Выбрать главу

Маленькая працэсія моўчкі ішла за санямі. Вярталіся ў лагер.

У Рыміных вушах стаялі словы доктара:

— Я стары, я многа бачыў, а такой волі...

Ён не дагаварыў...

Пакуль збівалі труну, Марк сказаў Рыме:

— Ты ідзі адпачні, потым прыйдзеш.

Рыма паслухмяна пайшла ў сваю зямлянку. Забралася на нары, забілася ў куток. Нехта адчыніў дзверы, і ў зямлянку ўварваліся клубы халоднага паветра. Нізка прыгінаючыся, спусцілася Палагея Аляксандраўна.

— Ты тут, дзіцятка, а я цябе шукаю. Вось зараз я табе чаю дам, сагрэешся, сэрца і адыдзе.— Палагея Аляксандраўна распаліла пячурку, наліла ў кацялок вады, паставіла на агонь, а сама пачала даставаць з мяшэчка, што вісеў над нарамі, сушаны ліпавы цвет. Заварыла і падала Рыме бляшаны кубак пахучага ліпавага чаю.

Рыма патрымала кубак і паставіла на нары.

— Цётачка,— прагаварыла яна ціха,— ён жа маленькі, зусім маленькі.

— А ты не думай пра яго, не думай. Нічым ужо не паможаш. Яна такая, смерць, па парадку не бярэ. А так, каго надумаецца, таго і забірае. Ты не думай. Яму ўжо ўсё роўна...

Потым усю ноч Рыма з Маркам сядзеді ля труны. У ганаровай варце стаялі партызаны. Рыма не плакала. Яна думала пра Валодзю, размаўляла з ім. Вось яго жыццё абарвалася, яркае і кароткае, як бляск маланкі. «Я ганаруся, што ты мой брат,— у думках гаварыла Рыма, гледзячы на спакойны Валодзеў твар.— Ты пражыў мала, але жыў так, як мог — адкрыта і сумленна. Ты не хаваўся ад ворага, біў яго. Ты ведаў, за тваімі плячыма Радзіма, гэта значыць і наш дом, і наша школа, і наша мама, і мільёны мам, якія адправілі сваіх сыноў і дачок на страшную бітву. Ты не дайшоў да мэты, цяпер пайду я. Клянуся, табе не будзе сорамна за мяне».

Валодзю хавалі на лясной паляне непадалёк ад лагера, на партызанскіх могілках. Скупа, усяго па некалькі слоў, простых і шчырых, сказалі аб ім партызаны. Рыме цяжка было гаварыць, слёзы душылі яе. Яна стала на калені перад валодзевай труной і ціха сказала:

— Твой аўтамат не будзе ржавець, абяцаю табе гэта...

Труну апусцілі ў магілу, засыпалі пяском. Прагрымеў развітальны салют, партызаны нізка схілілі галовы над магілай таварыша. Потым моўчкі разышліся, а ля свежага ўзгорачка засталіся самыя блізкія: Рыма з Маркам і Валодзя Сакольчык...

Марк цяпер кожны дзень хадзіў на дыверсіі, але Рымы з сабою не браў. Ён нічога не гаварыў ёй, проста не браў. Адыходзіў так, каб яна не ведала, калі і куды. Рыма разумела: ён яе беражэ. А хіба яна магла згадзіцца з гэтым? I калі ёй перадалі, што ў суседнім атрадзе знаходзіцца Ніна Баразна з братам Васілём, яна парашыла пайсці туды ўпрасіць камандзіра, каб яе таксама залічылі ў баявую роту.

На Рыміну просьбу адпусціць яе ў атрад імя Ракасоўскага, каб пабачыцца з аднакласніцай, камісар атрада Голант адказаў пытаннем:

— Назад вернешся?

— Не ведаю. Цяжка хадзіць па Валодзевых слядах.

3

3 нямецкага палону ўцёк фельчар Рыгор Баразна. Ён прыйшоў у атрад Каралёва і хутка стаў камандзірам групы. Потым гэта група вырасла ў самастойны атрад, які размясціўся ў лесе, недалёка ад Асіповіч, на правым беразе Свіслачы. У гэты атрад і пайшла Рыма..

Яна прымала ўдзел у баявых аперацыях, стаяла на пасту, трапна страляла, і яе лічылі някепскім байцом.

Вечарамі ў зямлянцы было людна. Мужчыны курылі самасад, гаварылі пра вайну, пра немцаў.

— Фрыц хітры, гэта разумець трэба.

— Што мне яго хітрасць, я яго ўсё роўна не баюся.

— Ну і дурань. Трэба не толькі сілай, а і розумам яго браць...

3 атрада Каралёва прыйшоў Марк. Ён схуднеў і стаў зусім падобны на хлапчука. Сядзеў моўчкі, чакаў, пакуль Рыма ўправіцца пачысціць аўтамат. Потым папрасіў:

— Правядзі мяне.

Рыма накінула хустку, паліто. Выйшлі з зямлянкі. Было ветрана. Высока над галавою вісела халоднае зорнае неба. Рыма паправіла на галаве хустку.

— Трэба табе шапку-вушанку насіць. У хустцы — не баец,— сказаў Марк.

— Чаму?

— Вушы павінны быць адкрыты, каб усё чуць.

Памаўчалі. Скрыпеў пад нагамі снег, ад марозу трашчалі дрэвы.

— Можа, вернешся? — парушыў маўчанне Марк.— Цяжка мне, нам трэба быць разам.

— Не магу. Цяпер я — баец. Нядобра бегаць з атрада ў атрад.

— Палагея Аляксандраўна сумуе без цябе. Яна цябе любіць, як маці.

Рыма ўздыхнула.

— Буду прыходзіць да цябе, да яе. А зусім пайсці не магу. Не крыўдуй на мяне за гэта.

Дайшлі да ўзлеска. Тут, у хмызняку, Рыма ведала, стаяў вартавы — апошні пост атрада.

— Буду прасіцца на «жалезку»,— сказала Рыма на развітанне.

Марк пакруціў галавой.

— Ведаю, скажаш, не дзіцячая справа,— дадала яна.— Нічога, паспрабую.