Густы лес пачаў радзець. Неўзабаве выйшлі на ўзлесак, адкуль відаць была чыгунка. Удалечыні, як шпакоўня, тырчала вартавая вышка. Рыма выбрала месца, дзе, як і ў першы раз, непадалёк стаяў стажок сена. Пачакалі, пакуль сцямнее. Праляжалі ноч непадалёку ад палатна — цягніка не чуваць. На досвітку пайшоў мокры снег. Падышлі да стажка, забраліся ў сярэдзіну, сагрэліся і паснулі. У поўдзень выглянулі са сховішча — снег перастаў, але было сыра і холадна. Хацелася вылезці, але вартавыя з вышкі маглі іх заўважыць. Трэба было чакаць ночы.
Калі сцямнела, дзяўчаты зноў дабраліся да палатна.
Неўзабаве пачуўся далёкі грукат цягніка. Рыма і Ніна хуценька залажылі тол у ямку пад рэйкай, уставілі капсуль са шнурам. А гул цягніка ўсё бліжэй і бліжэй. Дзяўчаты папаўзлі назад, потым падняліся і пабеглі. Калі цягнік быў блізка, упалі на зямлю. Поля і Надзя пацягнулі за шнур.
Разам з выбухам застрачылі кулямёты. Гэта стралялі з вартавой чыгуначнай вышкі.
— Ціха, не варушыцца! — шэптам скамандавала Рыма.
Калі страляніна сціхла, дзяўчаты папаўзлі да лесу. Потым падняліся на ўвесь рост.
Баявое заданне было выканана.
Камандаванне брыгады аб’явіла дзяўчатам падзяку. А яны, акрыленыя ўдачай, ірваліся зноў на «жалезку».
Адзін раз ім не пашанцавала. Рыма з Поляй хацелі падарваць эшалон на станцыі Татарка. Заклалі тол, сталі чакаць. Па палатне прайшлі два вартавыя. Падышоў дзяжурны немец з ліхтарыкам, заўважыў шнур, засвістаў.
— Трэба рваць,— прашаптала Рыма і тузанула за шнур.
Дзяўчат, якія ляжалі блізка ад чыгуначнага палатна, аглушыла выбуховай хваляй, і яны некалькі хвілін не маглі падняцца. Памагаючы адна адной, ледзь дабраліся да атрада.
6
Рыма часта думала пра Валодзю, пра маці, успамінала даўнія размовы:
— У нас бацькі няма,— казаў Валодзя,— але ўсё роўна мы павінны атрымаць адукацыю. Ты, Рыма, будзеш інжынерам.
Мама пярэчыла:
— Не, не. Толькі настаўніцай.
— Настаўніцай, і абавязкова літаратуры,—дадаваў Марк.
А Рыма не хацела нікога крыўдзіць.
— Я яшчэ не ведаю, кім буду,— гаварыла яна.— Я толькі адно цвёрда ведаю: буду вучыцца.
I цяпер у атрадзе кожную вольную хвіліну яна бярэ ў рукі кнігу. Перачытала ўсё, што знайшлося ў партызан, і не адзін раз. А потым пачала завучваць на памяць спачатку старонкі, потым цэлыя раздзелы з «Капітанскай дачкі» Пушкіна. Так раіў ёй Валодзя. «Лепшы сродак для трэніроўкі памяці»,— гаварыў ён. Рыме цяжка паверыць, што яна больш ніколі яго не ўбачыць. А мама? Ці сустрэнецца яна з ёю? Дзе яна цяпер, што робіць у гэтую хвіліну, калі Рыма думае пра яе? Ёй хацелася плакаць, на вочы набягалі слёзы. Але не! Рыма не заплача. Яна ўжо не маленькая. Яна не павінна плакаць! Яна — баец, народны мсціўца!
Рыма ішла да камандзіра ўзвода:
— Пашліце на заданне.
— Ты ж учора хадзіла, адпачні.
— Пашліце!
I яе пасылалі.
Каля вёскі Вялікая Гарожа немцы секлі лес. Яны баяліся лесу, што блізка падыходзіў да дарогі. Гарасім Патапейка, камандзір роты, папрасіўся ў разведку.
— Пагляджу, як яны з Асіповіч у лес ідуць. Можа, зробім засаду,— сказаў ён.
Узяў двух партызан і пайшоў. Заляглі каля дарогі, замаскіраваліся. Развіднела. Па дарозе праехаў на кані паліцэйскі. Нікога не ўбачыўшы, стрэліў уверх. Следам рушыў трактар праверыць, ці няма мін. За трактарам паціху сунуліся восем грузавікоў з рабочымі, за імі дзесяць машын з салдатамі і ў адзінаццатай — адны афіцэры.
Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Увечары, у прыцемках калона рушыла назад з лесу. Першым ішоў трактар, за ім немцы, потым рабочыя.
I вось на наступную ноч прыйшла сюды рота. Акапаліся каля дарогі. У Гарасіма Карпавіча быў кулямёт. Ён загадаў:
— Пакуль мой кулямёт не загаворыць — ніхто не страляе.
Сталі чакаць. На досвітку, як і той раз, паказаўся паліцэйскі. Нічога падазронага не заўважыўшы, стрэліў. Праехаў трактар — партызаны маўчалі. Праехалі машыны з рабочымі — зноў цішыня. Калі ж першая машына з немцамі наблізілася да партызан, застрачыў кулямёт камандзіра...
Рыма першая паднялася і крыкнула: «Уперад!». За ёй падняліся партызаны. На дарозе гарэлі машыны, у прыдарожных канавах ляжалі забітыя. Сем немцаў і пяць паліцаяў здаліся ў палон.
Дазор далажыў, што з Асіповіч ідзе падмацаванне — немцы з мінамётамі. Пачулі бой і спяшаюцца на дапамогу. Камандзір загадаў адыходзіць. Абвешаныя трафеямі, партызаны падаліся ў лес.
У другі раз Рыма ўдзельнічала ў засадзе каля вёскі Вяззе. Калона нямецкіх машын ішла ад Ліпеня. Завязаўся бой. Партызаны падпалілі восем машын. Фашысты павыскоквалі і заляглі ў хмызняку ля самай дарогі. Паўтары гадзіны жменька партызан адважна стрымлівала калону. Ужо канчаліся патроны. I тут заціх кулямёт. Рыма падпаўзла да кулямётчыка. Ён быў паранены. Рыма лягла за кулямёт. Страляла кароткімі чэргамі, берагла патроны. 3 боем партызаны адышлі, забраўшы чатырох забітых таварышаў. За кожнага з іх заплацілі жыццём дзесяць фашыстаў.