Выбрать главу

Сёння ў Рымы нявесела на душы. Яна зноў хадзіла да камандзіра роты Паўла Грыгаровіча прасіць, каб паслаў яе ў баявую роту. Павел Антонавіч сказаў:

— Ты думаеш, накарміць партызан, якія прыйшлі галодныя пасля бою, гэта мала?

— Я нічога не кажу, але ж... я ішла сюды, каб ваяваць...

— Ды ты больш карысці прынясеш тут, памагаючы Палагеі Аляксандраўне.

— Гэта яшчэ невядома...

— Адным словам, загад ёсць загад.

Рыма пайшла да камісара атрада Голанта, які да вайны працаваў другім сакратаром райкома партыі, і зноў даказвала сваё:

— Я не за тым ішла ў лес, каб бульбу абіраць...

Але і камісар быў няўмольны. Ён глядзеў на яе добрымі, спагадлівымі вачыма. Здавалася, вось зараз скажа: «Правільна, нам патрэбны воіны». А ён гаварыў зусім другое:

— Трэба ж каму-небудзь і бульбу абіраць.

Камандзіра атрада Каралёва не было. Яго выклікалі ў Маскву. Па яго прылятаў з «Вялікай зямлі» самалёт.

Так ні з чым Рыма вярнулася ў зямлянку.

Палагея Аляксандраўна збіралася пячы хлеб. Пякла яго ў вялізнай жалезнай бочцы. Хлеб удаваўся пульхны, смачны, партызаны хвалілі Палагею Аляксандраўну і называлі яе партызанскай маці.

Цеста паставілі з вечара. Яно падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя грыбныя шапкі.

— Пойдзеш са мной? — спытала Палагея Аляксандраўна.

Рыма падняла на яе заплаканыя вочы:

— Палагея Аляксандраўна, пагаварыце вы з камісарам, скажыце, што я вам не патрэбна, зусім не патрэбна, можа, тады ён мяне адпусціць.

Палагея Аляксандраўна села да яе на нары, абняла за плечы.

— Дзіцятка маё, навошта табе тая баявая рота, там жа забіць могуць.

— Ну, гэта яшчэ як выйдзе, я таксама страляць умею і хоць аднаго фашыста на той свет адпраўлю.

— Не дзіцячы гэта занятак,— ківала галавою Палагея Аляксандраўна.

На паляне пад бочкай ужо гарэў агонь. Рыма ўсё ж пайшла памагаць Палагеі Аляксандраўне. Непадалёку ад кухні пачула рогат. Азірнулася. Рагаталі партызаны. Перад імі круцілася маладзіца ў шырокай спадніцы, кофце і хустцы, завязанай пад бараду. Маладзіца паціскала плячыма, какетліва ківала галавой і спявала:

А мой милый — партизан.

С Гитлером сражается.

Мне, девчоночке, теперь

Гулять не разрешается.

Рыма пазнала Маркаў голас. Гэта ён пераапрануўся, каб пайсці па «языка». Рыма падышла бліжэй.

— А, Рыма, будзь здарова, сястрычка! Не сумуй, я хутка вярнуся,— весела сказаў Марк і пайшоў сцежкай, махаючы на развітанне рукою.

...Вярнуўся ён з немцам, у якога быў заткнуты анучай рот і звязаны рукі. Марк правёў немца ў зямлянку камандзіра, а сам, апрануўшыся ў сваё, падышоў да Рымы. Ля яе сядзеў Валодзя і чысціў аўтамат.

— Што нос павесіла? Вышэй галаву! — сказаў Марк, прымошчваючыся побач.

Рыма жаласлівымі вачыма паглядзела на братоў.

— Вазьміце мяне з сабою на заданне! Ну вазьміце,— не вытрымала яна.

— Не можам, не маем права,— адказаў Валодзя.

— Пабачыш, я не буду замінаць і вінтоўку сама ў баі здабуду.

— I не думай. Малая ты яшчэ.

— Ну, якая я малая?

— Наша сястрычка вырасла, а мы і не прыкмецілі,— сказаў Марк, стараючыся перавесці гаворку на жартаўлівы лад.

Але Рыма не хацела жартаваць.

— I вырасла. А вам я ўсё тая, што каля школы ў класы гуляла,— сказала яна.— I потым, гэта апека мне надакучыла. Не хочаце памагчы — без вас абыдуся. Сама, цішком пайду! А сядзець і чакаць нямаведама чаго не буду.

Хлопцы пераглянуліся. Такога яны не чакалі.

— Была б тут мама, наша апека табе не спатрэбілася б,— сказаў сурова Валодзя. — Але май на ўвазе, яна не дазволіла б табе лезці не ў свае справы.

Напамінак пра маці балюча адазваўся ў Рыміным сэрцы: дзе яна цяпер? Што з ёю? Колькі разоў ноччу Рыма размаўляла з мамай, расказвала ёй свае крыўды. Навошта яны так гавораць пра маму? I Рыма адказала:

— Была б тут мама, яна б ганарылася, што я не хачу за вашы спіны хавацца.

Рыма дастала з кішэні і падала Валодзю тры складзеныя разам паперкі: заява ў партызанскую камсамольскую арганізацыю і дзве рэкамендацыі.

— Я ў камсамол уступаю,— дадала яна.

Валодзя прагледзеў паперкі.

— Як уступіш, тады і будзем гаварыць, а цяпер няма чаго.

— Сумлення ў вас няма,— пакрыўдзілася Рыма і панура адышла ад братоў. Ногі нячутна ступалі па прымятай траве. Некалькі лістоў, пакружыўшыся ў паветры, ляглі на сцежку. Рыма падняла галаву, паглядзела ўгору. Раней густыя галіны над лагерам закрывалі ад вачэй неба, а цяпер скрозь парадзелыя кроны дрэў яно прасвечвалася, нізкае і шэрае. Настала восень.