Выбрать главу

Непадалёку ад доміка нерухома ляжаў савецкі баец. Калі немцы зніклі за ўзгоркам, хлопцы падышлі да яго. Валодзя дастаў дакументы забітага, прачытаў.

— «Віталь Ануфрыевіч Сярпко, нарадзіўся 22 сакавіка 1922 года ў Новасібірску».

— Яму было дзевятнаццаць,— сказала Рыма, углядаючыся ў незнаёмы спакойны твар.

Хлопцы пайшлі ў хлеў па лапаты, каб тут жа, ля яблыні, пахаваць байца. А Рыма забегла ў дом, схапіла паляўнічую стрэльбу, што ляжала пад буфетам цяпер ужо зараджаная, і, вярнуўшыся ў сад, лягла за кустом, прыцэлілася. Па дарозе зноў ехалі немцы.

Валодзя заўважыў сінюю сукенку за кустом і кінуўся да Рымы, рвануў стрэльбу:

— Што ты робіш, цябе ж заб’юць!

— Хоць аднаго немца і я заб’ю,— упарта прашаптала Рыма.

— Дурніца. Хіба так ваяваць трэба?

Неяк пад вечар Валодзя прывёў дамоў чалавека з цёмным, абветраным тварам, у выцвілым на сонцы плашчы. Нізка на вочы ў яго была насунута камандзірская фуражка.

Рыма ўбачыла на фуражцы маленькую чырвоную зорачку, і ў яе ад радасці моцна застукала сэрца: гэты чалавек здаўся ёй блізкі і родны.

Валодзя адправіў яе на кухню.

— Накарміць трэба чалавека,— сказаў ён, і Рыма гатова была паставіць на стол такому госцю ўсё, што ў яе было. Яна спяшалася. Хацелася хутчэй вярнуцца ў пакой, каб паслухаць, пра што там гавораць.

Не прайшло і дзесяці хвілін, як на стале ўжо сквірчэла яечня, а ў місцы ляжалі свежыя гуркі і праснакі. Але пабыць у пакоі Рыме не ўдалося.

— Марк пайшоў па нашы лодкі,— сказаў Валодзя.— Але трэба яшчэ адна. У каго б папрасіць?

— Можа, да дзядзькі Ціта схадзіць? — прапанавала Рыма.

— Схадзі.

— А куды прыгнаць?

— Плыві ўніз па рацэ, мы там будзем.

Рыма выбегла з хаты.

Стары Ціт быў дома, латаў дзіравыя мяшкі.

— Дзядзька Ціт, можна, я вашу лодку вазьму, мне трэба.

— А вашы, што, сплылі?

— Ага,— падхапіла Рыма,— сплылі і няма на чым пераняць.

— Вазьмі, вунь ля дзвярэй ключ вісіць.

Рыма схапіла ключ, крыкнула:

— Дзякуй!

Не забыла ўзяць вёслы, што стаялі пад страхой, і праз хвіліну ўжо выплывала на сярэдзіну ракі. Плынь падхапіла яе і панесла. Рыма лёгка ўзмахвала вёсламі, ледзь дакранаючыся імі да вады, і ёй здавалася, што яна ляціць на крылах.

«Вось так бы ляцець і ляцець усё жыццё, не спыняючыся»,— думала яна.

— Асцярожна! — даляцеў да яе Валодзеў голас.

Рыма крута павярнула ўбок. Яна ледзь не ўрэзалася ў Валодзеву лодку, якая нізка, амаль па самыя барты, сядзела ў вадзе. Крыху далей узмахваў вёсламі Марк. На лодках сядзелі нашы байцы. Рыма здагадалася, што гэта той самы полк, які трапіў у акружэнне і пятнаццаць дзён вёў няспынныя баі з немцамі. А цяпер полк прабіраўся на ўсход, на фронт.

Рыма падплыла да берага, дзе стаяла група байцоў. Яны хуценька ўскочылі ў лодку, узялі з яе рук вёслы. Яна села на карму руляваць.

Да позняй ночы лодкі хадзілі ад берага да берага. Калі ўсе байцы былі перавезены, Рыма падышла да камандзіра і сказала:

— Я ведаю лясныя сцежкі. Давайце правяду.

Камандзір паглядзеў на дзяўчынку, асцярожна запытаў:

— А не цяжка табе будзе?

— Не! — узрадавалася Рыма.— Я прывыкла.

— Ну, вядзі,— і, добразычліва ўсміхнуўшыся, дадаў.— Сусанін у спадніцы...

Яны пайшлі. Камандзір ішоў за Рымай, і ёй гэта было вельмі прыемна. Яна не адчувала ніякага страху. «Добра вось так, з усімі разам, у адным страі»,— думала яна.

А камандзір раптам сказаў:

— Табе яшчэ ў лялькі гуляць, а ты з намі... як сапраўдны баец.

I калі напамінак пра лялькі пакрыўдзіў Рыму, то слова «баец» прымусіла падняць галаву.

Камандзір усміхнуўся, і няголены чорны твар яго стаў добры.

Ён крануў Рыму за плячо.

— Ну, хопіць, вярніся, дзяўчынка, далей мы самі пойдзем.

Рыма запярэчыла:

— Не, вы можаце выйсці на дарогу, а там немцы... Я яшчэ трошкі правяду.

— А ты не будзеш баяцца адна ісці назад?

— Не. Я цяпер нічога не баюся.

Толькі пад раніцу Рыма вярнулася дадому, лягла на ложак і адразу заснула. Спала моцна, як да вайны. Шчаслівая ўсмешка доўга не зыходзіла з яе твару.

А потым зноў пацягнуліся дні, аднастайныя, трывожныя. Хлопцы ўсё часцей пакідалі Рыму адну, наказваючы нікуды не выходзіць. Рыма злавалася. Яна ж даказала ім, што можа быць карыснай, дык чаму яны зноў ад яе хаваюцца? Яна не ведала, што рабіць. Спрабавала чытаць кнігі — не чыталася.

Немцы арганізавалі ў вёсцы паліцыю. На чале яе паставілі паволжскага немца Лютара, кляпальшчыка з лесгаса. Раней непрыкметны, заўсёды маўклівы Лютар цяпер гаспадаром хадзіў па Ліпені. Крок яго стаў шырэйшы, плечы ён расправіў і, здаецца, ростам падняўся. Ён добра ведаў жыхароў Ліпеня і трымаў людзей у страху. Пачаліся арышты.