Выбрать главу

На свята 25-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі Рыму прынялі ў камсамол.

Партызанскі атрад вырашыў адзначыць свята Кастрычніка разгромам нямецкага гарнізона. Кіраваў аперацыяй Валодзя Кунько. Ён сам хадзіў у разведку, а потым доўга сядзеў у зямлянцы Сумчанкі, удакладняючы план.

Выйшлі ноччу, каб знянацку напасці на сонных фашыстаў. Ісці было цяжка. Ліў дождж. Пад нагамі хлюпала вада. Яна была ўсюды, і, здавалася, канца-краю ёй няма, як няма канца-краю цёмнаму лесу.

Партызаны ішлі, хаваючы пад паліто зброю. Неслі прыкрытыя брызентам кулямёты.

Дзесьці выў галодны воўк, плакала сава.

За групай партызан, якая расцягнулася па лесе, крадзецца маленькая цёмная постаць. Гэта Рыма. Яна прыціскае да грудзей гранату, якую ўзяла цішком у Марка. Дзяўчына баіцца адстаць ад партызан, што ідуць уперадзе, баіцца, што яны яе заўважаць і адправяць назад у лагер. А яна хоча быць з імі. Яна ўглядаецца ў цемру і нікога не бачыць, толькі чуе, як хлюпае пад ботамі вада.

Нарэшце да яе даносяцца прыглушаныя галасы. Валодзя аддае каманду. Значыць, прыйшлі. Рыма схавалася за дрэва, прыслухалася. Некалькі чалавек аддзялілася ад групы і пайшло ўперад. «Здымаць пасты»,— здагадалася Рыма. Атрад прыціх.

I вось ужо гучыць Валодзеў голас:

— Уперад!

Ён першы кідаецца да варот высокай сцяны, якой абгароджаны гарнізон.

Застрачылі кулямёты, за сцяну паляцелі гранаты. Прайшла хвіліна, другая, і адтуль, з-за сцяны, бліснулі дзесяткі вогненных маланак. Завылі мінамёты.

— За Радзіму! — зноў пачуўся Валодзеў голас.

Навокал выла, свістала, грымела. Рыма ляжала, прыціснуўшыся тварам да мокрай травы, і баялася падняць галаву. Ёй здавалася, што ўсе кулі ляцяць толькі да яе, і варта толькі паварушыцца, як яна назаўсёды астанецца ляжаць тут, і ніхто не будзе ведаць, дзе яна. Але падняцца трэба. Не будзе ж яна ляжаць тут, пакуль скончыцца бой. У яе ж ёсць граната.

Не падымаючы галавы, Рыма пачала прыслухоўвацца, каб разабрацца, дзе страляюць. Партызаны адышлі ўбок ад варот і адстрэльваліся. Але што гэта свішча і свішча над самай Рымінай галавой? Яна азірнулася і ўбачыла горку, з якой тырчаў ствол. «Дзот»,— здагадалася Рыма.

Асцярожна, баючыся паварушыцца, Рыма дастала гранату, пацягнула за кальцо і, адставіўшы правую руку ўбок, кінула гранату ў дзот. А сама зноў прыціснулася тварам да мокрай травы. Пачуўся выбух. Не, не дарэмна Рыму называлі «снайперам снежак» — яна пацэліла адразу ў амбразуру. Ёй хацелася закрычаць ад радасці, але яе ўсё роўна ніхто б не пачуў. Да яе даносіліся крыкі партызан. Яны былі ўжо за сцяной. Там ішоў рукапашны бой.

Рыма кінулася ў вароты.

Там распараджаўся Валодзя.

— Мёртвых і параненых падабраць. Гарнізон падпаліць. Жыва, хлопцы!

Раптам Валодзі здалося, што перад ім мільганула Рыма. «Няўжо ўпотай ішла за намі?»

Ён пабег да партызан, што неслі раненых і забітых.

— Рыму не бачылі? — і сутыкнуўся з ёю.

Сагнуўшыся, Рыма цягнула некалькі вінтовак. Хацелася сказаць ёй «малайчына», але нічога не сказаў: партызаны неслі параненага таварыша.

2

Цяпер у Рымы была свая вінтоўка.

«Ёсць зброя — значыць баец»,— думала Рыма. Марк вучыў яе акопвацца, хавацца ад праціўніка, поўзаць па-пластунску, прыціснуўшы да зямлі галаву і цела. Два разы цішком ад Валодзі Марк узяў яе з сабою ў засаду: адзін раз партызаны абстралялі машыну з немцамі, другі — перад калонай машын узарвалі мост...

У гэтых засадах Рыме было не так страшна, як тады, у кастрычніцкую ноч, калі яна засталася адна ля варожага дзота. Цяпер побач з ёю былі партызаны, ужо абстраляныя ў баях, быў Валодзя Сакольчык, быў Марк.

Пасля засад Марк гаварыў Сакольчыку, каб чула Рыма:

— Ведаеш, Валодзя, я і не думаў, што наша Рыма такая храбрая. Яна стане сапраўдным партызанам. А ты як думаеш?

Сакольчык згаджаўся з Маркам, а Рыме было няёмка чуць гэтыя словы, таму што цяжкая вінтоўка дрыжала ў яе руках і кулі ляцелі не туды, куды яна іх пасылала. I ёй здавалася, што ўсе гэта бачылі.

Рыма разумела — трэба больш трэніравацца, каб навучыцца добра страляць, але патроны былі на строгім уліку. У партызан не хапала боепрыпасаў. Усё, што яны мелі, здабывалася ў баях з немцамі і паліцаямі. Заставалася адзінае выйсце — вучыцца ў баі. I яна сачыла за Маркам. Ледзь толькі яна заўважала, што ён рыхтуецца да бою,— правярае вінтоўку, пісталет, запасаецца боепрыпасамі,— Рыма падсаджвалася да яго і пачынала прасіць: