Аднойчы снежным марозным днём радыё прынесла трывожную вестку — вайна з Фінляндыяй.
Марк засумаваў. Ён, выдатны лыжнік і трапны стралок, сядзіць за партай, вучыць тэарэмы і паўтарае храналогію старых гістарычных падзей. А на свеце адбываецца такое...
І раптам пісьмо ад Валодзі. Ён ідзе добраахвотнікам на фронт. «Лічу гэта сваім абавязкам»,— пісаў ён. У той жа дзень і Марка выклікалі ў ваенкамат. I ён падаў заяву, хадзіў, даказваў, што дзевяты клас — гэта не так ужо мала, што ён снайпер, што з пятнаццаці гадоў мае паляўнічы білет. I яму дазволілі.
Разам з Валодзем ён быў у Першым лыжным беларускім батальёне.
Трывожна стала ў доме. Газеты пісалі: маразы, жорсткія баі... Рыма хадзіла разгубленая, не знаходзіла сабе месца. I не вытрымала, рашуча сказала маці:
— Мама, я пайду на вайну!
Вера Маркаўна здзіўлена паглядзела на дачку.
— Малая ты яшчэ,— сказала яна строга.— Не дзіцячы гэта занятак.
— Усё роўна пайду.
— А што ты там будзеш рабіць?
— Разведчыцай буду, раненых буду з поля бою выносіць.
— Не пушчу! I гаварыць больш не хачу з табою!
Рыма змаўчала. Навошта спрачацца, калі ўжо ўсё вырашана. Употай Рыма пакінула дом. Вера Маркаўна нядоўга ламала галаву над тым, дзе шукаць дачку. На станцыі фарміраваліся добраахвотныя батальёны. Вера Маркаўна паехала туды. Прызыўны пункт знайсці было не цяжка, туды ішлі юнакі з невялікімі вузельчыкамі ў руках. Вера Маркаўна рушыла за імі.
Рыму яна ўбачыла на прыступках ля ўваходных дзвярэй прызыўнога пункта. Рыма сядзела, закрыўшы твар рукамі, плечы яе ўздрыгвалі. Яе не ўзялі на вайну...
3
Салдацкія пісьмы-трохкутнікі прыходзілі рэдка. Хлопцы пісалі скупа; «жывыя, здаровыя, не хвалюйцеся».
Рыма складвала трохкутнікі ў бляшанку з-пад цукерак, хавала яе на самае дно чамадана — пісьмы былі з вайны, адтуль, дзе ішлі гарачыя баі, дзе людзі не шкадавалі жыцця за шчасце Радзімы. I яна берагла іх.
Вярнуўшыся з Оршы, маці і дачка ні разу не гаварылі пра ўцёкі, не ўспаміналі пра іх.
Толькі Валя, Рыміна сяброўка, незнарок напомніла.
Было гэта пад вечар у нядзелю. Рыма з Валяй глядзелі кінафільм «Чапаеў». Пасля кіно яны моўчкі выйшлі з клуба. На плошчы было многа народу. Яны мінулі сквер і ўбачылі п’янага. Ён стаяў ля плота, цыбаты, хударлявы, і ніяк не мог ад яго адарвацца. Трымаючыся рукамі за шурпатыя дошкі, ён лаяўся брыдкімі словамі.
Рыма прыпынілася, агледзелася і, заўважыўшы непадалёку купку мужчын, якія весела гаварылі пра нешта смешнае, падышла да іх.
— Я вас вельмі прашу,— сказала яна,— завядзіце яго дадому. Сам ён не дойдзе.
Мужчыны аглянуліся.
— А, гэты? Гэты дадому дабярэцца. Не першы раз.
— Але ж тут людзі ходзяць, дзеці, а ён лаецца...
Мужчыны пераглянуліея.
— Добра, дзяўчынка, зараз.
Яны падышлі да п’янага і ўзялі яго пад рукі.
Рыма вярнулася да Валі. Яны мінулі плошчу, звярнулі на Галёны. Гэта была вуліца, дзе калісьці жылі батракі, галота. Магчыма, таму і вуліцу назвалі — Галёны, ад слова голыя. Нарэшце Валя сказала:
— Пашкадавала? Гэта ж Усачоў, той самы, што напісаў данос на твайго бацьку.
— Ведаю,— ціха адказала Рыма.
— Дык чаму ж ты папрасіла, каб яго завялі дадому?
— Брыдка глядзець... Ён не падобны на чалавека. Крадзе, п’е, лаецца...
Нейкі час ішлі моўчкі. Рыма думала пра Усачова. Ён сказаў аднойчы п’яны пра бацьку, убачыўшы Рыму:
— Будзе ведаць, як майму сыну двойкі ставіць. Я адзін раз паставіў подпіс, і ён да смерці не забудзе,
«I навошта такія людзі жывуць на свеце? — думала Рыма.— Толькі каб рабіць зло».
А вось Чапаеў загінуў: смелы, храбры, адданы рэвалюцыі. Чаму ён загінуў? Чаму наогул гінуць харошыя людзі?
— Чапаеў столькі мог зрабіць для людзей і загінуў. Ненавіджу вайну,— сказала яна.
— Ненавідзіш, а сама ўцякала на вайну,— напомніла Валя.
— Таму і ўцякала, што ненавіджу,— адказала яна.
Валя збоку недаверліва паглядзела на Рыму.
— Не верыш? Эх ты! Хіба можна сядзець дома і чакаць, калі гінуць другія, калі не ты, а яны бароняць Радзіму ад ворага? Хавацца за іх спіны? Не, я так не магу,— сказала Рыма.
Дома яе чакалі. За сталом сядзелі абодва браты ў ваенных гімнасцёрках.
— Брацікі! Валодзя, Марк! — Рыма кінулася да іх.
«Брацікі» былі ўжо намнога вышэйшыя за маці, шырокія ў плячах, з абветранымі і апечанымі марозам тварамі. Яны схапілі Рыму за рукі і закружыліся з ёю па пакоі.
— Ну, як там было? Раскажыце, ці надоўга дамоў? У водпуск, так? — пыталася Рыма.
— Дэмабілізаваныя салдаты! — Валодзя стукнуў абцасамі шыраканосых лыжных чаравікаў.