Выбрать главу

— За камендатурай ёсць пусты хлеў,— сказаў ён Рыме.— Якраз насупраць дома, дзе жыве Рая Башко. Ведаеш, тая, што ў сельрадзе працуе? Трэба занесці тол да Раі, а яна потым перанясе яго цераз дарогу ў хлеў. Астатняе я ўжо сам.

— Добра, Марк, я занясу.

— Толькі асцерагайся. Калі здалёк убачыш немца або паліцая, лепш бакавой вуліцай абыдзі.

— Я асцярожна.

Рыма ўзяла ў рукі кошык, ён быў цяжкі.

— Данясеш?

— Што ты!

Рыма ішла па вуліцы, і ніхто не звяртаў на яе асаблівай увагі. Рыма несла лушпіны — каго гэтым здзівіш?.. На плошчы яна ўбачыла немцаў. Глянула на бакавую вуліцу, але і там былі яны. Выбару не было, і Рыма пайшла па плошчы насустрач немцам. У Раіным двары паставіла кошык і зайшла ў дом.

— Я лушпіны прынесла,— высыпце,— сказала.

Рая ўзяла кошык і хутка вярнулася, ужо з пустым.

Увечары, калі добра сцямнела, Марк выйшаў з дому. Следам за ім Рыма. У руках быў невялікі клунак: дзве пасцілкі — ёй і Марку. Цёплыя рэчы былі раней перапраўлены ў атрад. Рыма спусцілася да ракі і схавалася ў зарасніку вярбы. Сюды пасля выбуху павінен быў прыйсці Марк.

Рыма прыслухоўвалася. Але выбуху не было. Не было яго ні на другую, ні на трэцюю ноч. Марк прыходзіў да ракі амаль пад раніцу, і яны вярталіся дадому. Ночы былі месячныя, светлыя.

— Проста белыя... — злаваўся Марк.

Толькі на чацвёртую ноч месяц схаваўся за воблакі.

У плоце ля камендатуры быў толькі адзін паўметравы праход. Перад ім была пасаджана бульба. Яна толькі яшчэ паднялася ад зямлі, і схавацца ў ёй было нельга. А каб дабрацца да бульбы, трэба было паўзці гародамі міма трох хат. Марк падпоўз да прахода, як падпаўзаў ужо тройчы. «Няўжо і сёння не выйдзе?» — думаў ен, прыслухоўваючыся да крокаў вартавых. Іх было двое. Хадзілі яны моўчкі. Гэта добра, што моўчкі. I што не сустракаюцца адзін з адным — таксама добра.

Вось вартавы павярнуўся да Марка спіной і пайшоў уздоўж дома.

Марк адлічвае секунды: адна... дзве... тры... чатыры... дзесяць секунд — і вартавы ідзе назад. Значыць, у распараджэнні Марка дзесяць секунд. Калі вартавы павярнуўся спіной, Марк нячутна шмыгнуў за паркан і лёг за піўныя бочкі. Зноў размераныя крокі. Тол, звязаны шпагатам, ляжыць ля ног Марка, у кішэні — запалкі, прынесеныя з лесу, у руках пісталет. Крокі аднаго вартавога аддаляюцца ад яго, другога — набліжаюцца, Вось Марк бачыць твар немца, стомлены і нейкі абыякавы. Вартавы падышоў амаль да самых бочак. Яшчэ секунда, і ён павярнуўся да Марка спіной. Марк падхапіўся, адным рыўком апынуўся ля вартавога і рукаяткай пісталета моцна ўдарыў па галаве. Раз, другі. Зацягнуў вартавога за бочкі і прыслухаўся. Яму здалося, што калі ён забіваў вартавога — чуў увесь Ліпень. Але было ціха. Вось цяпер з’явіцца ля вугла другі вартавы. Калі ён павернецца да Марка спіной, трэба дзейнічаць.

Вартавы павярнуў за дом, Марк падбег да вугла, падлажыў тол, чыркнуў запалкай. Зламалася! Чыркнуў другой. Дрыжалі рукі. Ён лічыў секунды. Вартавы ўжо наблізіўся да канца дома, зараз паверне назад. Вядома, ён чуе, не можа не чуць, як чыркаюць запалкі. А можа думае, што сябар закурвае? Але ж у іх запальнічкі. Запалка ўспыхнула, і маленькі агеньчык пабег па шнуры. Марк падняўся, два крокі ступіў і адчуў, што далей ісці не можа. Падкасіліся ногі, і ён сеў на траву.

Пачуў крокі вартавога. Зараз ён убачыць Марка, і тады ўсё прапала — вартавы затопча маленькі агеньчык, яго, Марка, схопяць, схопяць і Рыму, будуць здзекавацца з іх. Ён сабраў усю сваю сілу і пабег бульбянішчам уніз да ракі. Ззаду грымнуў выбух.

Марк бег туды, дзе яго чакала Рыма.

— Немцы на Галёнах,— прашаптала яна.

— Хутчэй! Хутчэй!

Ён узяў у яе клунак, і яны паплылі на той бок ракі. Там быў лес, а ў ім — ратунак.

На досвітку Рыма дабралася да Брыцалавіч і пастукала ў знаёмую хату. Адчыніў Васіль Баразна.

— Што здарылася? Чаму ты мокрая?

— 3 Маркам плыла, ён падарваў камендатуру.

— А дзе ён сам?

— Застаўся ў лесе, чакае, мо пагоня будзе.

Марк прыйшоў, калі сцямнела. Васіль правёў яго і Рыму да першага партызанскага паста, што быў непадалёк ад вёскі, у Брыцалавіцкім лесе. Гэта ён, Васіль, праводзіў да гэтага ж паста абодвух Валодзяў — Кунько і Сакольчыка, а некалькі дзён назад — Палагею Аляксандраўну. Мужа яе немцы расстралялі.

ЛЯСНЫЯ ЖЫХАРЫ

1

Рыма сядзела ў зямлянцы на нарах, засланых яловымі лапкамі, і моўчкі глядзела на падлогу — чорную, утрамбаваную зямлю. На нізкім самаробным століку гарэла маленькая газоўка. У другім канцы зямлянкі былі яшчэ адны нары.

Рыма спала на адных нарах з Палагеяй Аляксандраўнай. Спалі апранутыя: немцы маглі наляцець кожную хвіліну. За ноч цела настывала, і раніцай хацелася хутчэй выскачыць з цёмнай зямлянкі ў лес, дзе зялёная трава і многа святла нават у хмарны дзень.