Выбрать главу

— Не можа быць,— сказала яна.

— У дванаццаць у клубе мітынг,— гаварыла настаўніца.

Рыма кіўнула галавой, сказала «прыйду» і пайшла.

Ноччу бамбілі Асіповічы. Да Ліпеня, дзе жыла Рыма, даносілася цяжкае вухканне. Рыма не спала. Яна ляжала і слухала.

У пакоі было цёмна. Толькі праз зачыненыя аканіцы на стол падаў тонкі прамень месяца. Са спальні Рыма бачыла і гэты прамень і асветленую ім маленькую паперку, што ляжала на стале. Заўтра Марк павінен з’явіцца ў ваенкамат. Пойдзе ваяваць. А яна застанецца адна... Чаму яна не нарадзілася раней, чаму ёй толькі чатырнаццаць гадоў?

Прыходзіла да іх Палагея Аляксандраўна Сакольчык. Яна суцяшала Рыму і Марка:

— Нічога, дзеткі, усё будзе добра. I мама прыедзе, і немца прагонім.

Увечары па радыё перадалі, што немцы бамбілі Севастопаль. Там мама. Што з ёй, ці жывая яна?

Рыма ўткнулася тварам у падушку. Яна не хацела, каб Марк чуў, як яна плача. Потым заснула, але яшчэ доўга ўсхліпвала ў сне. Ёй снілася мама. Яна была дома. Шыла сукенку Рыме. У акно глядзела сонца. I раптам у пакоі стала цёмна, так цёмна, як бывае ў глухую асеннюю ноч, калі на небе ні месяца, ні зоркі, а толькі суцэльная чарната. Падзьмўў моцны вецер. Мама знікла. Рыма засталася адна. Яна крыкнула:

— Мама! Мама! Дзе ты?

Мамін голас даляцеў здалёк:

— Ры-ыма! Ры-ымачка!

Рыма расплюшчыла вочы. Перад ёю стаяў Марк.

— Рымачка,— гаварыў ён.— Мне трэба ісці. Можа ўжо не наведаюся дамоў, можа адразу ў часць...

— А як жа я... I я з табою! — падхапілася Рыма.

Марк паглядзеў на яе — худзенькую, тоненькую, як былінка. Яна сядзела на ложку і бездапаможна глядзела на Марка.

— Калі не вярнуея, ідзі ў Дукору да бабкі Параскі.

Ён абняў Рыму, прыціснуўся тварам да яе мокрай шчакі і выбег з пакоя.

Рыма не паварушылася. Яна думала: «Чаму я засталася, чаму не пайшла з Маркам у ваенкамат? Чаму тады, калі была вайна з Фінляндыяй, я ведала, што мне рабіць, а цяпер не ведаю, чакаю. Чаго? Каго? Можа — маму?»

Бразнула клямка, і Рыма пачула глухаваты бурклівы голас Палагеі Аляксандраўны..

— Дзе вы ўсе падзяваліся? Дзверы адчынены і няма нікога.

Рыма сядзела на ложку неадзетая. Палагея Аляксандраўна палажыла цёплую далонь ёй на галаву:

— І што ж ты, дзіцятка, тут адна? А Марк дзе?

— Пайшоў у ваенкамат...

— Ну вось. Ён у ваенкамат, а ты — да нас. Бульба хутка зварыцца, снедаць разам будзем. А то адна. Хіба можна быць адной?

Гаворачы гэтак, яна падала Рыме сукенку, сандалі, гальштук, і Рыма паслухмяна пачала апранацца.

К абеду вярнуўся Марк, яго пакуль што адпусцілі, ён прыйшоў да Палагеі Аляксандраўны пануры, за стол не сеў.

— Не магу есці,— сказаў ён.— Пойдзем, Рыма.

Але і дома ён не знаходзіў сабе месца.

— Марк, што з табой? — спытала Рыма.— Што здарылася?

Марк спыніўся перад Рымай, неяк уважліва паглядзеў на яе. I раптам твар яго скрывіўея, як ад болю.

— Разумееш,— ціха пачаў ён,— я быў на вайне, бачыў смерць. Гэта вельмі цяжка, калі побач з табою падае чалавек. Але ж ён гіне са зброяй у руках, ён баец. А сёння я бачыў зусім іншую смерць.

Марк хмурыў бровы. Потым ён сярдзіта зачыніў акно, і Рыма здрыганулася ад гэтага стуку.

— Ты памятаеш Сашу Грыгаровіча?

— Такі вясёлы? — нерашуча перапытала Рыма.

— Сёння ноччу іх хату разбамбілі. Загінулі маці і Зіна.

— А... Саша?

— Ён быў з бацькам на рэчцы, лавілі рыбу... Прыходзяць, а замест дома вялізная яма, і ўсё... у адно імгненне... Першая бомба...

Рыма адчула, што ў яе дрыжаць рукі. Яна ўзяла з шафы маміну пуховую хустку, ахінулася ёю. Але сагрэцца не магла. Уключыла радыё. «Грамадзяне, — данёсся да яе здалёку голас, — ніякай панікі. Заставайцеся на сваіх месцах, Вораг будзе адбіты». Дыктар паўтарыў гэта некалькі разоў, потым зайграла музыка. Рыма з палёгкай уздыхнула.

6

Чацвёрты дзень ішла вайна. Чацвёрты дзень Марк адчуваў сябе, бы птушка ў клетцы. Чаму яго не бяруць у армію? Ён зноў схадзіў у Асіповічы, у ваенкамат. Але ваенкамат эвакуіраваўся.

Цяпер ужо навокал не было цішыні: усё грымела, грукацела ўдзень і ўночы. Раўлі танкі, гулі машыны, цягнучы гарматы, вайсковы скарб, першых раненых. Байцы ішлі пешшу, і ўсё на ўсход, на ўсход.

3 Мінска прыйшоў Валодзя. Ён пераступіў парог і моўчкі паставіў у кут вінтоўку.

— Не пазнаеш? — хрыплавата спытаў ён у Марка, які здзіўлена глядзеў на даўно няголены, аброслы Валодзеў твар, на абшарпаны, падраны пінжак.

— Чаму ты не ў форме? — спытаў Марк, і ў яго голасе прагучала не простая цікаўнасць.

— Потым, усё потым,— сказаў Валодзя стомлена.