнізонаў не мелі права гаспадарыць тут. Для гэтага ў іх былі свае вёскі. Блінкоў паехаў у Лапкавіцы. Яшчэ здалёк ён пачуў крык, плач, лаянку. Ля адной хаты паліцэйскія забіралі карову. Жанчына плакала, галасіла:
— А што ж я буду рабіць? А чым жа накармлю дзяцей? — За спадніцу чаплялася пяцёра малых.
— Аддайце карову! — сказаў Блінкоў.
— А твая якая справа? Ты хто такі?
— Начальнік ліпеньскай паліцыі.
— А мы плявалі, што ты начальнік.
Блінкоў схапіўся за наган.
Але свіслацкі паліцай першы стрэліў яму ў жывот. Блінкоў упаў...
Калі праз два дні вярнуўся са шпіталю Лютар і яму гіаведамілі, што Блінкова забілі, ёй сказаў:
— Шчасце яго. Каб застаў — павесіў бы.
14
Рыма стаяла ў хаце ля акна і чакала Марка. Ён пайшоў да партызан, каб дамовіцца з камандзірам. Больш заставацца ў вёсцы было небяспечна. Настаў час і ім падацца ў лагер.
Сцямнела. Над школай прарэзаўся серп маладзіка.
Рыма не запальвала лямпы, не зачыняла аканіц. Было самотна адной у цёмнай хаце. Але лягчэй чакаць, стоячы ля адчыненага акна. Ужо даўно меўся прыйсці Марк, і Рыма хвалявалася: чаму яго няма? Унізе, ля моста, хадзіў паставы немец. Хаця б Марк не напароўся на яго... Яна прыслухоўвалася да шолахаў за домам, але было ціха. Толькі плёскала ў берагі Свіслач.
Марк падышоў непрыкметна. Ценем прашмыгнуў міма акна, спыніўся ў сенцах, прыслухаўся.
— Марк! — ціха паклікала Рыма.
— Ты адна?
— Адна.
Ён увайшоў у сенцы, потым вярнуўся на двор, каб зачыніць аканіцы. Рыма запаліла газоўку. Марк унёс у пакой плецены кошык, у ім ляжаў ладны кавалак мяса.
— Вось, смажыць будзем.
Пад мясам ляжала нешта, падобнае на мыла.
— Нашто нам столькі мыла? — спыталася Рыма.
— Гэта тол.
Рыма з Маркам завесілі вокны пасцілкамі, ссунулі ўбок цяжкую камоду, паднялі дзве дошкі ў падлозе і схавалі туды тол. Паставілі ўсё, як было.
— Ну вось,— сказаў Марк.— А цяпер спаць.
Рыма ўздыхнула, але распытваць не стала. Яна навучылася маўчаць, бо ведала: што можна, Валодзя і Марк самі ёй скажуць. А калі маўчаць — значыць, так трэба.
Разбіраючы пасцель, Марк ціха прагаварыў:
— Падсмажым камендатуру — і ў лес.
Рыма доўга не магла заснуць. Яна не сумнявалася, што Марк падарве камендатуру, хоць і ведала, што зрабіць гэта не так проста. Камендатура была ў самым цэнтры вёскі, яе абнеслі высокім, у чалавечы рост, шчыльным тынам. Там, за тынам, хадзілі патрулі.
Назаўтра Марк схадзіў у разведку, а вярнуўшыся, выцягнуў тол, паклаў яго ў кошык, зверху засыпаў бульбяным лушпіннем.