— Дзякуй, за ўсё дзякуй.
Марк падсеў да Рымы.
— Што ты там натварыла?
— Нічога, проста так.
— За «нічога» — гаўптвахта?
— Бывае...
У зямлянку ўвайшлі дзве дзяўчынкі, памочніцы Палагеі Аляксандраўны. Яны прынеслі два вядры бульбы. Дзяўчынкі з цікаўнасцю сталі глядзець на Рыму. Рыма не любіла, калі яе разглядалі.
— Ну, я пайду, а то мне нельга пазніцца.
Яна падышла да Палагеі Аляксандраўны, пацалавала яе ў шчаку, сказала ўсім:
— Да пабачэння,— і выйшла з зямлянкі.
Марк пайшоў следам, праводзіць яе.
Праз некалькі дзён Рыма з Васілём Патапейкам пайшла на «жалезку». Ноччу падпаўзлі да палатна. Ужо чуваць было цяжкае дыханне цягніка, як раптам грымнуў выбух. Яны нарваліся на нямецкую міну.
Рыма ўзваліла на плечы Васіля і папаўзла па мокрай траве між высокіх свежых пнёў. Восем кіламетраў цягнула Рыма таварыша, пакуль не павалілася ў знямозе. Падабралі іх партызаны суседняга атрада. Абодвух адправілі ў шпіталь. Васіль Патапейка быў ранены ў нагу, у Рымы — перабіта сківіца. У шпіталі яе часта наведвала Палагея Аляксандраўна.
— Цяпер наваявалася, хопіць, вярніся ў наш атрад,— гаварыла яна, з жалем пазіраючы на Рымін перабінтаваны твар.
— Не, цётачка, я яшчэ зраблю што-небудзь вялікае, добрае. Вось пабачыце, зраблю.
Марк прынёс Рыме падпольную газету «За Савецкую Радзіму».
— Пачытай.
А сам прысеў побач на край ложка.
Рыма ўзяла ў рукі газету. На першай старонцы зверху вялікімі літарамі было напісана: «Сёння XXV год ВЛКСМ», ніжэй быў артыкул «Біць ворага да поўнага знішчэння».
Рыма пачала чытаць артыкул.
...«Усім вядомы імёны камсамольцаў-дыверсантаў Барыса Д., які падарваў 13 эшалонаў, Рымы К.— простай дзяўчыны, школьніцы да вайны, якая ўзарвала 6 эшалонаў, Андрэя Б., які мае на сваім рахунку 7 узарваных эшалонаў, і многіх іншых...
Маладыя партызаны ўсімі сіламі памагаюць наступаючай Чырвонай Арміі, знішчаюць ненавісных гітлераўцаў. Наш лозунг: «Біць ворага да поўнага знішчэння!»
Юнакі і дзяўчаты раёна! Паможам наступаючай Чырвонай Арміі наблізіць час нашага вызвалення!
Слава бясстрашным камсамольцам — барацьбітам з фашызмам!
Сакратар Асіповіцкага падпольнага РК ЛКСМБ П-ць».
Рыма не стала чакаць, пакуль яе выпішуць са шпіталю, і з забінтаванай галавой прыйшла ў атрад.
Немцы адступалі на ўсіх франтах. Была вызвалена частка Беларусі. Пад Гомелем стаялі часці Чырвонай Арміі.
23 лютага 1944 года са штаба брыгады прыбыў ганец, перадаў камандзіру атрада загад: адкамандзіраваць у распараджэнне камбрыга ўзвод самых баявых партызан. Пайшлі Барыс Дзмітрыеў, палітрук Трубіцын, Алёша Міцюраў і яшчэ пятнаццаць адважных, вынослівых, вопытных. Ноччу фарсіравалі раку каля вёскі Каменічы і наткнуліся на засаду немцаў. 3 атрада спяшаліся ім на выручку. Немцаў адбілі. Але не далічыліся васьмі партызан. Загінулі Трубіцын, Герой Савецкага Саюза Барыс Дзмітрыеў. Цяжка паранілі Алёшу Міцюрава.
Ён ляжаў у шпіталі. Кожны дзень Рыма хадзіла па мёрзлым балоце, а вечарам прыносіла Алёшу журавінавы сок.
Алёша ўвесь быў на ранах, з якіх не павыходзілі асколкі. Жартаваў:
— Цяпер я браніраваны.
Неўзабаве яго забраліў брыгадны шпіталь, каб дастаць з ран асколкі. Алёша памёр у час аперацыі. Яго сябар Сцяпан Нядзелька, разбіраючы рэчы Міцюрава, знайшоў схаваны тоўсты сшытак у скураным пераплёце. Сшытак быў увесь спісаны Алёшавым почыркам. Сцяпан здолеў разабраць толькі адно слова: «Рыма... Рыма... Рыма...» Алёша пісаў пра незвычайную дзяўчыну, якую кахаў. Пісаў, хаваючыся ад сяброў, па-англійску, каб хто выпадкова не прачытаў.
9
У канцы чэрвеня пачалося наступленне Савецкай Арміі на Бабруйскім напрамку. Гітлераўскія ваякі апынуліся ў «катле». Салдаты сотнямі здаваліся ў палон.
Лес дяпер гудзеў. Тут праходзіў фронт. I як ні спяшаліся гітлераўцы будаваць лініі абароны, яны не маглі стрымаць націск Савецкай Арміь
У Асіповічах ужо былі нашы рэгулярныя часці. У атрад прыйшоў загад: не кратацца з месца, пакуль не будзе цалкам ліквідаваны бабруйскі «кацёл».
Рыма ноччу пайшла да Марка. Хацелася пабыць з братам, пагаварыць. Па дарозе яны сустрэліся: Марк ішоў да яе. Яны селі ў ельніку і прасядзелі аж да раніцы. Гаварылі аб тым, што будзе, калі скончыцца вайна, а скончыцца яна хутка. Яны абодва будуць вучыцца. А цяпер, калі вернецца мама, Марк пойдзе на фронт. Рыма астанецца з мамай і Палагеяй Аляксандраўнай. Калі мама не вернецца — абодва пойдуць на фронт дабіваць ворага.
Рассталіся на досвітку. А днём Марк на кані зноў прыехаў да Рымы. Пайшлі на паляну недалёка ад лагера.