Усё зроблена. Рыма скацілася з высокага насыпу. Застрачылі аўтаматы.
— Позна,— прашаптала Рыма і тузанула за вяроўку. 3-пад паравоза вырваўся слуп агню. Пачуўся лязгат жалеза, грукат, крыкі. Страчылі аўтаматы. Стаяў гул. 3 вартавой вышкі стралялі наўздагад. Навокал свісталі кулі. Рыма ляжала, прыціснуўшыся да зямлі, і не варушылася. Страляніна сціхла. Рыма дапаўзла да лесу, з палёгкай уздыхнула. Яна выканала заданне, якое сама сабе дала. Мех быў пусты, ісці было лёгка, і ногі самі неслі яе па знаёмай дарозе. Праз некалькі гадзін яна ўбачыць сваіх сяброў і раскажа ім, што дарэмна ёй не давяралі.
Вось паляна. Рыма збочыла ўлева, каб абысці пост у хмызняку. Ніхто яе не спыніў. «Прашмыгнула»,— узрадавалася Рыма. Яна асцярожна ступала, каб не рыпеў снег, каб ніхто не пачуў. Дайшла да дуба, дзе хавала свой мех, павярнула да зямлянкі. У лагеры стаяла незвычайная цішыня. Рыма адчыніла дзверы і спынілася на парозе. У зямлянцы нікога не было. Яна падбегла да другой зямлянкі — тая разбурана. Лагер быў пусты. Дзе партызаны? Чаму яны пакінулі абжыты лагер? Можа вораг разведаў? Хутчэй адсюль! Але куды?
Яна праверыла гранату, зняла з пляча аўтамат і пайшла ў гушчар, у балота.
4
Толькі на сёмыя суткі набрыла Рыма на партызанскія кастры. Стомленыя блакадай і баямі, партызаны грэліся ля агню. На козлах віселі вёдры, у іх булькаў суп.
— Рыма! — ускрыкнуў нехта. — Жывая! А мы ўжо думалі...
Падышоў Іван Раманенка, камандзір Рымінага ўзвода.
— Таварыш камандзір узвода, — адрапартавала Рыма, — заданне выканана, варожы эшалон, які ішоў на фронт, падарваны.
— Па-першае, табе ніякага задання ніхто не даваў...
— Я сама сабе загадала...
— А па-другое — кінь жартаваць. Не магла ты падарваць эшалон.
— Як не магла? На перагоне паміж Асіповічамі і Татаркай. Я тры ночы чакала...
— Добра, падарвала, дык падарвала, табе яшчэ за ўсё будзе ад камандзіра атрада,— паабяцаў Раманенка.
Партызаны спачувальна глядзелі на Рыму, і яна бачыла, што ніхто ёй не верыць.
— Чэснае камсамольскае, я падарвала. Можаце пайсці паглядзець.
Камандзір атрада Рыгор Нічыпаравіч Баразна таксама не паверыў.
На «жалезку» хадзілі групамі ў пяць-шэсць чалавек і ў кожнай групе абавязкова быў «спец» — Дзмітрыеў або Міцюраў. А тут дзяўчына, ды яшчэ адна!
— Ну што ж, праверым,— сказаў ён. Рыма зразумела, што яму цяпер не да яе. Трэба думаць, як вывесці людзей з блакады.
Рыма пайшла шукаць Ніну. Тая сядзела ў баку ад усіх на нізкім пяньку, абхапіўшы калені рукамі.
— Ніна! Чаму ты адна? — Рыма абняла сяброўку.
— У Брыцалавічах... усіх... і бацьку... і маці... у свірне... — прагаварыла Ніна скрозь слёзы. — I Базок спалілі, і Асавок, і Макаўе, і Градзянку.
Рыма прытулілася да сяброўкі, суцяшала яе.
Гадзіны праз дзве, калі сцямнела, атрад рушыў у паход. Калона расцягнулася. Ішлі ціха. Лесам, балотам, выходзілі з блакады.
Нехта ціха сказаў.
— Віншую.
Рыма падняла галаву. Побач з ёю крочыў Міцюраў.
— Не сярдуй на мяне,— сказаў ён.— Я так рады, так рады, што ты вярнулася. Я баяўся, што ты не выканала таго, што задумала. А потым хлопцы сказалі, што ты падарвала эшалон. Камандзір мяне паслаў праверыць. Я толькі што адтуль. Бачыў паравоз і чатыры вагоны. Там лягло каля сотні гітлераўцаў. Малайчына! — гаварыў Міцюраў ціха, так, каб чула адна Рыма.
— Ты думаеш, я не рада, што мы разам? — сказала яна.— Я столькі шукала вас, такога наглядзелася, што страшна ўспомніць.
— А я прачытаў тваю запіску і падумаў: дурань, дурань, трэба было разам пайсці. Каб ведаў, куды ты пайшла, дагнаў бы...
— Я і сама добра не ведала, куды ісці.
— А тут яшчэ блакада... Мы зняліся з месца... а мне... ну хоць запіску пакідай табе. Я думаў, што ты абавязкова вернешся, павінна вярнуцца...
Міцюраў гаварыў, не адпускаючы Рымінай рукі. I ёй таксама не хацелася адымаць руку. Нейкі час прайшлі моўчкі. Потым загаварыла Рыма:
— Я бачыла нашы ўзарваныя зямлянкі.
— Гэта Барыс Дзмітрыеў замініраваў дзве. Нас некалькі чалавек засела за чыгункай у хмызняку, каб прыкрыць адыход атрада. I раптам выбухі. Мы і зразумелі, што немцы трапілі ў пастку.
На студзеньскую блакаду 1943 года немцы вельмі спадзяваліся. Партызаны не давалі ім спакою ні днём, ні ноччу, і нямецкае камандаванне вырашыла пакласці гэтаму канец. Буйныя вайсковыя злучэнні, якія ішлі на ўсходні фронт, былі затрыманы і кінуты на барацьбу з партызанамі. Ім памагалі паліцаі.
Трэба было зберагчы атрад. Такі загад быў ад Сцяпана Сумчанкі, які, пакуль не было Каралёва, выконваў абавязкі камандзіра брыгады.