Выбрать главу

Наконт Кунькоў у Лютара былі свае меркаванні. Ён лічыў сябе вялікім псіхолагам. «Бацька арыштаваны,— думаў Лютар,— значыць, у дзяцей адзін шлях — паліцыя». I ён сказаў пра гэта хлопцам. Браты аднекваліея:

— Мы яшчэ крыху пагуляем.

— Ну што ж, гуляйце,— паляпаў іх па плячы Лютар,— але майце на ўвазе, вялікай Германіі патрэбны адукаваныя, сумленныя людзі.

Хлопцы дома смяяліся з Лютара:

— Пачакай, пачакай. Мы табе наладзім такую паліцыю, што век не забудзеш...

Рыме было страшна ад усяго гэтага. Часам яна выходзіла з дому і спускалася да ракі. Садзілася на бераг і доўга глядзела на ваду. У ёй адлюстроўваліся і зялёная трава, і кусты вербалозу, і неба, блакітнае і бяздоннае. Здавалася, што вада стаіць на месцы, Але Рыма ведала, гэта не так. Яна не раз кідала на сярэдзіну ракі трэскі, яны хутка плылі да моста, потым за мост і знікалі далёка ў лесе.

Вось вярба схіліла да самай вады сваё голле і любуецца ім, як у люстэрка. I здасцца Рыме, што няма ніякай вайны, няма немцаў.

Усё часцей і часцей Рыма ўспамінала мінулае. Мінулае — гэта ўсё, што было да вайны. Якім далёкім цяпер здавалася яно Рыме: школа, школьныя сябры, паходы ў лес...

Усё яе жыццё было звязана са школай, з вёскай, з лесам. Прыехала сям’я сюды — Рыма была зусім маленькая. Але яна помніць, як бацька прынёс з лесу бярозку, кволую, тонкую, пасадзіў яе ля дома і сказаў:

— Расці вялікая.

Рыма тупала вакол босымі ножкамі, утоптвала зямлю і таксама прыгаворвала:

— Расці вялікая, расці вялікая...

Бярозка прыжылася, набралася сілы, вясною зазелянела, пацягнулася да сонца трапяткімі галінкамі.

Бярозка вырасла, узнялася вышэй за дом. Кожную раніцу, калі Рыма выходзіць з доміка, лісты на бярозцы трапечуць ад радасці. А на свеце вайна...

Рыма пачынае думаць пра тое, як яна першы раз прыйшла ў школу.

Скончылася шумнае лета. Воеень пазалаціла лісце на дрэвах, жоўтым дываном пакрыла палі. Валодзя і Марк пачалі збірацца ў школу. Рыма з зайздрасцю глядзела на іх. Сумна ёй будзе дома адной. А Рыма не хацела сумаваць і папрасіла маці купіць і ёй партфель і кніжкі. Першага верасня разам са старэйшымі яна пайшла ў школу. Настаўніца Ганна Балеславаўна здзівілася, убачыўшы Рыму.

— Колькі табе гадоў? — спытала настаўніца.

— Пяць,— адказала Рыма.

— Табе яшчэ гуляць трэба.

— А я хачу вучыцца,

— А не надакучыць?

— Не, я ўжо чытаць умею, мяне брацікі навучылі.

Так Рыма стала вучаніцай.

У класе яна была самая маленькая і сядзела за першай партай. Грышка Усачоў, што сядзеў ззаду, неяк раз паспрабаваў тузануць Рыму за тугія цёмныя коскі. Яна войкнула ад болю і, не доўга думаючы, стукнула кнігай Грышку па галаве. Ганна Балеславаўна запісвала на дошцы заданне на дом. Яна азірнулася на шум.

— Рыма, ты забываеш, што знаходзішся ў класе,— голас настаўніцы гучаў строга.

Рыма маўчала,

— Біцца няможна,— паўтарыла настаўніца.

— Грышка яе першы за касу тузануў,— уступілася Валя, што сядзела побач з Рымай.

— Трэба было мне сказаць.

— Я не даносчыца,— пакрыўджана буркнула Рыма.

А цяпер гэты Грышка — сын паліцая. Яго бацька Павел Усачоў рабуе насельніцтва і кожны дзень п’яны брыдка лаецца на вуліцы.

Рыма адганяе ад сябе думкі пра Усачова. Яна хоча думаць толькі пра тое, што было, а не пра тое, што робіцца цяпер.

Яна ўспамінае, як першы раз вудзіла рыбу. Браты ёй далі самую горшую вуду з вялікім іржавым кручком, прывязаным да ніткі. 3 якой гордасцю яна несла гэтую вуду на сваім плячы! А потым нечакана не столькі для сябе, колькі для братоў, заўзятых рыбаловаў, выцягнула з рэчкі вялізнага ляшча. Вуда паламалася, лешч скакаў на беразе, а Рыма са страхам глядзела на яго. Дома яна расказвала маці:

— Я яго цягну, а ён упіраецца, я яго цягну, а ён упіраецца, а потым падумаў — дзяўчынка маленькая, першы раз вудзіць, хай сабе...

Рыміным ляшчом частавалі ўсіх суседзяў. Адна толькі мама ведала, колькі да гэтага ляшча прыдалося рыбы, прынесенай старым рыбаловам дзядзькам Цітам.

3 Цітам Паркалавым, калгасным конюхам, рыбаловам і паляўнічым, у хлапчукоў была даўняя дружба. Яны часта бегалі ў канюшню: чысцілі стойлы, паілі коней, толькі б дзядзька Ціт узяў іх з сабой на начлег. I ён браў: дваіх Кунькоў і іх старэйшага сябрука Валодзю Сакольчыка.

Аднойчы, пасля доўгіх угавораў, пасля горкіх слёз дзед узяў на начлег і Рыму.

Дзед сядзеў ля вогнішча, і водбліскі полымя асвятлялі яго вастраносы твар. Побач на аўчыне масцілася Рыма. Яна глядзела на агонь, што палаў у вогнішчы, і моўчкі слухала.