Выбрать главу

— Хутка дачакаемся перамогі, — гаварыла Рыма. — Толькі мала я зрабіла для гэтага.

— Што ты... — запярэчыў Марк. — Ты зрабіла многа. Я падлічыў: падарвала восем эшалонаў, сем мастоў, удзельнічала ў пятнаццаці засадах. А кажаш — мала!

Рыма дастала з кішэні жакеціка фотаздымкі і пачала разглядаць. Фота былі даваенныя, да іх прыбавілася некалькі здымкаў, зробленых у атрадзе.

— Давай падзелім,— папрасіў Марк.

Рыма аддала палавіну фатаграфій Марку, астатнія схавала.

— Бывай, Рыма,— сказаў Марк,— мне час ехаць.

Ён ускочыў на каня. Рыма доўга ішла моўчкі побач. Потым спынілася. Марк памахаў ёй рукой. Даехаў да прасекі, азірнуўся, Рыма стаяла і глядзела яму ўслед.

Праз гадзіну камандзір атрада Рыгор Нічыпаравіч Баразна аддаў загад ісці на Асіповічы, на злучэнне з рэгулярнымі войскамі.

Усё даўно было сабрана, і атрад, выстраіўшыся ў калону, рушыў. Ішлі полем. Часам Рыма заўважала, што жыта неяк падазрона хістаецца. Яна кідалася туды з аўтаматам і выводзіла немца з паднятымі ўгору рукамі. Пакуль дайшлі да Ліпеня, яна сабрала вялікую групу, і Гарасім Карпавіч адкамандзіраваў яе ў вёску здаць палонных. Рыма завяла іх у школу, дзе стаяў ужо наш армейскі гарнізон, забегла дамоў.

Маленькі домік быў цэлы: дах, сцены, вокны з выбітымі шыбамі. Паміж дошак на ганку расла трава, дзверы скрыпелі на адной завесе.

Рыма праціснулася ў дзверы і спынілася. Дом быў пусты. Са сцен звісалі абарваныя шпалеры. На падлозе валяліся шматкі паперы, бітая цэгла і кавалкі тынку.

У Рымы балюча сціснулася сэрца. У гэтым доме прайшло яе дзяцінства, тут яна марыла аб вялікім жыцці і адсюль яна пайшла ў жыццё па дарозе, якую сама выбрала.

Рыма павярнулася і выйшла. Бярозка ля дома была павалена, мусіць, зрэзала асколкам.

Рыма пагладзіла гладкі ствол бярозкі, прыціснулася да яго шчакой і пайшла даганяць калону.

Калона падыходзіла да шашы. Ярка свяціла сонца, разліваючы навокал святло і радасць. Хацелася хутчэй ісці, хутчэй убачыць родныя твары.

3-за павароту паказалася калона машын. Партызаны падышлі да абочыны дарогі і толькі тут убачылі, што на машынах немцы. Пачалася перастрэлка. Партызаны павярнулі да лесу: уступаць у няроўны бой не было сэнсу.

— Першы ўзвод, прыкрыць адступленне атрада!

Рыма і шэсць партызан заляглі ля абочыны.

Бой быў нядоўгі. Дзве машыны гітлераўцаў прастрачыла Рыма са свайго аўтамата. Калі скончыліся патроны, яна выстраліла з пісталета ў афіцэра. Другі афіцэр перакаціўся цераз канаву і кінуўся ў хмызняк.

— Уперад! — закрычала Рыма, кідаючыся за ім і раптам упала на дарогу.

Атрад адступіў. Група, што прыкрывала адступленне, таксама падалася ў лес.

А Рыма асталася на дарозе. Міма яе праносіліся нямецкія машыны. На захад, на захад... Вецер варушыў на яе ілбе пасму валасоў, быццам хацеў прыкрыць імі маленькую, зусім маленькую, але смяртэльную ранку...

ЭПІЛОГ

Я сустракалася з многімі героямі гэтай аповесці.

Вера Маркаўна Кунько па-ранейшаму жыве ў Ліпені. Заслужаная настаўніца рэспублікі, яна цяпер персанальная пенсіянерка. Яе мужа Уладзіміра Данілавіча рэабілітавалі. Марк пасля вайны скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, стаў выкладчыкам гісторыі. Пасля працаваў старшынёй суседняга з Ліпенем калгаса «Чырвоны Кастрычнік». Да ваенных узнагарод у яго прыбавілася і мірная — ордэн Леніна.

Жывуць яны ў доме, пабудаваным пасля вайны, па суседству з Палагеяй Аляксандраўнай Сакольчык. Па-ранейшаму яна самы блізкі для іх чалавек.

Вучні шануюць памяць Рымы. Пасля вайны яны пасадзілі алею дрэў і назвалі яе алеяй Рымы.

Не зарасла сцежка і да Рымінай магілы. Тут, ля помніка, на якім напісаны Рыміны словы: «Каб выйсці на справу вялікую, трэба гэтага толькі жадаць», праводзяцца ўрачыстыя зборы атрада. Лепшых вучняў прымаюць у піянеры, і тут, ля магілы, яны клянуцца быць такімі, як Рыма.

У Асіповічах жыве Ніна Баразна. Яна замужам, у яе двое дзяцей: хлопчык і дзяўчынка, маленькая Рымачка.

Пайшоў на заслужаны адпачынак і былы камісар атрада Голант. Ён жыве ў Асіповічах на вуліцы, якая носіць імя Сумчанкі, былога намесніка камандзіра злучэння асіповіцкіх партызан. У Бабруйску жыве і працуе былы камандзір Рымінай роты Г. К. Патапейка.

Усе, з кім мне давялося сустрэцца, з вялікай цеплынёй успаміналі і гаварылі пра Рыму, называлі яе героем, патрыёткай, шчырай душы чалавекам...