— Мяне жыццё навучыла,— гаварыў Ціт спакойным, крыху хрыплаватым ад прастуды, а можа і ад пякучага тытуню голасам.— Думаеш, такім лайдаком рос, як ты?
— А я не лайдак,— крыўдзіцца Марк.
— Ну, не лайдак, — згаджаецца стары. — Гэта я так... У твае гады я ўжо ў князя Радзівіла пастухом быў.
— Дзеду, а які ён, князь, вусаты?
— Можа і вусаты. Я не бачыў.
— А кажаш, што служыў у яго.
— Служыў, а не бачыў. У яго, ведаеш, колькі такіх вёсак было, як наша — пальцаў на руках не хопіць, каб пералічыць. Жыў ён у Варшаве, а адсюль яму толькі грошы высылалі, нашым потам палітыя. А нас яшчэ халуямі звалі.
— Чаму халуямі?
— А кім жа мы былі? Уся вёска на пана рабіла. Вось яе, вёску, значыць, і празвалі — Халуі. Толькі пасля рэвалюцыі нас людзьмі зрабілі, а вёску Ліпень зваць сталі. Панскія пакоі былі на тым месцы, дзе цяпер школа стаіць. Высока над ракой. Калі паноў прагналі, сталі думаць, што пабудазаць тут, у такім прыгожым месцы. I надумалі — школу. Вось як. А вы яшчэ вучыцца не хочаце...
— Хто не хоча? — Марк ледзь не падскочыў ад абразы.— Валодзя,— звярнуўся ён да брата,— ну, скажы, што ты ўсяго Тараса Бульбу на памяць ведаеш.
— Ён ведае, я не сумняваюея, а вось ты?
— I я ведаю... толькі першы раздзел яшчэ.
— А ну, паслухаем, што ты ведаеш.
— Калі ласка!..
Дома начлежнікаў чакала маці з гарачым енеданнем.
— Ну, як? — спытала яна ў Рымы, якая першая ўбегла ў хату.
— Дзядуля частаваў нас печанай бульбай. Смачная якая!
Даўно гэта было. Тады, паснедаўшы, яна пабегла да Валі, каб расказаць ёй пра начныя прыгоды. А цяпер і Валя да яе не прыходзіць. Рыма неяк схадзіла да Валі, але цёплай размовы не атрымалася, Валя была напалохана вайной і баялася выйсці з хаты.
А тут яшчэ браты нешта задумалі. Рыма адчувала гэта па тым, як яны раптам змаўкалі, калі яна заходзіла да іх у пакой.
Пачалося гэта пасля іх сустрэчы з групай капітана Бобрышава. Хлопцы ўдзельнічалі ў сапраўдным баі. Падцягнулі гарматы на ўскрай лесу і абстралялі калону нямецкіх машын.
Толькі ў пачатку верасня група пачала прабірацца на ўсход. Пра ўсё гэта Рыма ведала.
9
У адзін з вераснёўскіх дзён немцы сабралі на плошчы ўсіх жыхароў Ліпеня. Паліцэйскія з сабакамі хадзілі па хатах і выганялі тых, хто схаваўся і не хацеў ісці. На плошчы было цесна ад старых, жанчын, дзяцей. Немцы пастроілі ўсіх і скамандавалі:
— Яўрэі і камуністы — тры крокі ўперад!
Жанчына з дзіцем на руках зрабіла нясмелы крок і спынілася, аглядаючыся. Астатнія не варухнуліся.
— Не хочаце? — крыкнуў афіцэр. — Пан Лютар!
— Слухаю,— выцягнуўся Лютар у струнку перад немцам.
Той махнуў рукой.
Лютар з двума паліцэйскімі стаў абыходзіць рады і моўчкі тыцкаць пальцам у аднаго, другога, трэцяга. Паліцэйскія штурхалі гэтых людзей на сярэдзіну плошчы. Вось паліцай пацягнуў за каўнер Соню, Рыміну аднакласніцу. Соня ўпіралася, каўнер парваўся, і паліцай ударыў дзяўчынку па галаве. Яна ўпала, моцна стукнуўшыся аб зямлю. Маці падняла яе, і яны стаялі цяпер на сярэдзіне плошчы, прыціснуўшыся адна да адной і бездапаможна азіраючыся.
Вось ля іх ужо стаіць доктар, які лячыў Рыму і заўсёды, калі прыходзіў, казаў: «Пакажы язык». Тады Рыме было смешна. А цяпер страшна. Настаўнік гісторыі аглядаецца навокал, быццам развітваецца з усімі. Вывелі жанчыну з маленькім дзіцем, якога яна трымала на вышыванай падушачцы.
Нямала людзей апынулася на сярэдзіне плошчы. Іх абкружылі салдаты з аўтаматамі і паліцэйскія і павялі на мост. Астатніх таксама павялі, толькі ў другой калоне. Рыма не хацела ісці. Яна звярнула ўбок, але немец балюча ўдарыў яе ў плячо прыкладам аўтамата.
Першую калону выстраілі ля парэнчаў. Пачуліся стрэлы, нечалавечы крык і ўсплёскі вады. Рыма заплюшчыла вочы, у яе закружылася галава, і яна ледзьве не ўпала. Браты падхапілі яе пад рукі, яна моцна, да болю ў сківіцах сціснула зубы і застагнала.
— Глядзіце, усе глядзіце! — крычаў пранізлівы голас.— Трэба было самім гэта зрабіць раней, тады не было б вайны...
Потым стала ціха. Рыме здалося, што ўсе разышліся. Яна расплюшчыла вочы і ўбачыла белыя твары людзей.
Мост і парэнчы былі ў крыві, а рака па-ранейшаму несла і несла хвалі. Яны прыбівалі да пясчанага берага маленькую падушачку з вышытымі блакітнымі васількамі.
Увесь вечар Рыма праплакала. У яе вушах стаяў крык, а перад вачыма кружылася на вадзе вышытая падушачка.
«Што гэта робіцца? Як можна без прычыны, без віны забіць столькі людзей? За што?»