Выбрать главу

Думка ўзарваць эшалон апошні час не пакідала Рыму. «Што такое вінтоўка або нават аўтамат?» — думала яна.— «Адзін стрэл, адна чарга, і аднаго немца няма. Іншая справа — тол».

Рыма з зайздрасцю глядзела на падрыўнікоў. Вось каб навучыцца! Папрасілася, каб яе паслалі на «жалезку». Але на яе толькі рукамі замахалі. Дзе там! На чыгунцы стаіць узмоцненая ахова. На заданне хадзілі групы па пяць, дзесяць вопытных партызан і то часта варочаліся ні з чым.

«Ну што ж, не пускаюць — не трэба. Пайду адна і адна падарву эшалон»,— вырашыла Рыма.

Яна расказала пра гэта Ніне.

— Што ты? Адна?..

— Калі не бяруць у групу — пайду адна.

У падрыўніка Барыса Дзмітрыева яна распытала, як рыхтаваць і закладваць міну. Барыс не рабіў з гэтага сакрэту. Ён лічыў, што кожны партызан павінен умець абыходзіцца з толавай шашкай, і растлумачыў Рыме, як гэта робіцца. Рыма ўважліва слухала і добра запомніла ўсё. Цяпер трэба было раздабыць капсуль. Прасіць у Дзмітрыева яна не адважылася і звярнулася да другога падрыўніка, Алёшы Міцюрава. Міцюраў — арлоўскі хлопец — у першыя дні вайны трапіў у акружэнне, потым — у палон. 3 палону ён уцёк, прывёў з сабой яшчэ трыццаць палонных. Частка з іх асталася ў атрадзе Баразны, а частка перайшла ў атрад Лівенцава. Гэта было летам 1942 года.

Алёша быў стрыманы, маўклівы хлопец. Але партызан добры. Да яго і надумала звярнуцца Рыма. Ёй чамусьці здавалася, што ён не павінен ёй адмовіць. Але Міцюраў сказаў:

— Не магу я і не прасі. Ты загінеш, і я сабе ніколі гэтага не дарую...

— Алёша, ну, зразумей, трэба ж мне даказаць, што яны дарэмна не бяруць мяне з сабою.

— Я не ведаю, што робяць «яны», а ты робіш глупства,— стараўся ўгаварыць Рыму Алёша. Але яму гэта дрэнна ўдавалася. Голас яго гучаў мякка, і гэту мяккасць добра адчувала Рыма.— Пачакай трохі, потым я сам цябе навучу і разам пойдзем. Добра? Ну, добра, Рыма?

— Я не магу чакаць.

— Чаму?

— Не магу!

Аднаго разу Міцюраў моцна заснуў. У зямлянцы нікога не было. Рыма падкралася да яго, выцягнула з-пад падушкі карабок і ўзяла адзін капсуль. Тол і шнур ляжалі тут жа ў зямлянцы.

Цяпер яна цішком, каб ніхто не ведаў, пойдзе і зробіць тое, што задумала. На шматку паперы Рыма напісала камандзіру атрада: «Я пайшла на жалезку. У лагер не вярнуся, пакуль не ўзарву эшалон. За мяне не турбуйцеся».

Потым падумала крыху, напісала яшчэ запіску: «Я ўзяла капсуль. Задуманае выканаю. Усе твае страхі дарэмныя. Угаворваючы мяне, ты думаў, што робіш мне дабро. Калі мне ўдасца спусціць эшалон, то, вярнуўшыся ў лагер, магчыма, і буду размаўляць з табою, а калі не, то ніколі з табой больш не загавару». Гэту запіску яна паклала ў карабок, дзе былі капсулі, узяла прасціну і непрыкметна выйшла з зямлянкі.

Ноч была цёмная, на небе ні зоркі. Толькі бялеў пад нагамі пушысты снег. Рыма ледзьве пазнавала дарогу. Пайшла нацянькі, абыходзячы партызанскія пасты, каб яе не ўбачылі, не вярнулі ў лагер.

Колькі часу ішла — Рыма не ведала. Толькі нешта стаў моцна ціснуць на плячо мех з толавымі шашкамі. Яна пераклала яго на другое плячо, але не памагло. Ёй стала горача, не слухаліся ногі. Спынілася, скінула ля густой елкі мех, прысела. Зняла шапку-вушанку, выцерла твар, агледзелася. Днела. Стары лес канчаўся, пайшоў яловы маладняк. Ялінкі стаялі белыя, нібы навагоднія. Сёння і сапраўды была навагодняя ноч, і сёння Рыма рыхтуе немцам падарунак. Ён тут, у мяшку. Цяжка, але нічога, яна яго данясе.

Рыма дастала з кішэні кавалак чэрствага хлеба, з’ела яго, узяла ў рот камячок снегу. Потым ускінула на плечы свой мех і пакрочыла далей. Ішла лесам, балотам, абыходзячы вёскі, што сустракаліся на шляху, прапаўзала ля нямецкіх пастоў, ляжала ў снезе, накрыўшыся прасціной, калі праязджалі на машынах або праходзілі недалёка фашысты. Ішла і ішла, пакуль наперадзе не паказаўся насып чыгункі. Яна выбрала месца далей ад вартавой вышкі.

Па насыпу ў адзіночку і групамі з ліхтарамі ў руках снавалі патрулі. Рыма выбрала гусцейшы кусцік і лягла за ім, пільна ўглядаючыся перад сабою. Дастала катушку са шнурам, надзела на кіёк, укапала ў снег. Мароз шчыпаў за вушы, але яна не закрывала іх шапкай. Нельга. Вушы — гэта другія вочы, яны ўсё павінны чуць.

Вось на насыпе зарыпеў снег. Зноў патрулі. Рыма прытуліла галаву да зямлі, сціскаючы ў руцэ гранату. Два немцы падышлі блізка, спыніліся і пачалі закурваць. Раптам яна ўздрыгнула. Над самай яе галавою гучна каркнуў крумкач, паляцеў за чыгунку.

Немцы пастаялі і пайшлі далей, крокі пачалі аддаляцца і нарэшце зусім сціхлі.

Рыма папаўзла да палатна. Адной рукой яна цягнула мех з толам і капсулем, другой — канец шнура. Дапаўзла да насыпу, прыслухалася. Было ціха. Толькі вецер гнаў снег, і ён шамацеў, як сухое лісце ў лесе. Паднялася на насып, дакранулася рукой да рэйкі. Халодны метал абпаліў руку. Фінкай разграбла пад рэйкай снег, палажыла тол. Да кальца ўзрывальніка прывязала канец шнура, уставіла ў тол капсуль і асцярожна адпаўзла ўбок. Яна ведала: дакраніся выпадкова да шнура — шнур выб’е чаку, чака ўдарыць у капсуль, і тол узарвецца. Асцярожна паўзла ля шнура, пакуль не дабралася да кусціка, дзе пакінула кіёк з катушкай. Лягла за кусцік і пачала чакаць.