У вёсцы Чучча Асіповіцкага раёна быў вялікі, добра ўзброены паліцэйскі гарнізон. Такі ж гарнізон быў і ў вёсцы Кассё. Астатнія гарнізоны ў бліжэйшых вёсках былі знішчаны.
Камандаванне партызанскай брыгады намерылася знішчыць і гэтыя гарнізоны. Яны знаходзіліся за кіламетраў дваццаць ад месца, дзе размяшчаўся атрад Баразны. Яму разам з атрадам былога разведчыка Дзмітрыя Падгайнага і было даручана разграміць гарнізон у вёсцы Чучча. Аперацыю назначылі на вялікдзень.
Першая рота, у якой была Рыма, мела дзве гарматы. Рота павінна была абстраляць гарнізон і знішчыць адзін дзот. Гарнізоц абстралялі, а вось дзот снарады не бралі: пацэліць з гарматы ў амбразуру было не так проста. Рыма вырашыла знішчыць дзот. Узяла звязак толу, кавалак бікфордавага шнура і папаўзла да амбразуры збоку. Партызаны перасталі страляць, сачылі за ёй, чакалі.
Убачыў Рыму і Міцюраў. Рыма не ведала, што ў кожным баі, у якім яна ўдзельнічала, Алёша стараўся быць непадалёку, каб у выпадку чаго памагчы. Цяпер такі выпадак настаў.
— Страляць! — закрычаў ён.— Адцягнуць увагу! — і застрачыў са свайго аўтамата.
Пачалася страляніна.
Алёша надзеў на кіёк сваю шапку і выставіў яе над узгоркам, за якім ляжаў. Шапка ўпала, уся прастрэленая, кіёк быццам зрэзала нажом. А Рыма ўсё паўзла і паўзла да амбразуры. Вось ужо зусім блізка, ужо можна кідаць. А яна ўсё паўзе. Нарэшце спынілася, запаліла шнур. Тол разам з капсулем і запаленым шнурам паляцеў у амбразуру. Рыма кінулася назад. Пачуўся выбух. Партызаны іншых узводаў і рот знішчылі астатнія дзоты, фарсіравалі равы, закідалі гранатамі памяшканне гарнізона.
7
Партызаны вырашылі адсвяткаваць Першае мая.
Замест святочных пірагоў напяклі абаранкаў. Ігралі гармонікі. Танцавалі аж да самай раніцы. А раніцай на партызанскія пасты напалі паліцэйскія. На адным з пастоў стаяў Васіль Баразна. Заўважыўшы паліцэйскіх, ён пачаў страляць. Перастрэлку пачулі ў атрадзе, забілі трывогу. Аператыўная група аўтаматчыкаў кінулася на дапамогу.
На світанні атрад зняўся з месца. Прыкрываць яго адыход пакінулі ўзвод — 25 чалавек. У гэтым узводзе была і Рыма. Гадзіны праз тры-чатыры ўзвод павінен быў дагнаць атрад, які рушыў у Бярэзінскія лясы.
Узвод адбіваў атаку за атакай. Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Узвод адцяснілі на ўзлессе. Становішча было цяжкое.
Калі сцямнела, змоўклі стрэлы. Немцы баяліся ваяваць ноччу.
Рыма з аўтаматам ляжала недалёка ад камандзіра ўзвода Івана Раманенкі. Падпаўзла да яго.
— Трэба прабівацца з боем,— сказала яна.
— Акапаемся і будзем адбівацца да апошняга патрона,— адказаў камандзір.
— Нас абкружаць. Трэба пайсці ў атаку цяпер, ноччу, і прабіцца.
— Людзі за дзень стаміліся, а там рэгулярныя часці.
— Але ж хіба можна чакаць... вернай гібелі? Загад мы выканалі,— гаварыла Рыма,— атрад адышоў, немцам яго не дагнаць. Можа, усё ж рызыкнём?
— Трэба параіцца.
Камандзір папоўз да партызан. Пагаварыў з кожным. Палова была за начны бой, за атаку.
— Ну што ж, я згодзен,— сказаў камандзір Рыме.— Ты павядзеш групу на прарыў, а я астануся з хлопцамі тут. Дай бог, каб вам пашанцавала. Калі што, прыкрыем вас.
— Не, я так не магу. Калі ісці, дык усім разам.
— А я табе загадваю! Я ведаю, што раблю.
I група пайшла ў начную цемру...
...Атрад Рыгора Баразны, прабраўшыся ў бяспечнае месца, спыніўся на адпачынак. Расставілі вартавых, чакалі, можа, падыдуць пакінутыя ў засадзе таварышы. Але іх не было. Звечарэла, настала ноч. Атрад рушыў далей.
У Бярэзінскіх лясах партызаны сустрэліся з брыгадай Лівенцава.
Там ужо ведалі пра блакаду.
— Многа народу страціў? — спытаў у Рыгора Нічыпаравіча Лівенцаў.
Баразна махнуў рукой.
— Узвод,— сказаў ён.— I Рыму.
Рыму ўжо ведалі не толькі ва ўсіх атрадах брыгады Каралёва, але і ў другіх брыгадах. Пра яе смеласць пісалі ў раённай падпольнай газеце, пісалі ў рукапісных партызанскіх газетах, лістоўках, расказвалі на прывалах. I вестка пра яе гібель хутка абляцела партызан.
...Праз два дні прыйшла Рыма, а з ёю восем чалавек. Гэта ўсё, што засталося ад узвода.
Партызаны Лівенцава абкружылі іх, з цікаўнасцю разглядаючы Рыму. У мужчынскіх штанах і гімнасцёрцы, з аўтаматам, яна была падобна больш на хлопчыка-падлетка, чым на дзяўчыну. Толькі дзве цёмныя касы, што ляжалі на спіне, выдавалі яе. Убачыўшы, што яе разглядаюць, Рыма нахмурыла бровы і сказала: