Чакала доўга. Зноў па насыпу прайшлі патрулі. Ліхтарыкамі свяцілі на рэйкі. Рыма падумала, што ўсё скончана. Вось зараз яны ўбачаць шнур, і тады, замест эшалона, яна ўзарве толькі двух немцаў-вартаўнікоў. Рыме захацелася плакаць ад крыўды, ужо рука яе пацягнулаея да шнура, ужо яна гатова была пацягнуць за яго, але немцы, пра нешта ажыўлена размаўляючы, патушылі ліхтарыкі і пайшлі далей.
«Не,— парашыла Рыма,— пакладу міну толькі тады, калі пачую, што ідзе цягнік».
Рыма падпаўзла да насыпу, забрала міну і адпаўзла. Ляніва, быццам нехаця, падымалася сонца, бліснула промнямі і схавалася за хмару. Рыма забралася ў стог сена, што стаяў на балоце. Сядзела там, чакала цемнаты. Потым зноў папаўзла на свой пост.
У другую ноч ёй таксама не пашанцавала. Рэйкі гулі. Яна падкладвала тол, адпаўзала да шнура, але... эшалоны ішлі з фронту, ішлі амаль пустыя, у тыл, за папаўненнем. Не, на такі эшалон яна не будзе траціць зарад, яна ўзарве той, які ідзе на фронт з салдатамі, з афіцэрамі, са зброяй!
Рыма забірала міну і адпаўзала ў стог. Так было некалькі разоў. Стомленая чаканнем, схаладнелая, на досвітку яна закапалася ў сена, скруціўшыся ў камячок, але заснуць не магла. Хацелася есці. Апошні кавалак хлеба яна згрызла ўчора. Рыма разграбла снег на балотных купінах, спадзеючыся знайсці там журавіны. Яна знайшла некалькі мерзлых ягад, з’ела іх. Цяпер, калі трохі абагрэлася, голад адчуваўся яшчэ больш. Трэба было нешта рабіць. А тут яшчэ аднекуль пахла гарэлым... Што б гэта магло быць?
Недалёка ад месца, дзе стаяў стог, кіламетры за тры ад лесу, была вёска. Рыма ведала: гэта Залессе. Яна пойдзе туды і папросіць есці. Толькі куды схаваць мех з толам? Пакінуць у стозе? А калі раптам хто прыедзе браць сена? Яна выцягнула мех, аднесла яго ў лес і закапала ў снезе.
Неўзабаве яна была ўжо ў вёсцы. Днём на дзяўчыну мала хто звяртаў увагу. Пастукала ў крайнюю хату. Адчыніла бабулька.
— А дзіцятка ж маё, ты ж змерзла зусім, заходзь, пагрэйся. Ці здалёку ідзеш?
— Здалёку, бабуля, з Брыцалавіч.
— 3 Брыцалавіч? Ох, ведаю я ваша гора, ведаю,— прыгаворвала старая, ляскаючы засланкай у вялікай, на паўхаты, печы.
«Пра якую бяду яна гаворыць?» — мільганула думка. На ўсякі выпадак Рыма ўздыхнула і паківала галавой. А старая працягвала:
— От праклятыя, і бога на іх няма! Гэта ж трэба, усю вёску разам з людзьмі спаліць.
«Дык вось адкуль пахла гарэлым! Брыцалавічы! Там жывуць родныя Ніны Баразны. Што з імі?»
— Як жа табе ўдалося ўцячы, гаротніца? — не супакойвалася старая.
— У нас на гародзе была хованка, я паспела ў яе ўлезці.
— I больш ніхто не ўратаваўся?
— Не ведаю. Я ўцякла ноччу.
— А цяпер куды?
— Іду ў Асіповічы, там мая цётка жыве.
Бабуля накарміла Рыму і дала з сабой лусту хлеба з салам.
Рыма вярнулася на свой пост. Цяпер, калі яна крыху падсілкавалася, і мароз не здаваўся такім моцным.
Калі сцямнела, яна лягла за куст і стала чакаць. Брыцалавічы... У вёсцы жыло больш за шэсцьсот чалавек... Няўжо ўсе загінулі?..
Загулі рэйкі. Рыма падпаўзла да палатна, падлажыла пад рэйку тол, адпаўзла за куст і стаілася са шнурам у руках. Цягнік ішоў на фронт. Яна ўжо бачыла яркі прамень святла, які бег перад паравозам. Паравоз цягнуў дзве пустыя платформы. Зноў няўдача! Няўжо яна не дачакаецца? Не, яна ішла сюды не для таго, каб падрываць пустыя платформы. Яна ішла, каб падарваць эшалон. I падарве!
Рыма зноў скруціла шнур. Баялася, што заўважаць яго. А рызыкаваць было нельга. У яе толу толькі на адзін выбух.
Дзьмуў моцны вецер, калючы снег сыпаў у твар. Не паспела Рыма легчы за куст, як зноў пачула песню рэек. Хутчэй на палатно! Мільгнуў агонь. Цягнік набліжаўся. «На фронт... на фронт...» — здавалася, застукалі рэйкі. Раздумваць не было калі. Рыма кінулася да палатна. Яна забылася на вартавую вышку, на патрулёў. Адзін страх гнаў яе на насып — толькі б паспець. Вось і рэйкі. Спрытна прывязвае шнур, устаўляе капсуль. Белы прамень святла набліжаецца. 3 галавы не выходзіць думка: «А што, калі не паспею скаціцца з насыпу?» I следам за ёю другая, зусім спакойная: «Узарвуся разам з цягніком, але не прапушчу яго».