Выбрать главу

Рыма ўзрадавалася, убачыўшы Валодзю. Цяпер яны разам, дома, цяпер не так страшна. Валодзя старэйшы, ён што-небудзь прыдумае.

— Дай мне пераапрануцца,— папрасіў ён.

Рыма кінулаея да шафы і стала хуценька перабіраць складзеную ў стосік бялізну.

А хлопцы выйшлі на двор.

Валодзя доўга мыўся, а Марк з вядра падліваў і падліваў у рукамыйнік ваду і ад нецярплівасці пераступаў з нагі на нагу.

Рыма вынесла чысты ручнік, кашулю, потым распаліла трэскі пад трыножнікам і паставіла патэльню.

Калі яна прынесла вячэру ў пакой, хлопцы ўжо сядзелі за сталом і Валодзя расказваў:

— На Мінск налятаюць самалёты, усё ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Па вуліцах ходзяць нейкія падазроныя, чужыя людзі. Напэўна, дэсантнікі.

Валодзя змоўк. У пакоі была ціха. Толькі звінела і звінела пчала на акне. Напэўна, яшчэ ўдзень яна заляцела праз адчыненую фортку і цяпер білася аб шкло. Рыма адчыніла акно. У паветры яшчэ адчувалася дзённая спякота. Было душна, як перад навальніцай.

Валодзя зноў загаварыў, адрывіста, нехаця. Адчувалася, што гэтыя ўспаміны балючыя.

— Прыходжу ў ваенкамат, а там мне даюць паперку, сіненькую такую. У ёй напісана, дзе трэба мабілізавацца. Пачаў я дабірацца да станцыі, дзе машынай, дзе пехатою. На дарогах народу — не прабіцца. I больш жанчыны і дзеці — бежанцы. А над імі каршунамі носяцца фашысцкія сцярвятнікі і скідаюць бомбы, расстрэльваюць з кулямётаў. Тады я пачаў шукаць глухія сцежкі. I вось я дома.

Назаўтра з Гомеля прыйшоў Валодзя Сакольчык. Утрох хлопцы доўга аб нечым шапталіся. Потым выйшлі да Рымы, спыталіся, дзе ляжыць шпагат і вяроўкі.

— А навошта вам?

— Трэба,— адказаў Марк,— вельмі трэба,

Рыма паглядзела на іх, паківала галавой.

— I не сорамна? — сказала яна з дакорам.— Хіба я вораг вам, што вы ад мяне тоіцеся?

— Ведаеш, Рыма, гэта справа сур’ёзная і не для дзяцей,— адказаў за ўсіх Валодзя Сакольчык.

— Што, па-вашаму,— успыхнула Рыма,— піянеры ніколі не займаліся сур’ёзнымі справамі, а чакалі, пакуль іх прымуць у камсамол? Так, па-вашаму?

— Ну, не зусім так, але ж...

— Хлопчыкі, родненькія, вазьміце мяне з сабою,— папрасіла Рыма.

— Ну, добра,— не вытрымаў Марк,— нясі шпагат, а я зараз.

Ён збегаў у хлеў, што стаяў за школай, і прыцягнуў адтуль бляшанку з густым машынным маслам.

— У мяне склад,— хітравата ўсміхнуўся Марк.

— Мы сёння гэты склад эвакуіруем у надзейнае месца,— сказаў Валодзя, старэйшы брат.

Загарнуўшы ў старыя газеты бляшанку з маслам і шпагат, яны выйшлі з дому. Спусціліся з абрыву і пайшлі лугам. Па дарозе Марк растлумачыў Рыме:

— Мы ідзём па зброю. Сакольчык схаваў. Гадзіны праз дзве вернемея да старой ліпы, памятаеш, з вялікім дуплом, там яшчэ твой цір быў. Там многа дрэў з дупламі. Змазаную зброю на вяроўках спусцім у дуплы, каб дома не трымаць.

Прайшлі луг, поле, звярнулі ў хмызняк. Там, закіданыя галлём, ляжалі вінтоўкі, якія сабраў Валодзя Сакольчык.

7

3-за рэчкі пачуўся гул матораў.

— Трактары, — сказала Рыма.

— Танкі,— паправіў Валодзя.

Яны стаялі на сваім маленькім гародзіку і прыслухоўваліся. Гул набліжаўся. Адсюль была відаць дарога, як і ў першы дзень вайны,— бязлюдная.

— Новая калона, і зноў на ўсход,— са злосцю сказаў Марк і павярнуўся, каб ісці ў хату.

Валодзя схапіў яго за руку.

— Глядзі,— і паказаў вачыма на мост. За мостам, за кустамі, стаяў танк,— не стаяў, а бадай што вісеў, нахіліўшыся на адзін бок, як вялізная чарапаха. Відаць, танкіст, спяшаючыся, крута павярнуў на мост, танк і занесла.

Люк адкрыўся, з танка высунуўся чалавек, увесь у чорным, і стаў разглядаць карту.

— Эх, дурні мы,— прашаптаў Марк,— усе вінтоўкі ў лесе пахавалі.— От, дурні!

— А стрэльба? — напомніла Рыма.

Хлопцы кінуліся ў дом. Схапілі стрэльбу, але патроны ляжалі ў пісьмовым стале, а шуфляда была замкнёна на ключ. Пакуль справіліся з замком, дасталі патроны — ля танка ўжо нікога не было.

— Яны пайшлі паўз лес,— сказала Рыма, якая заставалася за дазорнага.

— Колькі іх? — спытаў Валодзя.

— Трое.

Валодзя нахмурыўся. Кінуў позірк на танк, які бездапаможна вісеў над ракою. Немцы маглі пайсці да сваіх прасіць дапамогі. Яны вернуцца сюды, выцягнуць танк, і ён зноў будзе поўзаць па нашай зямлі, сеючы смерць.

— Рыма, газы... Хуценька! — крыкнуў Валодзя.

У сенцах стаяла бляшанка з газай, Рыма схапіла яе. 3 пакоя выбег Валодзя, трымаючы ў руках торбу і вялікую адвёртку.

— Пералі ў бутэлькі! Марк, бяры сякеру!

Пакуль Рыма пералівала газу, Валодзя стаяў на сцежцы і глядзеў, ці не ідзе хто.