Усе дні блакады атрад Баразны хадзіў следам за ворагам. Немцы шнырылі па лесе, шукалі партызан у вёсках, а знайсці не маглі. Баявыя партызанскія групы часта з засад абстрэльвалі немцаў, а самі зноў хаваліся ў лесе.
Амаль два тыдні ішло паляванне на партызан. Яно паказала, што знішчыць партызан немагчыма. I ў сярэдзіне студзеня блакада была знята. Нямецкія часці адышлі.
Партызаны пачалі разбіваць новыя лагеры, будаваць зямлянкі. Атрады выраслі, да партызан далучыліся жыхары навакольных вёсак.
Дзяўчаты цяпер жылі разам, у адной прасторнай зямлянцы. Рыма, Ніна, Поля Баразна і іх равесніца — Надзя Суравец. Аднойчы ўсіх партызан выстраілі на ўзлеску, і камандзір атрада прачытаў загад, падпісаны сакратаром Асіповіцкага РК КПБ Вайцянковым, камандзірам брыгады генерал-маёрам Каралёвым і начальнікам штаба капітанам Няхаем. У загадзе было сказана: «...Выдатную, смелую і рашучую дзяўчыну, сапраўдную патрыётку Радзімы Кунько Рыму Уладзіміраўну стаўлю ў прыклад партызанам і партызанкам нашага злучэння. Ад імя службы аб’яўляю падзяку і хадайнічаю перад вышэйстаячымі органамі аб прадстаўленні тав. Кунько да ўрадавай узнагароды.
Камандна-палітычнаму саставу ўсіх атрадаў у штодзённай рабоце, жыцці і быце выхоўваць сваіх падначаленых у духу пераймання подзвігу тав. Кунько Рымы Уладзіміраўны.
Загад аб’явіць усяму асабоваму саставу атрадаў».
Рыма слухала і вушам сваім не верыла. Яна не думала, што зрабіла подзвіг. Яна проста выканала свой абавязак, і ёй было крыху няёмка ад таго, што яе хвалілі. Адно толькі радавала Рыму: яна даказала, што ёй можна давяраць.
5
На «жалезку» сталі прасіцца ўсе. Мужчын, якія раней гаварылі: «гэта справа спецаў», цяпер нельга было стрымаць. Але не хапала ўзрыўчаткі. Яе паспрабавалі здабываць з артылерыйскіх снарадаў. I хутка навучыліся. Снарад ставілі ў бак з вадой, а бак — на вогнішча. Вада закіпала, тол у шклянцы снарада расплаўляўся, і яго вылівалі ў форму, зробленую ў зямлі.
Рыхтавалася да новага паходу і Рыма. Наплавіла сабе толу, схадзіла да Міцюрава за капсулямі. Алёша даў.
— Вазьмі, колькі табе трэба, толькі дай слова, што больш адна не пойдзеш.
Рыма засмяялася:
— Даю слова.
— Можа, пойдзеш са мной?
— Не ведаю. 3 кім пашлюць.
— Я пагавару з камандзірам, каб паслалі са мной.
— Не трэба гаварыць за мяне, я сама.
— Ну вось, усё сама ды сама,— пакрыўдзіўся Міцюраў.
Рыма не хацела, каб Міцюраў на яе крыўдзіўся.
— Разумееш, Алёша,— сказала яна,— нашы дзяўчаты таксама просяцца на «жалезку», а іх ніхто браць не хоча, не вераць ім, як ты мне раней не верыў. Вось я і думаю пайсці з імі.
— Яны не ўмеюць нават з толам абыходзіцца.
— Я іх навучу.
— Дык ты што, хочаш групу дзяўчат-падрыўніц стварыць?
— Пра групу я не думала. Проста хацела пайсці з імі. А наогул, можна і групу, гэта нават цікава.
Так нарадзілася думка стварыць групу дзяўчат-падрыўніц.
Дзяўчаты ўзрадаваліся Рымінай прапанове. Камандзір роты таксама згадзіўся. I Рыма ўзялася вучыць будучых падрыўніц. А вучыць трэба было многаму: як падпаўзаць да палатна чыгункі, як хутка выкапаць ямку для толу, як устаўляць капсуль. I ўсё гэта яны павінны былі рабіць з заплюшчанымі вачыма, навобмацак, быццам дзейнічаюць цёмнай ноччу.
Праз два дні дзяўчаты нецярпліва загаварылі:
— Ну, мы ўжо ведаем, можна ісці на «жалезку».
Але Рыма зноў і зноў трэніравала дзяўчат. Нарэшце пайшла да камандзіра ўзвода, каб той даў заданне. Доўга выбіралі месца, дзе павінен паляцець пад адхон варожы эшалон. Камандзір выбіраў так, каб было бліжэй да атрада. А Рыма пярэчыла:
— Ды мы ж маладыя, куды хочаце дабяромся.
Нарэшце маршрут удакладнены. Рыма вярнулася ў зямлянку.
— Дзяўчаты! — крыкнула яна яшчэ з парога.— Збірайцеся ў дарогу.
3-пад сваіх нар Рыма дастала мех, з якім хадзіла першы раз на «жалезку», пачала складваць у яго тол, шнур, капсулі, харчы.
— Надзявайце ўсё, што ў вас ёсць цёплае,— гаварыла Рыма.— Каб там не мерзлі, можа, давядзецца не адну ноч праляжаць у снезе, а гэта не печка... Асабліва ў ногі холадна, калі ляжыш.
Усё гатова, нічога не забыта. I яны, чацвёра, выйшлі з зямлянкі.
3-за хмары нясмела выглянула сонца. Выглянула і зноў схавалася.
Дзяўчаты ішлі на лыжах, спачатку дарогай, потым звярнулі на сцежку, потым пайшлі нацянькі. Уперадзе Рыма. Яна камандзір, яна ведае дарогу і адказвае не толькі за аперацыю, на якую яны ідуць, але і за жыццё сваіх сябровак.