Выбрать главу

— Саша, аддай зэдлічак Вову (Віцю, Юрку, Толіку)! Яшчэ насядзішся.

Дзе ім было зразумець гэту дзіцячую рэўнасць уласніка, які імкнецца

зацвердзіцца ў сваіх правах менавіта цяпер - на вачах у гаманлівых стрыечных братоў, што выхопліваюць такую каштоўную “рухомасць”!..

Галоўным святам майго дзяцінства была першамайская дэманстрацыя. Зранку мама будзіла мяне, і мы ішлі на фабрыку. Там выбудоўвалася калона: наперадзе кіраўніцтва “тытунёўкі” на чале са страшэнна падобным ці да Хрушчова, ці да Чэрчыля Сяргеевым, потым - цэхі. Мамчын цэх, вечны пераможца, ішоў першым. Мама свяцілася, і ўсе вакол свяціліся бясконцай радасцю. Г еліем надзімаліся велізарныя, як мне тады здавалася, каляровыя шары. Іх прывязвалі на тонкія галінкі з маладзенькімі лісточкамі, а калі вясна была ранняй - то кветкамі чаромхі. Г раў акардэон, цётачка Ліда Бутрымовіч і цётачка Вера Кардабнёва ўсміхаліся, дзядзька Валодзя Сягоднік паліў цыгарэту. Павел Пятровіч Сяргееў абарочваўся:

— Валя, у цябе парадак? Тады пайшлі.

І калона рухалася наперад, з шарамі, кветкамі і транспарантамі. Кветкі былі з прыгожай папяроснай паперы, велізарныя, тэатральна цудоўныя. Іх пялёсткі накручвалі на алоўкі, каб надаць ім дадатковую кудлатасць. Я прыносіў часам некалькі такіх у школу.

Калона “тытуннікаў” праходзіла праз Стары мост, паварочвала на вуліцу Парыжскай Камуны, адтуль - праз Сацыялістычную - на Ажэшкі, паўз галоўны ў маім жыцці кінатэатр - “Чырвоная Зорка”. На Савецкай вуліцы ўтвараўся затор: калоны прадпрыемстваў і навучальных устаноў выбудоўваліся ў чаргу адпаведна месцам у сацспаборніцтве. “Тытунёўка” прыносіла вялікія грошы дзяржаве, але яна была “шкодным” прадпрыемствам, таму наперад яе не прапускалі. Мы стаялі ў заторы гадзіну, другую, вясёлыя і шчаслівыя. Мама смяялася і жартавала. Яна была яшчэ маладой - каля пяцідзесяці гадоў. Усё было наперадзе. Ці здавалася, што было наперадзе.

...Я не памятаю, калі пайшоў у адстаўку Сяргееў і на фабрыку прызначылі новага дырэктара - Ігара Іосіфавіча Багдановіча. Ён быў чалавекам з вышэйшай адукацыяй - старым бездыпломным сяргееўскім “кадрам” не дужа давяраў. І калі пры Сяргееве мама - старшы майстар цэха - была яго паўнаўладнай гаспадыняй, то Багдановіч яе адсунуў. Пасада начальніка цэха, якая патрабавала адукацыі, і таму доўга вакант­ная пры Сяргееве, была запоўнена. Г эта было зразумела: маме даўно ўжо споўнілася 50 гадоў, а для жанчын-”тытунніц” гэта пенсійны ўзрост. Мама пабурчэла, але пайшла да Багдановіча і папрасіла яго даць ёй дапрацаваць, пакуль я не скончу школу і ўніверсітэт. Да гонару Ігара Іосіфавіча, ён не стаў помсціць маме, якая пераўтварылася ў лідара кухоннай апазіцыі, хоць ікаць яму, калі яна з сяброўкамі перабірала косці новага дырэктара, даводзілася, верагодна, не раз. Маму пакінулі, але перавялі ў тытунёвы, а потым у тарны цэх. Гэта было паніжэнне. Але выхаду не было: ці гонар, ці заробак. Выбіраць не даводзілася.

За ўсё сваё працоўнае жыццё - а “тытунёўцы” мама аддала больш за 35 гадоў - Валянціна Іосіфаўна Фядута зарабіла тры тысячы савецкіх рублёў. Менавіта гэтулькі яна здолела адкласці на ашчадкніжцы. Гэта лічба валодала нейкай сакральнасцю. Сама мама казала так:

— Тры тысячы. Тысяча табе на вучобу, тысяча на вяселле, тысячу мне на пахаванне.

Ні на вяселле маё, ні на мамчына пахаванне гэтыя грошы марнаваць так і не прыйшлося. Грошы скончыліся пры маміным жыцці і яшчэ да майго вяселля. Гэта значыць, намінальна яны яшчэ былі, але фактычна гэтая драбяза грашыма ўжо не была.

Гайдараўскія рэформы, якія пылінкай уцягнулі ў сябе суверэнную Беларусь, маму разарылі, але яна гэтага не зразумела. Выдаткаваўшы ты­сячу на тое, каб студэнт Аляксандр Фядута не адчуваў дэфіцыту сродкаў падчас вучобы, яна трымалася за рэшткі рахунку на сваёй ашчадкніжцы з той зацятасцю, з якой тапелец хапаецца за трэснутае, але яшчэ не цалкам садзьмутае выратавальнае кола. На ўсе мае заклікі прыватызаваць нашу гарадзенскую “палутарку” мама адказвала катэгарычнай адмовай. Зламала яе раніца 7 студзеня 1992 года, калі я выпраўляў яе з Мінска на радзіму. Я павінен быў ехаць у Рэчыцу на нейкі педагагічны семінар, таму мама, якая сустрэла Новы год у мяне, у няўрочны дзень памкнулася ў Г ародню. Мы стаялі каля аўтобуса, спрачаліся, як раптам кіроўца зрабіў гучней радыё. І мы пачулі, што аднапакаёвая кватэра ў Маскве прададзена за астранамічную па тых часах суму - дваццаць тысяч даляраў.